Урачысты сход, прысвечаны100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі

  • 10

Беларускі народ набыў генетычнае непрыманне любой узброенай агрэсіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 лютага на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі.

"Прайшоўшы праз суровыя выпрабаванні сусветнымі войнамі і выстаяўшы ў іх, беларускі народ набыў генетычнае непрыманне любой ваеннай агрэсіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у беларусаў сёння няма жадання браць у рукі зброю. "Але ў свеце павінны ведаць, што і сёння мы гатовы абараніць сваю зямлю, свае сем'і, сваю незалежнасць. Павышэнню абараназдольнасці дзяржавы і далей мы будзем удзяляць першарадную ўвагу, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Порах трэба трымаць сухім, гэта не я прыдумаў, і не мы з вамі. Гэта аксіёма, наша гісторыя, нашы ўрокі і памылкі. Мы пастаянна будзем удасканальваць нашы навыкі і ўменні абараняць Айчыну".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэтымі днямі адзначаецца векавы юбілей Узброеных Сіл - гэта не толькі нагода азірнуцца назад, але і магчымасць ацаніць перспектывы іх развіцця.

Гісторыя беларускіх Узброеных Сіл пачалася з нараджэння Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якой наканавана было адыграць вырашальную ролю ў станаўленні і захаванні дзяржаўнасці нашай краіны. "Той няпросты гістарычны перыяд пакінуў нам вялізную колькасць трактовак і інтэрпрэтацый. Аднак мы павінны помніць галоўнае: менавіта тыя людзі і тая Чырвоная армія дапамаглі нам выжыць і адбыцца як нацыі. Гэта неаспрэчная праўда, якую мы павінны захаваць і перадаць наступным пакаленням", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Сапраўдным выпрабаваннем для беларускага народа стала Вялікая Айчынная вайна, у якой змагалася 1,5 млн суайчыннікаў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. У Беларусі разгарнуўся адзін з самых масавых партызанскіх рухаў. Паўмільёна партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу з захопнікамі на акупіраванай тэрыторыі.

"Увесь народа ад малога да вялікага, які знаходзіўся тут у Беларусі, на акупіраванай тэрыторыі, змагаўся за свой кавалак зямлі, за сваю зямлю, абараняючы сваіх дзяцей і сем'і. Цяжка дасталася нам гэта вайна, кожны беларус помніць яе цану, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Дата 23 лютага непарыўна звязана з Савецкай арміяй, якая забяспечыла ў другой палавіне дваццатага стагоддзя стратэгічны парытэт на планеце і зрабіла ірацыянальнай ядзерную вайну".

Важкі ўклад у падтрыманне высокай абараназдольнасці краіны ўнесла Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга, сказаў кіраўнік дзяржавы. Створаныя на яе базе Узброеныя Сілы незалежнай Беларусі сталі гарантам яе бяспекі і суверэнітэту.

"Пасля іх глыбокага пераўтварэння была створана новая сістэма кіравання войскамі, сфарміраваны камандаванне ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, сілы спецыяльных аперацый, выбудавана айчынная мадэль ваеннай адукацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

За кароткі прамежак часу, каля 15-17 гадоў, беларуская армія некалькі разоў мадэрнізавалася і прыстасоўвалася да вядзення вайны ў рэзка зменлівых умовах. "Мы вывучалі вопыт канфліктаў і войнаў на планеце, як губка, успрымалі гэтыя ўрокі і спрабавалі стварыць кампактную, невялікую армію, але здольную абараніць у любы момант нашу дзяржаву і народ. Прынятыя меры далі магчымасць эфектыўна процістаяць сучасным выклікам і пагрозам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак развіццё ваеннага патэнцыялу краіны з'яўляецца бесперапынным працэсам, заўважыў беларускі лідар. Гэта абумоўлена сітуацыяй, што складваецца як у свеце, так непасрэдна каля граніц рэспублікі. "Беларусь па прычыне свайго геаграфічнага становішча і адкрытасці зведвае ўздзеянне большасці палітычных падзей, што адбываюцца за мяжой", - канстатаваў ён.

"Мы жывём у эпоху маштабнага перадзелу свету. Мэтанакіравана, абдумана падрываецца класічнае міжнароднае права і яго аснова - суверэнітэт дзяржавы. Каласальна ўзрос фактар ваеннай сілы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

У выніку ўмяшання асноўных геапалітычных ігракоў ва ўнутраныя справы шэрага дзяржаў, у тым ліку еўрапейскіх, справакаваны ўнутраныя ўзброеныя канфлікты, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Ажыццяўляецца паслядоўная мілітарызацыя Усходняй Еўропы, дзе разгортваюцца дадатковыя воінскія кантынгенты. Як вынік, у гэтым годзе істотна павялічацца ваенныя расходы гэтых краін", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"А гэта былі не проста дружалюбныя нам краіны. Гэта былі родныя нам краіны. Мы зусім нядаўна, пры нашай з вамі памяці, знаходзіліся з гэтымі дзяржавамі ў адзіным абарончым блоку - Варшаўскім дагаворы", - адзначыў беларускі лідар.

"Пасля распаду Савецкага Саюза нам клятвенна абяцалі, што НАТА на Усход пашырацца не будзе - трэба толькі ліквідаваць Варшаўскі дагавор. Ліквідавалі. Вядома хто. Нам за гэта не сорамна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шмат гадоў таму 23 лютага, яшчэ ў пачатку сваёй прэзідэнцкай кар'еры, ён папярэджваў усіх, што гэта найвялікшая памылка: "Што мы, разваліўшы ўласную краіну, ідзём з тых тэрыторый, якія былі нам падкантрольныя пасля Другой сусветнай вайны. І, больш таго, разбураем нашу абарончую прастору. Ніколі краіны Альянсу не будуць выконваць свае абавязацельствы па непашырэнні. Так яно і адбылося. Разваліўшы сваю краіну ўласнымі рукамі, мы пачалі планамернае знішчэнне ўсяго таго, што было набыта ў гады Савецкага Саюза".

"Але жыццё нас ударыла балюча па галаве, а Гасподзь пашкадаваў, што нас, расчляніўшы, не зняволілі без вайны. І мы апамятаваліся, што вельмі мала ў нас сяброў. А тыя, якія ў сябры запісваюцца, ілгуць. І нам давялося на маршы чатыры разы мадэрнізаваць сваю армію, аптымізаваць. Гэта каштавала нятанна. І гэта, тым больш, не матэрыяльна, а маральна і духоўна дорага абышлося беларускаму народу, як і расіянам, народам некалі Савецкага Саюза", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У адпаведнасці з ваенна-палітычнай абстаноўкай, якая складваецца, наша рэспубліка паслядоўна рэалізуе меры па захаванні сваёй незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. "Беларусь не разглядае, згодна з Ваеннай дактрынай, ні адну з дзяржаў у якасці праціўніка, асуджае любы ваенны канфлікт і прытрымліваецца прынцыпу мірнага ўрэгулявання спрэчак, таму што мы ведаем цану вайны", - заявіў Прэзідэнт.

У той жа час Беларусь гатова адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы ўзброеным шляхам. У гэтым і ёсць прызначэнне беларускай арміі, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што сёння войскі Беларусі могуць выконваць усе ўскладзеныя на іх задачы, яны ўкамплектаваны ўсім неабходным, кампактныя і мабільныя.

Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця Узброеных Сіл з'яўляецца іх аснашчэнне новым, а таксама мадэрнізаваным узбраеннем і тэхнікай, звярнуў увагу Прэзідэнт. Значную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае беларускі абаронна-прамысловы комплекс.

"Вывучаючы горкі вопыт апошніх канфліктаў, сутыкненняў і войнаў, мы зразумелі, што той вайны, якую мы перажылі, не будзе на нашай зямлі. Не будзе франтоў, танкаў і артылерыі, не будуць кучамі лятаць самалёты: вельмі развіта сучасная зброя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння неабходна развіваць высокадакладную зброю. І Беларусь працуе ў гэтым напрамку, распрацоўваючы ўласнае ўзбраенне. За дапамогу ў гэтай сферы Кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць кітайскаму боку.

Першым узорам высокадакладнай зброі, якая паступіла ў беларускую армію, стала айчынная рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз". А ўжо ў кастрычніку 2017 года ў час выпрабаванняў пацверджаны магчымасці гэтай зброі з новай ракетай, якая дазваляе паражаць аб'екты на адлегласці амаль 300 км. "Гэта сістэма перасягнула нашы чаканні. Яна ўжо сёння карыстаецца попытам замежных дзяржаў. І мы пачалі вытворчасць гэтай вельмі дарагой зброі для некалькіх дзяржаў свету, аснашчаючы і сваю армію", - расказаў Прэзідэнт.

Для развіцця проціпаветранай абароны створаны новы айчынны зенітны ракетны комплекс сярэдняй далёкасці, які можа знішчаць паветраныя цэлі, у тым ліку беспілотныя лятальныя апараты і крылатыя ракеты.

Акрамя таго, распрацавана лінейка беларускіх лёгкабраніраваных аўтамабіляў. Пачата вытворчасць і спланавана пастаўка ў войскі айчынных баявых машын "Кайман". "Мы стварылі самыя сучасныя мабільныя падраздзяленні ў нашых Узброеных Сілах, у выпадку канфлікту яны разварочваюцца на працягу дзвюх-трох гадзін. Яны павінны быць мабільнымі, і перад намі стала задача: а як перакідваць падраздзяленні ў патрэбную кропку ваеннага канфлікту. І трэба было ствараць самыя сучасныя браніраваныя аўтамабілі. Мы іх стварылі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прадаўжаюцца ў Беларусі і работы па мадэрнізацыі і выпрабаванні ўдарных і разведвальных беспілотных авіяцыйных комплексаў. "Вайна ўсё больш прыходзіць да таго, што ў самалётах не будуць сядзець людзі, у танках таксама не будзе ваеннаслужачых. Усё больш і больш гавораць аб тым, што будуць ваяваць робаты. Беспілотныя авіяцыйныя комплексы - гэта і ёсць тыя робаты, якія без знаходжання ўнутры людзей могуць нанесці непапраўную шкоду праціўніку", - сказаў Прэзідэнт.

Акрамя гэтага, на працягу бліжэйшых гадоў плануецца закупіць і паставіць у войскі станцыі спадарожнікавай сувязі і мабільныя тэлекамунікацыйныя комплексы.

Немалаважнае значэнне ў падрыхтоўцы войскаў удзяляецца абучэнню салдат і афіцэраў сучасным спосабам вядзення вайны, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Пры ўзнікненні ваеннай пагрозы мы павінны быць гатовы да забеспячэння ўсенароднай абароны Беларусі. 70 тыс. ваеннаслужачых нашай арміі не забяспечаць абарону нашай дзяржавы. Урокі мінулых войнаў і асабліва вайны, якая пракацілася па нас, вучаць нас, што зямлю трэба абараняць усім народам. Для гэтага прадаўжаецца ўдасканаленне сістэмы тэрытарыяльнай абароны. У выпадку ваеннага канфлікту мы можам на працягу кароткага прамежка часу паставіць пад ружжо паўмільёна чалавек і сіламі тэрытарыяльнай абароны забяспечыць абарону важнейшых аб'ектаў. У гэтым сутнасць нашай абароннай дактрыны", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Вопыт ваеннага будаўніцтва ў Беларусі цяпер запатрабаваны ў дзяржавах блізкага і далёкага замежжа. Пастаянная ўвага ўдзяляецца развіццю сумесных праектаў забеспячэння бяспекі. "Усё больш і больш дзяржаў свету просяць нас, каб мы іх ваеннаслужачых, аж да самага высокага ўзроўню, навучалі ў нашай Ваеннай акадэміі, не бясплатна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Сярод асноўных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва адным з важнейшых з'яўляецца далейшае ўмацаванне двухбаковых сувязей з Расійскай Федэрацыяй. "Аб высокім узроўні нашага ваеннага ўзаемадзеяння сведчыць праведзенае ў мінулым годзе стратэгічнае вучэнне "Захад-2017", яно мела беспрэцэдэнтна адкрыты характар. Міжнародныя наглядальнікі змаглі ўбачыць сваімі вачамі выключна абарончую накіраванасць гэтага мерапрыемства", - канстатаваў Прэзідэнт.

Паслядоўна развіваецца ваеннае, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і з іншымі краінамі, перш за ўсё з дзяржавамі - членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе Беларусь старшынствавала ў АДКБ. Па ініцыятыве рэспублікі ў двух рэгіёнах з удзелам нацыянальных воінскіх кантынгентаў паспяхова прайшло вучэнне "Баявое братэрства-2017".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што самае каштоўнае ў арміі - гэта людзі. Моцныя духам, адданыя сваёй радзіме і абавязку. "Павышэнне прэстыжу ваеннай службы, умацаванне афіцэрскага корпуса, рост яго прафесіяналізму і з'яднанасці застаюцца для нас прыярытэтнымі напрамкамі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяперашнія афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты і салдаты з'яўляюцца дастойнымі нашчадкамі пакалення воінаў-пераможцаў. "Упэўнены, што вы з гонарам апраўдаеце высокі давер нашага народа", - адзначыў ён.

Звяртаючыся да ветэранаў, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, нягледзячы на ўзрост, яны па-ранейшаму ў страі, поўныя аптымізму і жыццёвых сіл. Аляксандр Лукашэнка выказаў ім словы ўдзячнасці за бясцэнны ўклад у патрыятычнае выхаванне будучых абаронцаў Айчыны, за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. "Вы былі і застаяцеся ўзорам для пераймання, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вы, савецкія генералы і афіцэры, афганцы і ўсе тыя, хто з гонарам сёння нясе сцяг Перамогі мая 1945-га".

На думку Прэзідэнта, віншаванняў з Днём абаронцаў Айчыны заслугоўваюць не толькі мужчыны, цяперашнія і будучыя абаронцы радзімы, але і прадстаўніцы слабага полу. "Усе нашы жанчыны сёння, можна сказаць, ваенныя. Тыя, хто знаходзяцца ў тыле мужчын, якія служаць, хіба не ваенныя? Тыя, хто змагаюцца разам з намі ва Узброеных Сілах, і нават тыя дзяўчаты, якія сёння прынеслі нам чарговую перамогу ў Карэі, яны таксама ваенныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.