У Беларусі змяняецца парадак аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі

    У Беларусі становіцца больш строгім парадак аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі. Гэта прадугледжана Указам № 10, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 студзеня.

    Дакумент уносіць шэраг змяненняў ва Указ ад 23 сакавіка 2016 года № 106 "Аб дзяржаўных праграмах і аказанні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі".

    У прыватнасці, устаноўлена, што дзяржпадтрымка можа аказвацца ў выключных выпадках па рашэнні Прэзідэнта толькі ў выглядзе прадастаўлення бюджэтнай пазыкі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія прайшлі дзяржаўную комплексную экспертызу і маюць станоўчае заключэнне.

    Указам удакладнена кола асоб, якія могуць разлічваць на дзяржпадтрымку. У спіс трапілі юрыдычныя асобы - рэзідэнты Рэспублікі Беларусь (за выключэннем бюджэтных арганізацый, банкаў, Банка развіцця Беларусі, страхавых і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, калі іншае не ўстаноўлена кіраўніком дзяржавы) і індывідуальныя прадпрымальнікі.

    Пры гэтым умовай аказання дзяржпадтрымкі з'яўляецца дасягненне прадпрыемствам асноўных паказчыкаў дзейнасці: рэнтабельнасць продажаў, прадукцыйнасць працы, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Карэкціроўка паказчыкаў у далейшым забараняецца. Калі гэтыя паказчыкі не будуць дасягнуты, пазычальнік павінен будзе датэрмінова вярнуць бюджэтныя сродкі.

    Дакументам таксама ўведзены абавязак па штогадовым прадстаўленні пазычальнікам звестак аб дасягненні асноўных паказчыкаў, напрамках выкарыстання пазыкі і выкананні абавязацельстваў па дагаворы. Замацаваны механізм вызначэння льготных ставак па крэдытах, што выдаюцца ў якасці фінансавай падтрымкі пры рэалізацыі дзяржаўных праграм.