У Беларусі ствараецца Авіяцыйная інспекцыя
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 328, якім ствараецца дзяржаўная ўстанова "Авіяцыйная інспекцыя".
Падпарадкоўвацца новая арганізацыя будзе непасрэдна Дэпартаменту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Інспекцыя будзе ажыццяўляць шэраг функцый спецыяльна ўпаўнаважанага органа ў галіне грамадзянскай авіяцыі ў рамках міжнародных абавязацельстваў дзяржавы.
З'яўленне Авіяцыйнай інспекцыі дасць магчымасць дасягнуць неабходнага ўзроўню адпаведнасці сістэмы кантролю дзяржавы за забеспячэннем бяспекі палётаў міжнародным стандартам, а таксама ўзмацніць нагляд за бяспекай палётаў паветраных суднаў і авіяцыйнай бяспекай.