Сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандрам Стубам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітае развіццё супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і рэалізацыю праектаў у розных сферах. Аб гэтым ён заявіў 21 лістапада на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандрам Стубам.

"Наша сустрэча з вамі фактычна азначае новы этап у развіцці адносін з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Гэта гістарычны момант. Мы пераадолелі нямала бар'ераў, нямала было неразумення з двух бакоў, асабліва з заходняга боку. Сёння і Еўропа, і ўвесь заходні свет пераканаліся ў тым, што з Беларуссю можна мець справу, што Беларусь - гэта надзейны партнёр, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных, фінансавых адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што падпісанне пагадненняў з ЕІБ аб інвесціраванні праектаў, накіраваных на развіццё Беларусі, пацвярджае тое, што недастатковае разуменне паміж бакамі пераадолена.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер Беларусь вядзе работу з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам па крэдытах прыкладна на паўмільярда еўра. Ён падкрэсліў, што гэта значная сума і ўмовы выдачы крэдытаў прымальныя для краіны. "Мы дасканала адбіраем праекты для інвесціравання. Тое, што вы дапамагаеце праектам, звязаным з нашымі людзьмі, - жыллём, водаадвядзеннем, забеспячэннем вадой, інфраструктурай і дарогамі - вельмі важна для нас, і мы будзем надзейнымі партнёрамі ў гэтым плане", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Аляксандра Стубы з просьбай аб садзейнічанні ў развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Фінляндыяй, паколькі цяперашні віцэ-прэзідэнт ЕІБ займаў розныя высокія пасады ў гэтай краіне. "Я вас вельмі папрасіў бы дапамагчы ўстанавіць цесныя адносіны з Фінляндыяй. Гэта прыкладна такая ж, як Беларусь, краіна па тэрыторыі. Гэта краіна, якая мае высокія тэхналогіі", - адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў падабенства эканомік дзвюх краін і важнасць развіцця супрацоўніцтва на тэхналагічным узроўні.