Сустрэча з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам

  • 36
  • 5:10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае гатоўнасць беларускага боку прыняць актыўны ўдзел у плане індустрыялізацыі Таджыкістана. Аб гэтым ён заявіў 29 верасня на сустрэчы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

"Мы гатовы ўдзельнічаць у вашым плане мадэрнізацыі, індустрыялізацыі краіны і ўнесці той ўклад, які патрэбны для Таджыкістана, выканаць тую работу, аб якой мы дамовіліся ў маі (у ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан)", - заявіў беларускі лідар.

Гаворачы пра сумесную вытворчасць трактарнай тэхнікі ў горадзе Гісар, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь поўная рашучасці выканаць свае абавязацельствы. "Больш таго, мне сказалі, што сёння мы прададзім 300 трактароў беларуска-таджыкскай вытворчасці ў Афганістан. Тое, што мы і планавалі, марылі, што будзем працаваць на бліжэйшыя краіны", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падзякаваў Таджыкістану за гасціннасць і цеплыню, адзначыўшы, што гэта сказана не для пратакола. "Дзякуй вам за тую гасціннасць і цеплыню, з якой вы асабіста і вашы людзі прымаюць тут нас. Са мной прыехалі звычайныя людзі, якія мяне суправаджаюць. Учора хадзілі па Душанбэ і адзначылі, што таджыкі падобныя да беларусаў - гасціннасць, прымаюць, размаўляюць, гатовыя праводзіць куды захочаце, як толькі пачуюць, што мы з Беларусі. Вось гэта галоўнае. Нам з табой удалося стварыць атмасферу не проста нармальных зносін народаў, а гасціннасці адзін да аднаго. Такое стаўленне будзе і да таджыкаў у нашай краіне", - сказаў беларускі лідар.

Эмамалі Рахмон заявіў, што дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе афіцыйнага візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў маі бягучага года, паспяхова рэалізуюцца, нададзены магутны імпульс двухбаковым адносінам. "Сёння адкрываем завод (у Гісары) у поўным аб'ёме", - адзначыў ён.

Прэзідэнт Таджыкістана расказаў аб рэалізацыі іншых дамоўленасцей, у прыватнасці ў сферы садоўніцтва. Спецыялісты дзвюх краін ужо кантактавалі на гэту тэму, сумесная работа прадаўжаецца.

У цэлым кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб паскарэнні рэалізацыі ўсіх ранейшых дамоўленасцей.

Таджыкскі лідар таксама прадэманстраваў Прэзідэнту Беларусі залы ў Палацы Нацыі, упрыгожаныя драўлянай разьбой ручной працы ў нацыянальным стылі. У аддзелцы выкарыстоўваліся такія пароды дрэў, як сасна, дуб, бук. Ад пачатку праекта да канчатковай рэалізацыі прайшло менш як год. Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку рабоце таджыкскіх майстроў. "Гэта не проста прыгожа, гэта дзівосная праца", - сказаў ён. Эмамалі Рахмон паабяцаў, што пры неабходнасці Таджыкістан гатовы падзяліцца вопытам і выканаць такія працы ў Беларусі.