Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 35
  • 4

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 7 лютага правялі сустрэчу ў сочынскай Краснай Паляне ў доме прыёмаў афіцыйных дэлегацый "Лаўра".

Сустрэча пачалася ў фармаце рабочага снедання. Кіраўнікам дзяржаў падалі ежу і напіткі.

Пасля перагавораў у фармаце сам-насам да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены афіцыйных дэлегацый.

"Мы сапраўды пра многае пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў у нашым сумесным жыцці ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных дат і момантаў (яны вядомы). І не толькі абмеркавалі пытанні, як Уладзімір Уладзіміравіч сказаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, але якія датычацца і многіх нашых суседзяў, былых краін Савецкага Саюза, той палітыкі, што цяпер праводзіцца намі, імі. Пра многае пагаварылі, дайшлі да сучаснасці і вырашылі ўжо не сам-насам, а з тымі, хто ўключаны ў гэты працэс, прадоўжыць нашу размову", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі дзяржаў вырашылі потым зрабіць паўзу і прадоўжыць перагаворы ў пашыраным складзе пасля прыбыцця астатніх членаў расійскай дэлегацыі, якія не змаглі своечасова прыехаць у Сочы з-за дрэнных умоў надвор'я. "У нас у праграме ёсць і іншыя пытанні. Калі прыедуць члены расійскай дэлегацыі сюды (неба нібыта праяснілася ўжо), тады мы і прадоўжым нашу размову. А наогул ёсць аб чым гаварыць, ёсць над чым працаваць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У перапынку паміж перагаворамі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выйшлі на лёд спартыўна-культурнага комплексу "Галактыка" для ўдзелу ў таварыскім хакейным матчы. Прэзідэнты разам гулялі за адну каманду, якая ў выніку перамагла з лікам 13:4.

У пачатку новага раўнда перагавораў Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў першай частцы бакі даволі падрабязна абмеркавалі ўсе пытанні, якія ёсць у парадку дня. "Цяпер можна ўдакладніць. Ужо ў пашыраным складзе", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Ён таксама адзначыў, што гэта магчымасць для беларускага боку і Прэзідэнта пазнаёміцца з новымі членамі ўрада Расіі.

"Дзякуй. Я ўжо з імі добра пазнаёміўся, мы паразмаўлялі", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы спартыўнай тэрміналогіяй, Прэзідэнт вобразна выказаўся, што прадаўжэнне перагавораў - гэта пяты тайм ужо, уключаючы хакейны матч. "Таму мы плённа сёння папрацавалі. І дзякуй, што вы прапанавалі правесці гэту сустрэчу", - дадаў беларускі лідар.