Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 27

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае каласальны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Расіяй, у тым ліку па лініі саюзнага будаўніцтва. Аб гэтым ён заявіў 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што значныя дасягненні ёсць як у сацыяльнай сферы, так і ў эканамічным узаемадзеянні. "Зроблена нямала. Чамусьці мы не заўсёды і не ўсё гаворым, што зроблена. Мы сапраўды зрабілі вельмі шмат. І не толькі ў сацыяльным плане, для нашых людзей. Мы вельмі шмат зрабілі ў эканоміцы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі і Расіі створана адзіная абарончая прастора, проціпаветраная абарона, групоўка войскаў, а таксама адзіная прастора для работы спецслужбаў.

"Ніякіх праблем у Расіі няма для палётаў над Беларуссю. Мы заўсёды забяспечваем выключна прыстойна. У нас ніколі не было з вамі пытанняў наконт перавозак авіятранспартам. Нашы аэрапорты працуюць вельмі эфектыўна. Нават з нашымі абласцямі працуюць нядрэнна", - дадаў Прэзідэнт.

"Мы заўсёды канстатавалі, што ў нас няма ніякіх пытанняў да нашых дыпламатычных ведамстваў. У нас адзіная граніца, мытня на захадзе. 110 млн т грузаў перамяшчаецца сёння з усходу на захад і з захаду на ўсход праз Беларусь. Гэта працуюць адзіная мытня, граніца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што кампанія "Беларуснафта" вярнулася да работы ў Расіі. Прычым не толькі аказвае сэрвісныя паслугі, рэанімуючы старыя радовішчы, але і здабывае нафту сумесна з іншымі кампаніямі.

"Каласальны прагрэс. І ў эканоміцы, калі гаварыць аб людзях, сёння Беларусь купляе ў вас не толькі сыравіну, але і камплектуючыя. На прадпрыемствах у Расіі, з якімі маюць кантакты нашы прадпрыемствы, вырабляючы фінішную прадукцыю, працуюць больш за 10 млн расіян. Мы звычайна памнажаем, калі сям'я, на 4. Уявіце, колькі людзей завязаны на наш з вамі тавараабарот і сумесную вытворчую кааперацыю", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

"Таму ў прынцыпе з развалам Савецкага Саюза мы ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сацыяльнай сферы далёка адзін ад аднаго не адышлі. Гэта таксама вялікае дасягненне дагавора (аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. - Заўвага). Калі мы і не рэалізавалі тыя пункты, якія там прапісаны, то мы не разбегліся, як гэта ёсць, дапусцім, у Расіі з іншымі рэспублікамі постсавецкай прасторы (не толькі з Прыбалтыкай або Украінай). Гэта таксама дасягненне, што намі зроблена за апошнія гады. Але вы правільна сказалі: ёсць над чым працаваць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Уладзімір Пуцін у сваім уступным слове звярнуў увагу, што сустрэча праходзіць непасрэдна перад мерапрыемствамі на вышэйшым узроўні ў інтэграцыйных фарматах. "Зусім нядаўна 8 снежня мы адзначылі 20-годдзе падпісання саюзнага дагавора. Хачу адразу сказаць: нягледзячы на тое, што многае (мы з вамі гэта канстатавалі) не зроблена, усё ж такі вынікі работы ў рамках гэтага дакумента значныя. Мы калі пачыналі гэты працэс, тавараабарот быў $9 млрд. Цяпер ён $35,5 млрд. Гэта бачны вынік. Акрамя таго, ёсць пытанні, якія мы вырашылі ў сацыяльнай сферы", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Ён таксама асабліва падкрэсліў, што вопыт, атрыманы Беларуссю і Расіяй у рамках двухбаковага саюзнага будаўніцтва, пасля шырока выкарыстоўваўся пры фарміраванні інтэграцыйных аб'яднанняў, у тым ліку ЕАЭС.

"Ведаю, што нашы калегі актыўна працавалі пасля нашай папярэдняй сустрэчы (у Сочы 7 снежня. - Заўвага). Вельмі рады вас бачыць для таго, каб гэту дыскусію прадоўжыць", - дадаў расійскі лідар.


Каменціруючы праведзеную сустрэчу і абмеркаванне беларуска-расійскага парадку дня, Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што Беларусь і Расія канцэптуальна дамовіліся па энерганосьбітах, цэны вызначаць у бліжэйшыя дні.

"Сёння мы даручылі кіраўнікам групы - Крутому і Арэшкіну - праінфармаваць аб тым, якія пытання зняты. Зразумела, засталіся самыя складаныя пытанні. Але толькі ў лічбах - энерганосьбіты. Але канцэптуальна дамовіліся, што ў будучым годзе Беларусь купляе ў Расійскай Федэрацыі прыкладна 20 млрд куб.м газу. Абмежаванняў тут няма. Можна і 22 млрд куб.м. З уводам атамнай станцыі, зразумела, мы на 4-5 млрд куб.м менш будзем закупляць. Таму па аб'ёмах мы дамовіліся, і па нафце дамовіліся, што купім у Расіі 24-25 млн т нафты. Цэны будуць не вышэйшыя за ўзровень бягучага 2019 года", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, канкрэтныя цэны будуць вызначаны ў бліжэйшыя дні. "Па нафце на працягу двух дзён будзе цана. А па газе, думаю, 2-3 дні. У аўторак у "Газпраме" спецыялісты сустрэнуцца, і ўжо будуць канкрэтныя лічбы. Але ў цэлым цана застаецца на ўзроўні бягучага года", - удакладніў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, ці спатрэбіцца яшчэ дадаткова сустракацца з Уладзімірам Пуціным да канца бягучага года або ў пачатку наступнага, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі спатрэбіцца, так. Мы з ім перагаворым па тэлефоне ў бліжэйшы час. Ёсць у нас там некалькі праблем, якія мы павінны вырашыць, - прэзідэнцкія пытанні. І ў выніку размовы, калі нам спатрэбіцца сустрэча, вядома, мы ў любы час, у любым месцы, у Расіі ці ў Беларусі, сустрэнемся".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў цэлым бакі задаволены ходам перагавораў. "Усе задаволены. І Прэзідэнт Расіі, і Прэзідэнт Беларусі. І міжурадавая група. У цэлым мы задаволены ходам і вынікамі", - рэзюмаваў ён.