Сустрэча з прэзідэнтам ІААФ Себасцьянам Коэ і прэзідэнтам ЕЛА Свенам Арнэ Хансэнам

  • 12

Для Беларусі вялікі гонар прымаць лёгкаатлетычны матч Еўропа - ЗША, заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 9 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ) Себасцьянам Коэ і прэзідэнтам Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі (ЕЛА) Свенам Арнэ Хансэнам.

"Вы сталі сапраўднымі сябрамі Беларусі, я гэта шчыра кажу", - падкрэсліў Прэзідэнт, вітаючы гасцей. Кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці кіраўнікам Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый і Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі за рашэнне праводзіць гэты матч у Мінску. "Вы пераступілі цераз розныя ўмоўнасці, якія былі ў свой час у адносінах да Беларусі, і выканалі невыканальнае, калі паабяцалі папрацаваць над тым, каб гэта сённяшняя і заўтрашняя падзея - гіганцкі матч паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай - адбыўся ў нас, у Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Прымаць такое мерапрыемства - гонар для любой краіны, і для нас таксама, - сказаў беларускі лідар. - Я разумею, што буду многім вам абавязаны. Паверце, што мы ніколі не былі вялікімі даўжнікамі, мы абавязкова дабром адкажам на ваш клопат, перш за ўсё па развіцці лёгкай атлетыкі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тыя намаганні, якія прыкладае ІААФ у барацьбе з допінгам. "Вашы парады па барацьбе з допінгам, вашы прапановы па правядзенні вялікіх спаборніцтваў, удзеле беларусаў у іх для нас бясцэнныя", - дадаў Прэзідэнт.

"Калі вы вырашыце аднойчы правесці ў нас чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы або этапы розных відаў спаборніцтваў, вы аб гэтым не пашкадуеце. Ведайце, што ў вас тут добрыя і надзейныя сябры", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама закрануў раней абмяркоўваемую тэму стварэння ў Беларусі рэгіянальнага цэнтра па лёгкай атлетыцы: "Ведайце, што мы гэту ідэю абсалютна падтрымліваем і гатовы пачаць гэту работу хоць заўтра, у нас для гэтага ёсць усё неабходнае".

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь адназначна падтрымлівае кандыдатуру Себасцьяна Коэ на маючых адбыцца выбарах кіраўніцтва ІААФ.

На заканчэнне сустрэчы бакі абмяняліся падарункамі. Кіраўнік дзяржавы падарыў гасцям па эксклюзіўным наборы шакаладу. У сваю чаргу Прэзідэнту Беларусі ад Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі ўручылі традыцыйны швейцарскі званок. Такі падарунак абумоўлены тым, што штаб-кватэра ЕЛА знаходзіцца ў Лазане.