Сустрэча з Прэзідэнтам Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў шэйхам Ахмадам аль-Фахадам аль-Сабахам
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на далейшае паглыбленне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Асацыяцыяй нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (АНАК) ва ўсіх сферах. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 5 снежня на сустрэчы з Прэзідэнтам Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў шэйхам Ахмадам аль-Фахадам аль-Сабахам.
"Тэма спорту вострая сёння асабліва. Вы як
член МАК шмат што можаце расказаць, і мы пагаворым аб спорце. Я вам удзячны, што
вы знайшлі час пабываць у нас у Беларусі. Думаю, гэта не апошняя наша сустрэча,
і вы часцей будзеце бываць у нас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні
далейшага павышэння ролі Асацыяцыі ў міжнародным алімпійскім руху. Прэзідэнт
Беларусі пацвердзіў паслядоўную пазіцыю аб тым, што АНАК можа адыгрываць больш
значную ролю ў прыняцці рашэнняў у алімпійскай сям'і.
Аляксандр Лукашэнка і шэйх Ахмад аль-Фахад аль-Сабах
таксама абмеркавалі тэматыку зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года, падрыхтоўку
да ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія Беларусь прыме ў 2019 годзе, правядзенне іншых
міжнародных спартыўных спаборніцтваў.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь даказала здольнасць
арганізоўваць мерапрыемствы сусветнага ўзроўню, і адзначыў магчымасць АНАК быць
больш глыбока ўключанай у працэс падрыхтоўкі і правядзення Еўрапейскіх
гульняў.
У сваю чаргу Ахмад
аль-Фахад аль-Сабах адзначыў, што рады чарговай сустрэчы з Аляксандрам
Лукашэнкам і магчымасці пабываць у Беларусі. Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці
за актыўны ўдзел беларускай дэлегацыі ў праведзенай нядаўна ў Празе Генеральнай
асамблеі Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. "Гэта было вельмі
паспяховае мерапрыемства", - дадаў Прэзідэнт АНАК.