Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 жніўня сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам. У якасці галоўнага пытання для абмеркавання Кіраўнік дзяржавы вызначыў комплекс беларуска-расійскіх адносін.

"Хацеў бы абмеркаваць з вамі шэраг пытанняў прынцыповага характару. Перш за ўсё з улікам праведзеных інтэграцыйных мерапрыемстваў на ўзроўні ўрадаў рэспублік постсавецкай прасторы. Якая сітуацыя наогул, калі паглядзець пад гэтым вуглом, у адносінах з Расійскай Федэрацыяй? Вядома, маючы той комплекс пытанняў і праблем, якія засталіся (няхай нават іх няшмат) пасля нашай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным). Якая цяпер сітуацыя, абстаноўка, ці дапрацаваны пытанні, якія заставаліся, і на чым цяпер спатыкаемся, калі можна так сказаць? Вось гэты комплекс беларуска-расійскіх адносін - галоўнае пытанне", - сказаў Прэзідэнт.

У якасці яшчэ адной тэмы для размовы Кіраўнік дзяржавы вызначыў беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва: "У нас нібыта і з Украінай цяпер нядрэнныя адносіны. Мы размаўлялі з Прэзідэнтам (Уладзімірам Зяленскім. - Заўвага). Яны прасілі нейкай падтрымкі. Як мы, аказваем - не аказваем?"

Аляксандр Лукашэнка закрануў і праведзеную ў гэты ж дзень сустрэчу з Прэм'ер-міністрам Грузіі Мамукам Бахтадзэ, на якой было ўзнята пытанне некаторых праблем з лагістыкай у двухбаковым гандлі транзітам праз Украіну. "Напэўна, ён вам аб гэтым скажа. У нас нешта там з лагістыкай праз Украіну - пастаўкі нашых тавараў у Закаўказзе. Не вельмі ладзіцца. Няхай дробязі, але гэта, напэўна, нашы недапрацоўкі. Таму што наўрад ці Украіна будзе перашкаджаць гандлю. Ім жа таксама выгадна, гэта транзітная краіна для нас у гэтых адносінах", - сказаў Прэзідэнт.

"І шэраг іншых пытанняў, якія ў вас ёсць. Я гатовы абмеркаваць і прыняць рашэнні", - дадаў беларускі лідар.

У час даклада Кіраўніку дзяржавы Сяргей Румас адзначыў: "Сёння сітуацыя ў эканоміцы збалансаваная. Выконваецца большасць якасных паказчыкаў, стабільная сітуацыя на грашовым рынку, фінансавым, валютным. Інфляцыя знаходзіцца ў запланаваных межах".

"Мы сёння атрымалі лічбы па заработнай плаце. Яна расце. І лічба па ліпені - Br1128. Сярэдняя зарплата нарастаючым падрахункам ужо Br1055. Гэта крыху вышэй за тыя параметры, якія планаваў Урад. І, адпаведна, гэта на нас накладвае дадатковыя абавязацельствы па пошуку сродкаў для таго, каб зарплаты бюджэтнікаў, пенсіі трымаліся на ўстаноўленых вамі ўзроўнях - 80% і 40% да сярэдняй заработнай платы", - сказаў у час даклада Сяргей Румас.

"Мы дамаўляліся нізкааплатных неяк падымаць: у сацыяльнай сферы - адукацыю, ахове здароўя - нянечак, работнікаў нізкага звяна. Яны ж людзі, трэба іх падтрымліваць неяк. Як у нас тут ідуць справы?" - задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння асноўны ўпор у дзейнасці Урада якраз на тым, каб нізкааплатныя катэгорыі атрымлівалі дастойную заработную плату", - адказаў Сяргей Румас.