Сустрэча з прадстаўнікамі навучэнскай моладзі

  • 17

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае моладзь шукаць шчасце перш за ўсё на радзіме. Аб гэтым ён заявіў 26 мая на сустрэчы з навучэнцамі "Моладзь. Погляд у будучыню", якая адбылася на базе адной са школ Мінска.

Жывая дыскусія і зацікаўлены абмен думкамі вяліся па самых розных пытаннях, ад удзелу ў грамадскім жыцці да часу пачатку вучэбных заняткаў, мерапрыемстваў у шосты школьны дзень, спартыўных захапленняў. Прэзідэнт адказаў на шматлікія пытанні школьнікаў, у тым ліку асабістага характару. Размова прадаўжалася каля трох гадзін.

"Менавіта пад нашым небам - Беларусі - вы зможаце быць у поўнай ступені шчаслівымі і ажыццявіць сваю мару", - упэўнены беларускі лідар.

Ён адзначыў, што, вядома, можна паехаць і за мяжу, як робяць некаторыя. "Мы нікога не ўтрымліваем", - дадаў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, як паказвае практыка, потым можа быць даволі складана зноў інтэгравацца ў родную краіну, знайсці сваё месца ў грамадстве. "Галоўнае - гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як Прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючым якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы - наша надзея, багацце краіны. І мы абавязаны зрабіць і будзем рабіць усё для таго, каб вы прыжыліся на гэтай зямлі, каб вы цанілі гэту зямлю і абаранялі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама ўпамянуў аб перспектыўных і цікавых маладзёжных праектах у розных рэгіёнах Беларусі. "Гэта заслугоўвае не толькі падтрымкі, але павагі ўжо. Гэтыя людзі робяць тое вялікае, што ўзнімае краіну, што напаўняе зместам усё наша жыццё. Калі будуць рэалізаваны гэтыя і іншыя праекты, яны прынясуць сусветную славу Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Да пачатку сустрэчы Прэзідэнт азнаёміўся з дасягненнямі дзіцячага і маладзёжнага руху "Лідарскія арыенціры - формула поспеху". Школьнікі прадэманстравалі ўласныя распрацоўкі і вынаходствы. Адна з іх - ўласнаручна сабраны 3D-прынтар.

У сваю чаргу мінскія гімназісты здзівілі Прэзідэнта макетамі страчаных помнікаў архітэктуры, якія яны аднаўляюць у рамках праекта "Нам засталася спадчына".

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Усе вучэбныя праграмы для сярэдняй школы да 1 верасня будуць абноўлены, гэта работа практычна завершана, далажыў Міністр адукацыі Ігар Карпенка. Прэзідэнту прадэманстравалі адзін з сігнальных экзэмпляраў новых падручнікаў, а таксама сучасную тэхналогію "ажываючых карцінак", для выкарыстання якой неабходна ўсяго толькі загрузіць спецыяльны дадатак на смартфон.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што акрамя зместу важна і афармленне падручнікаў, якое павінна быць прыгожым і фундаментальным, але разам з тым і практычным. "Шкадаваць грошы на падручнікі нельга", - сказаў ён.

У пытанні пачатку вучэбных заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага (пераносу пачатку вучэбных заняткаў) хочам. Я гаварыў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуванне на ўроку. Для таго каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта - здароўе дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка наведаў школьны музей дзяржаўнасці і па просьбе дзяцей сфатаграфаваўся з імі на памяць.

Адной з галоўных тэм адкрытай і нефармальнай размовы Кіраўніка дзяржавы з навучэнцамі стала тэма развіцця лідарскіх якасцей.

"Як Прэзідэнт я проста абавязаны надаваць асаблівае значэнне маладому пакаленню. Таму што бачу ў вас заўтрашні дзень", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што лідарскія якасці патрэбны ў самых розных сферах, кіраванне краінай гэта ці канкрэтная вытворчасць. "Вы можаце быць лідарамі і ў працоўных калектывах. Сапраўдны лідар - гэта не толькі кіраўнік вялікага прадпрыемства, старшыня гар-, райвыканкама або кіраўнік урада і Прэзідэнт. Сапраўдны лідар - ён заўсёды лідар і ў калектыве. Вельмі спадзяюся, што вы і ёсць такія людзі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што маладыя людзі змогуць дасягнуць пастаўленых мэт. "У краіне створаны ўсе ўмовы, каб ваша дарога па жыцці была паспяховай. Існуючая сістэма адукацыі дазваляе зрабіць усвядомлены выбар прафесіі і рэалізаваць тыя здольнасці, якімі вы валодаеце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама параіў школьнікам не траціць дарэмна каштоўны час у іх юныя гады. "У жыцці трэба рабіць усё ў свой час. Калі вы цяпер не зробіце тое, што павінны - атрымаць веды, пабудаваць фундамент свайго жыцця ў цэлым - заўтра ўжо будзе позна, - сказаў ён. - Цяпер жыццё вельмі спрасавана. Калі страціш год, заўтра не навярстаеш. У цябе не будзе гэтага часу. Твае равеснікі пойдуць наперад".

Ужо цяпер многія з дзяцей задумваюцца аб будучай прафесіі і ўступных экзаменах, а таму ўзнікла і тэма цэнтралізаванага тэсціравання.

"Мы сёння працуем над тэсціраваннем, каб яго наблізіць да школьнай праграмы. Ужо ў бягучым годзе новы міністр паабяцаў мне, што абсалютна ўсе тэсты будуць арыентаваны на школьныя праграмы. У гэтым годзе яны будуць абсалютна адпавядаць школьнай праграме", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён расказаў, што раней для складання тэстаў запрашалі прадстаўнікоў навуковых колаў, якія рабілі гэта на сваім узроўні. "І мы атрымалі, што ўсе нашы педагогі (вашы настаўнікі) летам станавіліся рэпетытарамі. І вы пачыналі вызубрываць. Не вучыцца нечаму, лагічна мысліць, а зубрыць, каб адказаць на тыя ці іншыя тэсты. Гэтага быць не павінна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў нейкай ступені ад тэстаў адмовяцца, асабліва гэта датычыцца паступлення на творчыя спецыяльнасці. "Мы гэта зрабілі яшчэ раней, але будзем пашыраць. Таму што ўсё ж такі за сухім перакрэсліваннем нейкіх лічбаў у тэсце выкладчык не бачыць чалавека. Гэта дрэнна", - упэўнены Прэзідэнт.

"Гэты год паглядзім, і ў будучым годзе канчаткова прымем рашэнне", - падагульніў ён.

Шмат часу ўдзельнікі сустрэчы ўдзялілі тэме вядзення здаровага ладу жыцця. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў энтузіязм школьнікаў, параіўшы больш займацца спортам, асабліва ў шосты школьны дзень.

Прэзідэнт таксама падтрымаў ініцыятыву аб стварэнні рэспубліканскага маладзёжнага парламента. Цяпер існуюць маладзёжныя палаты пра абласных саветах дэпутатаў і Мінскім гарадскім савеце. "Калі вы гэта хочаце зрабіць, я буду ўсяляк падтрымліваць. Я за, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Зрабіце хоць двухпалатны. Я абавязкова распараджуся, каб вас у пэўныя дні запускалі ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Працуйце".

Адказваючы на пытанні асабістага характару, Кіраўнік дзяржавы расказаў аб сваіх марах у дзяцінстве. "Я тады не думаў аб тым, каб стаць Прэзідэнтам. І думаць не мог. Па-першае, прэзідэнтаў у краіне не было. Былі генеральныя сакратары. Але я таксама не думаў аб тым, каб стаць нейкім там сакратаром", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

"Скажу шчыра і сумленна: у мяне было адзінае жаданне, паколькі я жыў не ў лепшай вёсцы, бачыў пакуты гэтых людзей, бачыў недахопы, бачыў, як яны жылі, у мяне было вялікае жаданне ўзяць якую-небудзь тэрыторыю, гаспадарку, і гэтым людзям зрабіць нешта добрае", - сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адным жаданнем у дзяцінстве быў прафесійны спорт і, у прыватнасці, футбол. "Я страшна любіў футбол і хацеў быць вялікім спартсменам. Але я не трапіў ні да якога трэнера, ды і размовы не магло быць. Як маглі, так і гулялі", - адзначыў беларускі лідар.

Ён таксама расказаў аб вучобе свайго малодшага сына Мікалая. "Калі вы думаеце, што ён у мяне там асаблівае дзіця, нічога падобнага. Як усе. У сем пад'ём, у восем на занятках, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Звычайная школа, звычайны вучань. Так, усе разумеюць, што гэта сын Прэзідэнта. Але, дзякуй богу, ён не любіць, калі на яго ўвагу звяртаюць больш, чым гэта патрэбна".

Гаворачы пра школьныя заняткі, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што не трэба перагружаць вучняў вялікай колькасцю ўрокаў і вельмі складаным матэрыялам, таксама як і празмерным аб'ёмам дамашняга задання. "Інакш атрымаем адваротную рэакцыю. Асабліва калі дзеці не разумеюць складанасць матэрыялу", - адзначыў ён.

Прэзідэнту таксама было зададзена пытанне адносна вывучэння гістарычных прадметаў у школе на беларускай мове. "Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням якой-небудзь дзяржаўнай мовы - у нас іх дзве - руская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці рускай мове ён будзе вывучаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы... Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш размаўляем, у тым ліку ў быце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым быце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што многія лічаць рускую мову выключна расійскай, але такі падыход няправільны. "Гэта наша мова. Мы на гэтай мове стагоддзямі размаўлялі. Мова - гэта жывое. Цяперашняя руская мова ўдасканальвалася з веку ў век. Яна стала такой дзякуючы таму, што мы ўклалі ў яе душу, рускія людзі ўклалі ў яе душу, і ўкраінцы не менш. І нават тыя народы, якія менш за нас размаўлялі на рускай мове. Мы гінулі за гэту мову. Гэта наша руская мова. Гэта вялікі здабытак", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Праўда ў тым, што ў нас ёсць і іншая мова, якая нас адрознівае ад іншых народаў. Дзяржава і народ маюць пэўныя адметнасці, у тым ліку сваю мову. Калі ў народа свая мова, значыць, гэта - народ. У нас такіх дзве. Мы багатыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не з'яўляецца прыхільнікам таго, каб штучна нешта насаджаць, інакш можа ўзнікнуць непрыманне. "З-за неразумення моўных праблем часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна", - адзначыў ён.

На сустрэчу з Прэзідэнтам былі запрошаны 300 чалавек са сталіцы і розных рэгіёнаў Беларусі. У іх ліку лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі 12-17 гадоў, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі дзіцячых і маладзёжных сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў.

Напярэдадні для школьнікаў арганізавалі экскурсію па адным з сучасных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту - Палацы Незалежнасці.