Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Сустрэча з Паслом Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенавым

28 лістапада 2017 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Паслом Казахстана Ергалі Булегенавым з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

"Перад афіцыйным візітам Прэзідэнта Казахстана ў нас добры ўступ да яго. Гэта ўжо добра. Што дрэнна - сябры ад'язджаюць. Жыццё дыпламатаў такое, як і ў ваенных. Адслужыў тэрмін - паехаў на іншую работу, на Радзіму, яшчэ куды-небудзь. Мы гэта разумеем. Але яшчэ раз падкрэсліваю: вы для нас чалавек не чужы. Вы рабілі вельмі шмат для таго, каб у нас былі добрыя адносіны паміж краінамі, вы рабілі ўсё, каб нашы народы былі блізкія", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца адносін з Казахстанам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта адна з самых блізкіх для Беларусі краін. "Мы ў эканамічным саюзе з вамі, у нас няма палітычных рознагалоссяў, мы аднолькава глядзім на парадак дня міжнародных адносін. Словам, разыходжанняў у нас няма практычна ніякіх. І ў гэтым вялікая ваша заслуга - ва ўмацаванні дружбы паміж Казахстанам і Беларуссю", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Спадзяюся, што вы назаўсёды застаняцеся сябрам беларускага народа, нашай дзяржавы, і дзе б вы ні працавалі ў далейшым, вы будзеце помніць, што частка вашага жыцця была прысвечана Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Ергалі Булегенаў падкрэсліў, што за гады дыпламатычнай работы ў Беларусі паспеў палюбіць яе і захавае аб краіне самыя цёплыя ўспаміны. Ён таксама адзначыў важнасць патрыятычнага выхавання, захавання  памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і яе героях, чаму ў Беларусі надаецца вялікае значэнне.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь