Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая Цуй Цымінам

  • 1

Беларусь разлічвае нарасціць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем, пераадолеўшы некаторае адставанне, якое ўзнікла ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 сакавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая Цуй Цымінам.

Прэзідэнт адзначыў, што для размовы з кітайскім паслом ёсць шэраг тэм, якія датычацца не толькі бягучага моманту, але і перспектыў супрацоўніцтва. "Нам ніхто і нішто, ніякія каранавірусы не перашкаджаюць развіваць двухбаковыя адносіны", - сказаў ён.

Каменціруючы развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я не заўважыў, што мы недзе праваліліся. Так, была паўза (вы ведаеце, яна не з Беларуссю звязана). Мы гэта ўспрымаем нармальна".

Цяпер, на думку Прэзідэнта, неабходна сканцэнтравацца на аднаўленні ўзаемадзеяння. "Не проста аднавіць наша супрацоўніцтва з Кітаем, але і нарасціць яго ў гэтым годзе, пераадолеўшы адставанне некаторае. Гэта ў нашых сілах. І мы гэта зробім", - падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да пасла, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Прашу, перадайце майму сябру, Старшыні КНР Сі Цзіньпіну, што мы яго ў Беларусі вельмі чакаем". Прэзідэнт адзначыў, што цяпер бакі прапрацоўваюць магчымасць маючага адбыцца візіту на вышэйшым узроўні. "У нас яшчэ ёсць час падрыхтавацца да яго, каб ён быў напоўнены патрэбнымі для дзвюх дзяржаў мерапрыемствамі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што з кітайскай падтрымкай у Беларусі рэалізуецца шэраг праектаў, у тым ліку па будаўніцтве басейна і стадыёна. "Гэта будуць узорныя будоўлі. Я хацеў, каб у цэнтры Еўропы былі гэтыя два кітайскія аб'екты, на якіх будуць праводзіцца (і мы ўжо маем пацвярджэнні міжнародных арганізацый) буйныя міжнародныя спаборніцтвы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь, прымаючы меры для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса, дзейнічае прафесійна і кропкава, зыходзячы ў тым ліку з вопыту Кітая.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: выпадкі захворвання на каранавірус, якія зафіксаваны ў Беларусі, з'яўляюцца завезенымі з-за мяжы. "У нас гэты вірус не развіваўся, і, больш таго, мы не з'яўляліся і не з'яўляемся нейкай кропкай, адкуль пачаўся гэты вірус", - адзначыў ён.

У той жа час, нягледзячы на вялікую колькасць грамадзян Кітая, якія прыязджаюць на работу ў Беларусь, не было ніводнага выпадку, каб яны прывезлі ў краіну каранавірус. "З завезеных каранавірусаў - ніводнага з Кітая. Тут працуе вельмі шмат грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі (і ў "Вялікім камені", і на іншых аб'ектах, і на БНБК, якую мы будуем з дапамогай кітайскага народа і крэдыту) - ніводнага факта, выпадку завезенага з КНР віруса. Мы вельмі акуратна працавалі і працуем. Не таму, што нічога не баімся, не ў гэтым справа", - звярнуў увагу беларускі лідар. - Мы спрабуем дзейнічаць прафесійна і кропкава, зыходзячы з вопыту вашага і нашага".

Аляксандр Лукашэнка адрасаваў словы асаблівай удзячнасці кітайскаму боку. "Мне кожную раніцу дакладваюць абстаноўку. Не было выпадку, каб мы задалі пытанне кітайскім спецыялістам, нашым сябрам, і яны нам не адказалі. Увесь горкі вопыт, якія яны назапасілі за гэтыя месяцы, яны шчодра перадаюць беларускім эпідэміёлагам, мікрабіёлагам, урачам і гэтак далей, - сказаў ён. - Дзякуй вам і ўсяму кітайскаму народу за тую дапамогу, якую вы нам цяпер аказваеце".

Прэзідэнт расказаў аб мерах барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса, якія прыняты ў краіне. "Мы вызначылі краіны, якія вельмі сур'ёзна кантралюем з пункту гледжання прыезду адтуль нашых людзей і грамадзян, дапусцім, Германіі, Францыі, Італіі. Мы ж краіну не закрывалі, ні з адной краінай не закрылі граніцу. Да нас прыязджаюць розныя людзі, але ў аэрапорце (у асноўным гэта паветраныя зносіны) мы самым сур'ёзным чынам кантралюем тых, хто прыбывае ў Беларусь", - растлумачыў ён. Пры неабходнасці тых, хто прыязджае, адпраўляюць на каранцін. "Праўда, ганьбяць нас усякімі рознымі словамі, што мы іх дарэмна затрымалі, але такая сітуацыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў гэты перыяд года ў Беларусі назіраецца традыцыйны пад'ём захваральнасці на вірусныя інфекцыі. Таму работнікам аховы здароўя трэба не забываць і пра пацыентаў з іншымі сур'ёзнымі захворваннямі. "Нам трэба не ўпусціць пытанне іншых хвароб, таму што ад каранавіруса ў нас яшчэ не загінуў ні адзін чалавек, а ад іншых хвароб людзі гінуць. Таму я папярэдзіў Міністэрства аховы здароўя, каб урачы ўдзялялі вялікую ўвагу людзям з іншымі хваробамі", - сказаў ён.

Медыкі ў Беларусі ў першую чаргу звяртаюць увагу на людзей з групы рызыкі, у якіх найбольш верагодна цяжкае праходжанне хваробы пры каранавірусе, - гэта людзі пажылога ўзросту і тыя, хто мае шэраг спадарожных захворванняў. "Вядома, любы вірус на такога чалавека кідаецца і пачынае яго там тармасіць, - адзначыў Прэзідэнт. - Нашым урачам пакуль удаецца спраўляцца з гэтымі хваробамі, але расслабляцца мы не плануем". Да работы са слабаабароненымі групамі насельніцтва актыўна падключыліся і сацыяльныя службы, грамадскія арганізацыі, яны прапануюць дапамогу па дастаўцы лякарстваў, прадуктаў харчавання.

"Усякае ў жыцці бывае, але галоўнае - не панікаваць. Я больш за ўсё баюся, што людзі захварэюць на псіхоз ад таго, што адбываецца ў сродках масавай інфармацыі. Ад псіхозу будуць усе астатнія хваробы. Так кажуць і спецыялісты. Ваш вопыт (кітайскага боку. - Заўвага), наш вопыт мы выкарыстоўваем, каб на дапушчальным для нас узроўні прайсці пік. Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня - значыць, жыць будзем", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Цуй Цымін у сваю чаргу падкрэсліў, што Кітай высока цэніць супрацоўніцтва і дружбу з Беларуссю. "Дазвольце мне перадаваць цёплае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна - вашага добрага сябра", - сказаў дыпламат.

"Вы заўсёды ўдзяляеце вялікую ўвагу развіццю адносін з Кітаем, клапоціцеся і развіваеце кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах. Кітайскі бок высока гэта цэніць", - адзначыў пасол. Кіраўнік дыпламатычнай місіі падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы і сказаў: "Дзякуй, для мяне гэта вялікі гонар".