Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Ермухаметам Ертысбаевым

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 мая правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Ермухаметам Ертысбаевым.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі часта бываў у Казахстане і рады сустрэцца з паслом гэтай краіны напярэдадні свайго візіту ў Нур-Султан. "Я добра ведаю Казахстан: і поўдзень, і цэнтр, і на поўначы мне пашчасціла пабываць. Цудоўная краіна, якая дынамічна развіваецца. Няпростыя працэсы адбываюцца ў палітычнай галіне. Зразумела, прэзідэнцкія выбары, асабліва змена прэзідэнта, заўсёды адпаведным чынам уплываюць на жыццё, на грамадства, нават на эканоміку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гандлёва-эканамічных адносінах паміж Беларуссю і Казахстанам асаблівых праблем няма. "Ёсць пэўны дысбаланс у гандлі ў бок Беларусі, але вы павінны ведаць, што ў Казахстане вырабляюць мноства тавараў, якія нам вельмі патрэбны. Пачынаючы ад бавоўны і заканчваючы металамі. Мы гатовы, як гэта было ў савецкі час, закупляць у вас збожжа (у вас вялікія лішкі, яны будуць заўсёды). Таму ўрэгуляваць баланс у гандлі не з'яўляецца праблемай. Думаю, што трэба даручыць нашай міжурадавай камісіі заняцца гэтымі пытаннямі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што паміж краінамі і іх лідарамі заўсёды былі добрыя адносіны. "Мы выбудавалі даволі выразную сістэму ўзаемаадносін Беларусі і Казахстана, дасягнулі практычна мільярда (долараў. - Заўвага БЕЛТА) тавараабароту паміж нашымі дзяржавамі. Патэнцыял велізарны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, развіццю двухбаковых адносін садзейнічае і ўдзел абедзвюх краін у кітайскай ініцыятыве "Пояс і шлях": у Казахстане функцыянуе СЭЗ "Хоргас - Усходнія вароты", у Беларусі - індустрыяльны парк "Вялікі камень". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што спалучэнне дзвюх краін у гэтым напрамку павінна быць больш прыкметным.

"Вы ведаеце, што мы цяпер заняліся дыверсіфікацыяй паставак вуглевадароднай сыравіны. Мы маем некалькі агульных інтарэсаў і вядзём перагаворы па пастаўках нафты ў Беларусь з іншых крыніц. У гэтым годзе мы ў асноўным скончым мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў. Таму нам будзе крыху лягчэй купляць з сусветных рынкаў нафту. У сувязі з гэтым ужо вядзём перагаворы і хацелі б, каб яны былі актывізаваны, па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь. Думаю, гэта пытанне мы можам вырашыць. Яно ляжыць у плоскасці не толькі Беларусі і Казахстана (тут праблем няма), але і Расіі па транзіце. Расія - член ЕАЭС. Я думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца аб нейкіх аб'ёмах паставак нафты з Казахстана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар дадаў, што ў час візіту ў Нур-Султан для ўдзелу ў саміце ЕАЭС плануе правесці сустрэчу з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым і першым кіраўніком гэтай краіны Нурсултанам Назарбаевым. "Я думаю, нягледзячы на тое, што ў нас саюзнае мерапрыемства ў рамках ЕАЭС у Нур-Султане, нам удасца і з вашым Прэзідэнтам і з першым Прэзідэнтам Казахстана перагаварыць аб далейшых шляхах нашага супрацоўніцтва", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Ермухамет Ертысбаеў падкрэсліў, што ў Казахстане з нецярпеннем чакаюць афіцыйнага візіту беларускага лідара ў другой палове бягучага года. "Хочам замацаваць усё тое, што было дасягнута 29-30 лістапада 2017 года (тады адбыўся афіцыйны візіт Нурсултана Назарбаева ў Беларусь. - Заўвага), вывесці на яшчэ больш высокі якасны ўзровень нашы двухбаковыя адносіны", - сказаў ён.

"Беларусь мае для нас вельмі вялікае значэнне. Звярніце ўвагу, сустаршыня казахстанска-беларускай міжурадавай камісіі папрацаваў і стаў Прэм'ер-міністрам (Аскар Мамін. - Заўвага). Касым-Жамарт Такаеў сустрэўся з вамі ў Беларусі - стаў Прэзідэнтам", - з гумарам адзначыў дыпламат.

Пасол таксама выказаў пажаданне аб неабходнасці больш збалансаванага тавараабароту паміж Беларуссю і Казахстанам. "Хацелі б, вядома, тавараабарот змяніць, таму што ў нас цяпер рэзка адмоўнае сальда - амаль $700 млн. Дарэчы, цяпер практычна ўжо ўсё гатова. Я і з Прэм'ер-міністрам Румасам сустракаўся, і з першым віцэ-прэм'ерам Турчыным. Беларусь гатова цяпер купляць нелегіраваную сталь, металічны лом, каляровыя металы", - дадаў дыпламат.