Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Сустрэча з Міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам

10 чэрвеня 2019 года
Праваахоўныя структуры Беларусі павінны забяспечыць бяспеку грамадзян у час II Еўрапейскіх гульняў, аднак дзейнічаць без празмернасцей. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу 10 чэрвеня ў час рабочай сустрэчы з Міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як складваецца аператыўная абстаноўка ў краіне, асабліва закрануўшы падрыхтоўку МУС да II Еўрапейскіх гульняў.

"Мяне насцярожвае, што мы, часам не думаючы, у плане перастрахоўкі або яшчэ нечага пачынаем ствараць ці то "канцлагеры", ці то нейкія "гета" ў Беларусі. Сёння гляджу: да праезнай часткі выставілі фундаментальныя блокі - чытай, будзем устанаўліваць металічныя агароджы ў раёне фан-зон. Гэта нам навошта? Таму за межы пешаходнага тратуара ніхто не можа вылазіць з гэтымі агароджамі, і яны павінны быць цывілізаваныя. Мы сёння не ў Сірыі, не ў Лівіі, і ў нас не Ірак, каб усё гэта рабіць. Няхай гэта робяць у краінах дэмакратыі: у Францыі, Германіі, Амерыцы. А ў нас гэтага рабіць не трэба: мы павінны працаваць так, каб людзі маглі свабодна сустракацца ў перыяд Еўрапейскіх гульняў і пасля. Гэта значыць, празмернасцей не павінна быць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт сказаў, што бяспецы грамадзян павінна ўдзяляцца вялікая ўвага, аднак забяспечваць яе трэба "без агароджаў". "Я ведаю, што гэта прапановы еўрапейскіх чыноўнікаў. Трэба ім адкрыта гаварыць, што мы забяспечым бяспеку прыезджых і сваіх грамадзян без іх. Мы гэта ўжо рабілі. Не трэба ператвараць Мінск на гэты час у сістэму нейкіх агароджаў. Рабіце так, як просіць Сівак (мэр горада). Я яму і Качанавай (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта) даручыў непасрэдна на аб'ектах заняцца гэтымі пытаннямі без празмернасцей. Папросяць зрабіць - рабіце. Але яны нясуць за гэта адказнасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ігар Шуневіч далажыў, што па выніках работы ў мінулым годзе МУС прыняло некалькі кіраўніцкіх і практычных мер. Яны накіраваны на падтрыманне высокага ўзроўню бяспекі і забеспячэнне поўнага кантролю над крымінагеннай сітуацыяй. "Сёння, не толькі па лічбах, але і па ацэнках экспертаў, Беларусь з'яўляецца адной з самых стабільных дзяржаў у Еўропе і самай бяспечнай. Я ўпэўнены, што гэтыя стабільнасць і бяспеку мы вытрымаем і на Гульнях, забяспечым правапарадак - тут сумненняў ніякіх няма", - заявіў Міністр.

Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Ігара Шуневіча, які старшынствуе ў наглядальным савеце ХК "Дынама-Мінск", як цяпер ідуць справы ў клубе. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне не збіраюцца фінансаваць легіянераў. "Трэба браць сваіх хлопцаў. Зразумела, тры-чатыры легіянеры: варатара ў нас няма моцнага. Яго і не будзе, калі нашы не будуць стаяць у варотах. Так, патрэбны нехта ў першую тройку, але трэба ставіць сваіх і гуляць", - запатрабаваў ён.

У канцы лютага - пачатку сакавіка мінскае "Дынама" згуляла суперсерыю супраць зборнай клубаў экстралігі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рашэнне арганізаваць гэты турнір было прынята невыпадкова. "Вы самі бачылі, што нашы ні ў чым не ўступалі тым дынамаўцам, якія гулялі ў мінулым сезоне. Так, можна гаварыць, што там кульгавыя, хворыя былі. І ў тых, і ў тых сезон завяршыўся, кульгавых хапала. Але сама сутнасць гульні паказала, што, калі хлопцы хочуць гуляць, яны гуляюць. Я яшчэ раз паўтараю: у кожнага дзве нагі, дзве рукі і галава - і ў расіян, і ў канадцаў, і ў амерыканцаў, і ў нашых. Хочуць гуляць і грошы зарабляць (што тут граху таіць) - няхай ідуць і гуляюць. Не могуць - значыць, няма чаго з імі размаўляць. Я гавару пра беларусаў. А цягнуць сюды легіянераў з усяго свету і не трапляць у плэй-оф - нам такія гульні не патрэбны. Навошта трывожыць душу і сэрцы балельшчыкаў, яны ж прыходзяць і перажываюць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе намаганні павінны быць накіраваны на развіццё беларускага спорту і, у прыватнасці, хакея.
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь