Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам

  • 1
Да правядзення Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ўсё гатова. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 чэрвеня на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

"Мы абмяркоўвалі між іншым гэту тэму ў Кітаі з Пуціным на палях саміту (ШАС). Мы канстатавалі, што ўсё гатова да правядзення ВДС. Давайце яшчэ раз паглядзім на парадак дня. Магчыма, нейкія ёсць пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Магчыма, у працэсе абмеркавання, узгаднення парадку дня ўзнікалі якія-небудзь праблемы. Я проста хачу быць у курсе справы. І, можа, з'явіліся прапановы па яго дапаўненні".

Як адзначыў Рыгор Рапота, парадак дня пасяджэння сапраўды сфармуляваны і падрыхтаваны, аднак існуюць пытанні, якія кіраўнікам дзяржаў, магчыма, спатрэбіцца абмеркаваць дадаткова.

Як чакаецца, на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы будуць разглядацца пытанні, якія датычацца вынікаў беларуска-расійскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва за мінулы год, справаздачы Савета Міністраў аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2016 год, а таксама праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018-2019 гады. Размова пойдзе аб выкананні прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, на пасяджэнні ВДС плануецца абмеркаваць прысуджэнне прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва на 2017-2018 гады, а таксама заснаванне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі.