Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам

  • 1
Парламент павінен прадстаўляць усе слаі беларускага грамадства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 верасня на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

"Будучы парламент павінен быць лепшы за гэты. Калі будзе такі ж або горшы, значыць няма развіцця. Таму, не ў крыўду дэпутатам сказана, павінны прыйсці людзі лепшыя, якія, калі гэта патрэбна будзе, павядуць рэспубліку наперад", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што парламент павінен прадстаўляць усе слаі беларускага грамадства: ад моладзі да пажылых людзей. На думку Кіраўніка дзяржавы, прафсаюзныя і грамадскія арганізацыі, партыі павінны вылучыць у парламент сваіх кандыдатаў і адстойваць іх.

"Калі ў нас існуюць сапраўдныя апазіцыйныя партыі - і яны павінны вылучаць сваіх кандыдатаў і абараняць іх у ходзе перадвыбарнай кампаніі. Гэта таксама вельмі важна. Парламент павінен прадстаўляць усе слаі нашага грамадства, каб не было размоў, што ў моладзі там няма прадстаўніцтва або ў старых людзей сваіх дэпутатаў. Яны павінны быць, - перакананы Прэзідэнт. - Яны, магчыма, мысляць крыху па-іншаму, чым сярэднія слаі насельніцтва, чым рабочыя, сяляне і частка інтэлігенцыі, але гэта частка нашага грамадства, мы павінны чуць іх голас. Гэта мой прынцыповы падыход".

"Я гэта не ўтойваю: мы такіх дэпутатаў павінны прасоўваць і падтрымліваць. Мы не будзем стаяць убаку. Галоўнае, каб было стабільна і да ўлады, у парламент прыйшлі нармальныя людзі, якія будуць не разбураць, а ствараць, і пажадана на той аснове, якая сёння створана ў нашай Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама папрасіў Уладзіміра Андрэйчанку "не кідаць на волю лёсу" дэпутатаў, якія завяршаюць сваю работу ў парламенце. Магчыма, адзначыў кіраўнік дзяржавы, яны бачаць сябе ў гаспадарчай дзейнасці і ў іншых органах улады. "Усё ж такі гэты перыяд - вельмі добрая школа. Дэпутат вучыўся нягледзячы на свой узрост. Таму тыя, хто захочуць працаваць на карысць Беларусі і заўтра, мы іх не павінны страціць. Трэба іх працаўладкоўваць у залежнасці ад жадання працаваць і прафесіяналізму, а прафесіяналаў там шмат", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што амаль 30-35% цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў зноў павінны пазмагацца за дэпутацкі мандат. Гэта, падкрэсліў ён, дапаможа захаваць пераемнасць у беларускім парламенце. "У адваротным выпадку прыйдуць абсалютна новыя людзі і іх трэба будзе паўтара года вучыць. Пажадана гэта ядро цяперашняга парламента захаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, трэба падтрымліваць і жанчын, якія вылучаюць свае кандыдатуры. "Мы пераканаліся ўжо: трэць у парламенце жанчын - гэта стабільны парламент. Мужыкі не дурэюць там, не скачуць, не бегаюць - сорамна перад жанчынамі. Гэта вельмі моцны стабілізуючы фактар у любым грамадстве", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Уладзімір Андрэйчанка ў сваю чаргу адзначыў, што сёння Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых краін па колькасці жанчын-парламентарыяў.

"У нас застаўся шэраг важнейшых пытанняў, якія мы не можам не разгледзець цяперашнім складам (парламента. - Заўвага). Так было заўсёды. Мы ўступаем у новы год - фінансавы, эканамічны, як хочаце яго можна называць - і ў вельмі важны палітычны перыяд (ці тое яшчэ будзе ў будучым годзе). Таму нам вельмі неабходна разгледзець і прыняць асноўныя планавыя фінансавыя дакументы на будучы год - прагноз развіцця (прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. - Заўвага) і бюджэт", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў сваю дасведчанасць аб рабоце ў гэтым напрамку профільных камісій парламента і асобных дэпутатаў разам з урадам, Мінфінам. "Гэта добрая практыка, яе трэба захаваць і ў будучым парламенце, перанесці гэты вопыт", - лічыць ён.

Звяртаючыся да Старшыні Палаты прадстаўнікоў, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне аб неабходнасці актывізаваць работу дэпутатаў над пакетам бюджэтных дакументаў. "На фінішы трэба бегчы хутчэй, прыгажэй, каб гэта запомнілася людзям", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў арганізаваць сустрэчу Прэзідэнта з парламентарыямі цяперашняга склікання. "Будзе правільна, калі я падзякую ім за работу, - сказаў ён. - Усё, што мы зрабілі, гэта зроблена не толькі Прэзідэнтам. Лёс такі, што гэта асацыіруецца з першай асобай. Але ж працавалі не толькі Лукашэнка, Андрэйчанка, Мясніковіч, Качанава і іншыя. Працавалі ж тысячы людзей, і перш за ўсё парламентарыі. На што працавалі? На стабільнасць", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў дзейнасці парламента, у тым ліку ў той перыяд, калі і Аляксандр Лукашэнка з'яўляўся дэпутатам, была розная абстаноўка, часам далёкая ад стабільнай, спакойнай. "Мы з табой помнім, што рабілася ў першым незалежным парламенце, што было ў другім, у гады суверэннай Беларусі. Гэта ўсё ўкідвалася ў сферу жыцця людзей. Гэта не толькі нервавала нашых людзей, але і было некаму дрэнным прыкладам. Гэта значыць мы стваралі тады з табой пэўную нестабільнасць. Мы нясём за гэта таксама адказнасць. Хоць ніколі не штурхалі людзей на вуліцы, не крычалі і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Уладзіміра Андрэйчанкі.

"Парламент вельмі вялікую ролю адыгрывае ў прыўнясенні стабільнасці ў наша грамадства. Гэта не толькі вышэйшы заканадаўчы, але і прадстаўнічы орган", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.