Сустрэча са старшым Віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка Кайлам Пітэрсам

  • 1

Беларусь і Сусветны банк маюць намер прадоўжыць плённае супрацоўніцтва. Аб перспектывах узаемадзеяння ішла размова 29 сакавіка на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са старшым Віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па аперацыйных пытаннях Кайлам Пітэрсам.

"Вельмі добра, што мы з вамі супрацоўнічаем, і, відаць, вы не маеце вялікіх прэтэнзій да нас, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы з вамі рэалізавалі амбіцыйную праграму і сёння распрацоўваем новы план, новую стратэгію супрацоўніцтва. Гэта сведчыць аб тым, што мы знайшлі агульную мову".

"Галоўнае ў тым, што вы сваімі дзеяннямі ў Беларусі даяце нам альтэрнатыву, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ваша работа ў Беларусі дае магчымасць абапірацца не толькі на адну-дзве крыніцы падтрымкі нашай эканомікі, сацыяльных праектаў, бюджэту, але і ў цэлым на вельмі магутную падтрымку Сусветнага банка. Вось за гэта я вам перш за ўсё ўдзячны".

На думку Кіраўніка дзяржавы, калі няма альтэрнатывы, няма выбару, вельмі складана будаваць эканамічныя адносіны ўнутры і выбудоўваць сацыяльную палітыку. "А калі ёсць выбар, альтэрнатыва, больш магчымасцей прыйсці да поспеху", - падкрэсліў Прэзідэнт, пры гэтым нагадаўшы, што за час супрацоўніцтва з Беларуссю Сусветны банк інвесціраваў больш як $1,6 млрд у рэалізацыю значных для краіны праектаў. Цяпер ажыццяўляюцца праекты прыкладна на $1 млрд.

Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў, што Беларусь ва ўзаемадзеянні з Сусветным банкам мае намер і ў далейшым выконваць дамоўленасці і абяцанні.

У сваю чаргу Кайл Пітэрс выказаў меркаванне, што ўсе праграмы Сусветнага банка рэалізуюцца ў нашай краіне вельмі якасна. "Мой цяперашні візіт звязаны з зацвярджэннем новай краінавай праграмы для Беларусі на наступныя тры-чатыры гады, - паведаміў ён. - Цяпер на парадку дня дзевяць праграм супрацоўніцтва Сусветнага банка з Беларуссю, якія датычацца інфраструктуры, водазабеспячэння, энергетыкі, транспартнай сферы, а таксама адукацыі".