Сустрэча са спікерам ніжняй палаты парламента Індыі Сумітрай Махаджан

  • 1
Беларусі і Індыі трэба больш рашуча і актыўна развіваць эканамічныя адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 чэрвеня на сустрэчы са спікерам ніжняй палаты парламента Індыі Сумітрай Махаджан.

"Улічваючы наша адзінства меркаванняў па міжнародным парадку дня, узаемавыгадную падтрымку ў міжнародных арганізацыях, перш за ўсё ў ААН, нам трэба рухацца больш рашуча і актыўна ў развіцці эканамічных адносін, у сферы інвестыцый і гэтак далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які нядаўна прайшоў у Кітаі, ён абмяркоўваў з Прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі развіццё двухбаковых адносін, бакі намецілі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. "Мы вельмі шмат і доўга гаварылі пра беларуска-індыйскія адносіны", - дадаў Прэзідэнт.

Візіт Сумітры Махаджан у Беларусь сведчыць аб умацаванні адносін паміж кіраўніцтвам абедзвюх краін, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Нам вельмі хацелася б, каб гэтыя палітычныя кантакты мелі пад сабой вельмі трывалую гандлёва-эканамічную аснову, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць усе магчымасці для таго, каб перайсці ад звычайнага гандлю (гэта таксама, вядома, трэба) да сумеснага інвесціравання, стварэння прадпрыемстваў як у Індыі, так і на тэрыторыі Беларусі".

Беларусь раней прапанавала індыйскаму боку стварыць сумесны індустрыяльны парк для вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі па вопыце супрацоўніцтва з Кітаем. Акрамя таго, краіна прапануе выкарыстоўваць свае транспартна-лагістычныя магчымасці для гандлю індыйскімі таварамі ў рэгіёнах ЕС і ЕАЭС. "Прапановы застаюцца ў сіле. Я ведаю, што ваш бок станоўча ўспрымае такія прапановы. Хацелася б, каб мы больш аператыўна пераходзілі на рэйкі будаўніцтва гэтага парка ў Беларусі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Улічваючы ролю парламента ў Індыі, я прасіў бы вас узяць пад сур'ёзны кантроль напрамкі супрацоўніцтва вашай краіны з Беларуссю, асабліва ў сферы інвестыцый", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Сумітра Махаджан у сваю адзначыла, што ўзаемная падтрымка на міжнароднай арэне - гэта сімвал беларуска-індыйскай дружбы. "Нашы адносіны заснаваны на дружбе, якая склалася гістарычна. Тая падтрымка, якую мы аказваем адзін аднаму на міжнароднай арэне - гэта, вядома, сімвал і знак гэтай дружбы", - сказала Сумітра Махаджан. Разам з тым яна заўважыла, што краінам неабходна развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны.