Спачуванне ў сувязі са смерцю народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай у сувязі з яе смерцю.

    "Тамара Мікалаеўна была выдатнай спявачкай, творчасцю якой па праву ганарыцца наша краіна. Яна пражыла яркае і насычанае жыццё, дасягнула прафесійных вышынь і ўпісала незабыўную старонку ў гісторыю сучаснага опернага мастацтва", - гаворыцца ў спачуванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сваімі ведамі і высокім майстэрствам Тамара Ніжнікава шчодра дзялілася з моладдзю. "Ёю выхавана некалькі пакаленняў таленавітых артыстаў, якія сёння дастойна прадстаўляюць Беларусь на сусветнай сцэне, уносяць важкі ўклад у захаванне і развіццё лепшых дасягненняў нацыянальнай культуры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.