Работнікі розных сфер удастоены дзяржаўных узнагарод

    Ордэнамі, медалямі і ганаровымі званнямі Рэспублікі Беларусь адзначаны заслугі 89 работнікаў розных сфер. Адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Узнагароды прысуджаны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выключную адвагу і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе са злачыннасцю, пры выратаванні людзей на пажары, значны асабісты ўклад у газіфікацыю краіны, распрацоўку і мадэрнізацыю ўзораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, заслугі ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, сацыяльнай абароны насельніцтва, аховы здароўя, энергетыкі, навукі, адукацыі, культуры і спорту.

    Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны першы намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў.

    Першы намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама - начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандр Васільеў узнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць".

    Заслугі некалькіх чалавек адзначаны ордэнам Пашаны. У іх ліку намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз - галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт Юрый Аўсіюк і генеральны дырэктар ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" Ігар Летаў.

    Медалём "За адвагу" ўзнагароджаны камандзір атрада міліцыі асобага прызначэння УУС Магілёўскага аблвыканкама Іван Юркоў і камандзір узвода 1-й роты атрада міліцыі асобага прызначэння УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Якушаў.

    Вадзіцель аўтамабіля ААТ "Драгічынскі райаграсэрвіс" Сяргей Вакульчык узнагароджаны медалём "За выратаванае жыццё".

    Акрамя таго, работнікі розных галін узнагароджаны медалямі за адзнаку ў воінскай службе, ахове грамадскага парадку, дзяржаўнай граніцы, медалём "За працоўныя заслугі", медалём Францыска Скарыны. Прысвоены ганаровыя званні дзеячам у сферах навукі, медыцыны, энергетыкі, спорту, праваахоўнай дзейнасці.

    Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў Распараджэнне, у адпаведнасці з якім Падзяка Прэзідэнта за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў аб'яўлена калектыву работнікаў бялыніцкага СВК "Калгас "Радзіма".

    Падзяка Прэзідэнта таксама аб'яўлена тром дзясяткам работнікаў розных сфер дзейнасці, у тым ліку за высокі прафесіяналізм, уклад у развіццё АПК і сельгасвытворчасці, умацаванне абараназдольнасці Беларусі, рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва, укараненне ў медыцынскую практыку сучасных тэхналогій пратэзавання і рэабілітацыі, развіццё прыярытэтных напрамкаў медыцынскай навукі, дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, развіццё картаграфіі ў Беларусі, дасягненне высокіх паказчыкаў у пажарна-выратавальным спорце.