Перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім

  • 30

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка наведаў з рабочым візітам Украіну, дзе ў Жытоміры правёў перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

У аэрапорце Кіраўніка беларускай дзяржавы Прэзідэнт Украіны сустрэў асабіста. Пасля прылёту ля трапа верталёта дзяўчаты ў нацыянальных украінскіх строях паднеслі беларускаму лідару хлеб-соль. Прэзідэнты цёпла віталі адзін аднаго, а таксама прадстаўнікоў дэлегацый, якія прысутнічалі ў аэрапорце. Затым кіраўнікі дзяржаў накіраваліся на перагаворы на адным аўтамабілі.

Сустрэча прэзідэнтаў праходзіла ў будынку Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Лідары краін падрабязна абмеркавалі актуальны стан і перспектывы развіцця беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў розных сферах, абмяняліся меркаваннямі па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.

"Усё, аб чым мы дамовімся, будзе выконвацца. Хачу запэўніць, што мы свята будзем выконваць нашы дамоўленасці", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы на перагаворах у вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму ад імя ўсёй беларускай дэлегацыі, адзначыўшы, што ў Жытомір увогуле прыехалі амаль паўтысячы чалавек. "На блізкую нам, можна сказаць, родную зямлю. І вы вельмі тонка прыкмецілі, правільна, што ў нас, нягледзячы на тую граніцу, якую нас нібыта і прымусілі выбудаваць, паміж людзьмі няма ніякіх граніц, кардонаў. Мы сапраўды разумеем адзін аднаго. Хоць і размаўляем на розных мовах, яны блізкія і зразумелыя нашым людзям", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія будуць пісаць аб тым, што адбылося знаёмства двух прэзідэнтаў. "Нічога падобнага. Мы з вамі знаёмы вельмі даўно. Праўда, завочна. Сёння мы сустракаемся тут нам-насам для таго, каб яшчэ раз зверыць гадзіннікі, прайсціся па парадку дня нашых адносін і дамовіцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Нам гісторыя прадаставіла такі шанц: дамовіўшыся, выканаць на карысць нашых народаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што для Беларусі ёсць не толькі прагматычная аснова ўзаемадзеяння з украінскай дзяржавай і народам Украіны. "Гэта глыбокая вялікая ідэалогія заснавана на гісторыі, якую мы з вамі перажылі. Ды і цяпер нам няпроста. Усе праблемы, якія ёсць у нас і ў вас, мы перажываем разам. Хачу вас запэўніць: вы ніколі не мелі праблем з тэрыторыі Беларусі і з Беларуссю і вы ніколі не будзеце іх мець. Мы заўсёды будзем самымі добрымі і надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнёрамі. І калі новая ўлада Украіны захоча мець з намі братэрскія цесныя адносіны, за намі затрымкі не будзе", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Уладзімір Зяленскі пачаў перагаворы са слоў: "Добры дзень, сябры!". Ва ўступным слове ён перайшоў з рускай на ўкраінскую мову, адзначыўшы, што нават так кіраўнікі дзяржаў разумеюць адзін аднаго. "Нашы краіны сапраўды не маюць межаў. Я перш за ўсё гавару пра людзей, - сказаў украінскі лідар. - Нашы людзі дружныя, ментальна абсалютна блізкія. І я ганаруся, што ў нас такія добрыя адносіны і суседзі".

На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі далі станоўчую ацэнку праведзеным перагаворам у вузкім складзе, якія прадаўжаліся больш як дзве з паловай гадзіны.

"Мне вельмі прыемна было з вамі сустрэцца. СМІ і палітыкі, напэўна, залішне ажыятаж стварылі вакол гэтай сустрэчы, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Літаральна з першых хвілін мы зразумелі, што мы блізкія людзі. Што ў нас агульныя праблемы. І ў вас іх хапае, і ў Беларусі. Усюды цяпер праблемы, асабліва ў сувязі з надыходзячым (не дай бог, вядома) сусветным крызісам".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у паспяховым мірным урэгуляванні канфлікту на Данбасе. "І з Усходам (Украіны. - Заўвага) будзе ўсё нармальна. Тая настойлівасць, якую праяўляе цяперашні Прэзідэнт, пасля завяршэння вайны, упэўнены, увянчаецца поспехам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Я не проста вам жадаю гэтага. Мы гатовы разам што-небудзь зрабіць для таго, каб Украіна была адзінай, цэласнай, магутнай, каб скоса нават ніхто не змог сюды паглядзець. Гэта нашы прынцыпы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Уладзімір Зяленскі падзякаваў за ролю Беларусі ў пытанні ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны, за прадастаўленне перагаворнай пляцоўкі ў Мінску. "Я хачу падзякаваць за ўсё, што Беларусь робіць для Украіны, і за пляцоўку ў Мінску", - сказаў украінскі лідар. Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці за падтрымку з боку Беларусі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

"У нас толькі што была цудоўная размова. Мне вельмі прыемна асабіста з вамі пазнаёміцца", - сказаў Прэзідэнт Украіны. Ён выказаў упэўненасць, што гэтыя адносіны ў далейшым будуць толькі паляпшацца.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гандлёва-эканамічныя адносіны - гэта аснова супрацоўніцтва. "Мы з вамі дамовіліся, што $5,5 млрд або $6 млрд у нас у гэтым годзе будзе тавараабарот - гэта нішто. Ваша прапанова, што мы можам дасягнуць і $10 млрд. Больш за $8 млрд было (мінулыя гады. - Заўвага)", - сказаў ён.

"Гэта не толькі просты гандаль (у супрацоўніцтве паміж краінамі. - Заўвага). Мы прынялі рашэнне фактычна. Міжурадавая камісія, якая збярэцца ў Кіеве (мы таксама дамовіліся аб гэтым), прыме канкрэтныя рашэнні па стварэнні сумесных прадпрыемстваў. У вас ва Украіне, а ўжо 9 вялікіх (беларускіх. - Заўвага) кампаній працуюць тут, і ў нас у Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад, і гэта пытанне было абмеркавана на перагаворах з Уладзімірам Зяленскім: "Гэта не таму, што бразгаем зброяй. Мы вельмі шмат цяпер працуем над развіццём галіны ракетабудавання ў Беларусі. У нас не было такой вытворчасці, а ў вас яна ёсць. Мы вельмі зацікаўлены, каб вы нам у гэтым дапамаглі".

"Калі вы дапаможаце, мы свой праект рэалізуем, ужо сумесны, за паўтара-два гады. Калі не, то 4-5 гадоў. І грошай менш трэба будзе", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.


Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок у сваю чаргу гатовы інвесціраваць і ствараць сумесныя прадпрыемствы ва Украіне па грамадзянскім напрамку - аўтамабілі, трактары, аўтатэхніка вялікай грузападымальнасці, іншая тэхніка. "Мы гатовы аж да ўваходжання ў капітал гэтых прадпрыемстваў. Гэта значыць мы абмеркавалі шэраг вельмі важных пытанняў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі таксама абмеркавалі супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы і пастаўках нафты. "Мы не ўтойваем. Мы і нафтапрадукты абмеркавалі, і перапрацоўку нафты, альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты, і агульныя рынкі, і заводы, і капіталы, і акцыянерныя... І электраэнергію пасля ўводу атамнай станцыі. Не буду гаварыць па цане. Ужо дамовіліся, як і дзе можам прадаваць. Вельмі шмат пытанняў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў яго ёсць адзіная просьба: "Калі дамовіліся, давайце зробім. Калі не трэба, не хочам - мы павінны сумленна сказаць, як родныя людзі: гэта пакуль не цікава або нельга, гэта рабіць не будзем. Але калі вырашылі дно паглыбіць на Прыпяці і Дняпры, давайце паглыбім".

Аднаўленне суднаходства па Дняпры і развіццё партовай гаспадаркі ў тым ліку абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. "Гэта нам будзе выгадна", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі. Ён успомніў момант, калі ў час нядаўняй уборачнай кампаніі Украіна папрасіла паставіць больш дызпаліва і бензіну. "Аказалася, вагонаў няма. Бочкі гэтыя збіралі з усяго свету, каб паставіць сюды. А была б дарога па Дняпры, Прыпяці - у нас наогул не было б праблем. І ў адваротным напрамку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што абмеркаваны ўсе пытанні, якія былі на паверхні, аж да сферы СМІ, культуры, у тым ліку магчымасці сумеснага здымання кінастужкі. "Сваты" хацелі зняць. Вайна пачалася - "Сваты" не знялі. Ну, беларускія "Сваты" здымем. Мы гатовы прадаставіць усе ўмовы. Яны ў нас выдатныя. У вас вопыт каласальны - тое, чаго ў нас няма. Давайце разам ствараць гэтыя фільмы, каб нашы народы бачылі, што мы родныя, нікуды не разбегліся і бегчы не збіраемся", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што граніца Беларусі з Украінай не павінна быць перашкодай для перамяшчэння людзей: "Уладзімір Аляксандравіч (Зяленскі) правільна паставіў пытанне па граніцы. Я як адчуў, што, магчыма, нават з папрокам. Не павінна быць беларуска-ўкраінская граніца перашкодай для перамяшчэння людзей. Я пакляўся, што гэтага не будзе. Мы ніколі не стрымлівалі і стрымліваць не будзем нашых украінцаў і беларусаў пры перамяшчэнні".

Ён прывёў прыклад, што граніца Беларусі адкрыта для жыхароў сумежных тэрыторый, якія прывыклі збіраць у Беларусі грыбы і ягады.

"Я Прэзідэнту (Украіны. - Заўвага) паабяцаў, што тут не будзе ніякіх праблем", - заявіў беларускі лідар.

"Ужо не хачу гаварыць (аскоміну нагнала) пра "пагрозы" з боку Беларусі, Украіны... Мы, дарэчы, на гэту тэму практычна не размаўлялі. Гэта я ўжо сказаў: вы не хвалюйцеся, мы будзем прытрымлівацца гэтай палітыкі. Помніце, што там - на поўначы (у Беларусі. - Заўвага) народ іншы нібыта, але гэта ваш народ. Гэта вашы людзі. Я да ўкраінцаў так стаўлюся - гэта нашы людзі тут", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама запрасіў свайго ўкраінскага калегу прыязджаць у Беларусь у любы час не толькі афіцыйна, але і па нефармальных падставах.