Рабочая сустрэча з Міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам

  • 1
Бяздумнага скарачэння кадраў пры аптымізацыі МУС быць не павінна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 студзеня ў час рабочай сустрэчы з Міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.

"Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Вы пастаянна мне дакладваеце, што крымінагенная сітуацыя паляпшаецца, значыць, нам паступова трэба ісці да скарачэння, але не да бяздумнага, а да аптымізацыі структуры", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Сэканомленыя ў выніку гэтага грашовыя сродкі застануцца ў распараджэнні міністэрства, якое зможа накіроўваць іх як на матэрыяльнае ўзнагароджанне супрацоўнікаў, так і на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. "Калі ласка, дабаўляйце аклады, купляйце службовую маёмасць, узбраенне і гэтак далей. Так будзе і ў далейшым: усё, што вы скароціце, застанецца ў вас. Плюс я яшчэ ў два разы павялічу гэту лічбу і дабаўлю. Гэта значыць скарацілі на Br10 млн, атрымаеце Br20 млн - Br10 млн скарочаных і Br10 млн дадаткова з бюджэту, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Таму вы павінны быць зацікаўлены ў гэтым, але не на шкоду службе. Не павінна быць аптымізацыі дзеля неразумнага скарачэння. Тым больш нельга крыўдзіць прыстойных людзей у міліцыі. Калі яны заслугоўваюць далей прадаўжаць сваю службу і запатрабаваны, значыць, іх трэба захаваць. Хто не хоча, не можа, хто дрэнна нясе службу, ад іх трэба вызваляцца. Таму павінна быць разумная аптымізацыя".

Прэзідэнту было даложана аб выніках дзейнасці органаў унутраных спраў у 2016 годзе, запланаваных арганізацыйных і практычных мерапрыемствах па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці МУС. Таксама абмяркоўвалася магчымасць стварэння ў краіне рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. "Я не першы раз з гэтым сутыкаюся. Сістэма павінна быць. Але мне важна, якая гэта будзе сістэма, каму яна будзе падпарадкоўвацца, хто за яе будзе несці адказнасць і што ў нас зроблена на сённяшні дзень", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым было падкрэслена, што гэту сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі неабходна ствараць, толькі калі ёсць такая неабходнасць. "У адваротным выпадку мы можам стварыць гэту структуру, а яна не будзе запатрабавана. А заўтра настане час, створаная сістэма ўстарэе - і нам яна тым больш будзе не патрэбна, страцім грошы. Гэта значыць трэба своечасова ствараць тое, што трэба сёння для жыцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў у бліжэйшы час правесці нараду, каб вызначыць алгарытмы пабудовы сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі і ўдакладніць існуючыя пытанні.

Асобна Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Ігарам Шуневічам, які таксама з'яўляецца старшынёй наглядальнага савета ХК "Дынама-Мінск", выступленне беларускіх хакеістаў у КХЛ. Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, строга раскрытыкаваў гульню спартсменаў з аднаклубнікамі з Рыгі. "Не забывайце, што 15 тыс. сядзіць на стадыёне і мільёны вас глядзяць, у тым ліку і я. Сорамна было глядзець. Каманда гуляе няроўна, вы прайграяце тады, калі нельга прайграваць. Тое, што вы цяпер страціце, потым крывёй трэба здабываць, каб выйсці ў плэй-оф і там дастойна выступіць. Вы ж не для мяне гуляеце, а для людзей, для народа", - сказаў на заканчэнне беларускі лідар.