Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

14 жніўня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жнiўня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Касцюковіцкі раён, дзе азнаёміўся з развіццём паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці.

Рабочую паездку Прэзідэнт пачаў з пытанняў мясцовым кіраўнікам аб ходзе ўборачнай кампаніі - самая гарачая тэма, якая не першы дзень на кантролі Кіраўніка дзяржавы. Сёння ў цэнтры ўвагі - уборка збожжавых, нарыхтоўка кармоў, сяўба азімых, а таксама ў цэлым пытанне выканання аграрыямі тэхналагічнай дысцыпліны.

"Дзень і ноч трэба араць і сеяць. Своечасова трэба пасеяць азімыя. І тэхналогіі павінны быць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажылі Прэзідэнту, у Магілёўскай вобласці для завяршэння ўборкі збожжавых патрэбна ўсяго 4-5 пагодлівых дзён.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на важнасць забеспячэння належных умоў захоўвання ўраджаю зерня кукурузы, што актуальна для патрэб жывёлагадоўлі. "Трэба ўзяць на кантроль і той недабор, які, магчыма, будзе па каласавых збожжавых, трэба кампенсаваць зернем кукурузы", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту таксама даложана аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Касцюковіцкага раёна і Магілёўскай вобласці. Адзін з галоўных акцэнтаў кіраўніцтва рэгіёна робіць на рабоце са стратнымі прадпрыемствамі, прымаючы меры па нармалізацыі іх фінансава-эканамічнага становішча і забеспячэнні росту даходаў насельніцтва.

Кіраўнік раёна расказаў аб планах па дасягненні ўзроўню зарплаты ў памеры Br1 тыс. Цяпер яна складае Br836, аднак, напрыклад, у сельскай гаспадарцы істотна ніжэйшая. "Але мы ўжо ад гэтай сярэдняй адыходзім і трэба падцягваць, у каго самая нізкая зарплата", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У час наведвання фарэлевай гаспадаркі "Лахва" Аляксандр Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці. "Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі добрыя, рынкі ёсць. Трэба актуалізаваць гэту праграму і ўнесці мне канкрэтныя прапановы - дзе будзем будаваць і што. І як мінімум трэба падвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне", - сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт дэталёва цікавіўся работай гаспадаркі: тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца, рэнтабельнасцю, аб'ёмамі вытворчасці, наяўнасцю рынкаў. У першую чаргу Кіраўніка дзяржавы цікавілі магчымасці далейшага развіцця. "Калі ёсць, трэба рабіць хутчэй", - сказаў ён.

Як далажылі Прэзідэнту, магчымасці для пашырэння вытворчасці ёсць. Рыбная прадукцыя, і ў прыватнасці фарэль, запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. У 2019 годзе чаканая вытворчасць рыбы ў краіне складзе 16,6 тыс. т, у той жа час у Беларусь штогод імпартуецца 180 тыс. т з улікам патрэбнасцей перапрацоўкі і далейшага экспарту.

Па выніках наведвання фарэлевай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць прадумаць перспектыву, у тым ліку на базе дзеючых рыбгасаў. "Мне гэта вытворчасць вельмі падабаецца. Нічога складанага, толькі неабходна выконваць тэхналогію. Трэба рабіць з улікам ужо існуючага вопыту, каб усюды было эканомна і разумна", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Як было адзначана, у гэтым плане будзе запатрабаваны і сучасны камбікорм Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

У Касцюковічах Прэзідэнт правёў нараду па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, які акрамя Касцюковіцкага ўключае ў сябе Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі раёны. Дэталёва разгледзець стан спраў у рэгіёне Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у час нядаўніх кадравых назначэнняў. Чатыры гады таму для актывізацыі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых тэрыторый былі прыняты Указ і праграма, накіраваныя на стварэнне спрыяльных умоў пражывання насельніцтва.

"Мінуў час, і сёння нам неабходна абмеркаваць эфектыўнасць гэтых рашэнняў і аб'ектыўна ацаніць прамежкавыя вынікі. Гэта значыць, нарада мае кантрольны характар, - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час нарады аб ходзе выканання Указа №235 і праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці на перыяд да 2020 года. - Я не хачу адмаўляць тое, што за гэты час жыццё на месцы не стаяла, адбыліся пэўныя зрухі ў лепшы бок, створаны новыя прадпрыемствы, з'явіліся новыя людзі. Але, як мне дакладваюць, праблем хапае. Рэалізаваны асобныя праекты ў дрэваапрацоўцы, мадэрнізаваны цэментныя прадпрыемствы, створаны дадатковыя працоўныя месцы ў прадпрымальніцкім асяроддзі, уведзена ў эксплуатацыю больш за 125 тыс. кв.м жылля". Аднак запланаваныя мерапрыемствы рэалізуюцца нізкімі тэмпамі, асобныя з іх выключаюцца, сродкі, што выдзяляюцца, не асвойваюцца. Не адбылося і павышэння дзелавой актыўнасці, а колькасць занятых у эканоміцы скарацілася, адзначыў Прэзідэнт.


"Усё б нічога, калі стварылі высокатэхналагічныя вытворчасці, дзе, можа, замест сотні чалавек працуюць дзесяць. Страху ў гэтым няма, што скарацілася занятасць і няма беспрацоўя, гэта добра. Але паўстае пытанне прыцягнення сюды насельніцтва, а таксама і стварэння для яго месцаў для пражывання і работы. Трэба ў комплексе глядзець на гэтыя лічбы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім патрабаванні: людзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні, мець работу, дастойную заработную плату і камфортныя ўмовы для пражывання. "Нічога новага. Трэба стварыць нармальныя ўмовы, як у іншых рэгіёнах краіны. Я спадзяюся на адкрытую, сумленную размову і хацеў бы пачуць канкрэтныя прапановы па праблемах, якія неабходна вырашаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заявіў аб недапушчальнасці агульнага падыходу ў пытаннях аказання дзяржаўнай падтрымкі развіццю тых ці іншых напрамкаў. Рэагуючы на даклад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца, які агучыў шэраг просьбаў па падтрымцы і льгатаванні, у тым ліку ў жыллёвым будаўніцтве, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы тут выклалі свае патрабаванні па ўсёй вобласці як новы губернатар, але мы ў гэтым выпадку разглядаем сем раёнаў. Вось вы гаворыце наконт жылля - трэба гэта зрабіць, і ўсё - ракой пацячэ сюды народ. А колькі ў вас такіх людзей, якім патрэбна жыллё, і яны заўтра застануцца і будуць працаваць? Перш чым прасіць нешта, трэба бачыць гэтых людзей. Нічога агулам нават вам як маладому губернатару ніхто рабіць не будзе".

У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. "Вось скажыце, з каго цяпер спытаем?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

У частцы падтрымкі вырашэння жыллёвага пытання Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у першую чаргу арыентавацца на стварэнне вытворчых магутнасцей і працоўных месцаў. "Як было ў савецкія часы: будуецца завод - будуецца жыллё. Зразумела, не ўсім. Спецыялістам, а астатніх набіралі. Мы гатовы падтрымаць (гэта ўсюды па краіне, не толькі тут). Ёсць аб'ект, які будзе выдаваць прадукцыю, зарабляць грошы, ёсць людзі - ім трэба дапамагаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Будзем падтрымліваць і вас. І перш за ўсё вас, вы няпростую вобласць прынялі. Але майце на ўвазе, што без напружання, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы губернатарам, мы не вырашым гэтыя пытанні. Усё павінны быць падлічана і паказана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў падыход і на прыкладзе горада Касцюковічы: "Добры горад. Я не ведаю, як вы тут працуеце на зямлі, але што датычыцца прамысловасці, улічваючы, што нарэшце цэментны завод заварушыўся, гэта нядрэнны горад. Шчыра кажучы, я не бачу (тут неабходнасці. - Заўвага) у вельмі вялікім ільгатаванні".

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць дысцыпліны, як працоўнай, так і тэхналагічнай. "Не будзе дысцыпліны - усё гэта будзе пустое. Вы гаворыце, што тэхніку закупілі - 50 камбайнаў. А вы захаваць гэту тэхніку зможаце?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кіраўніцтве Магілёўскай вобласці найбольш дасведчаныя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы. "Тэхналагічна больш дасведчаных у краіне людзей няма. Вы ведаеце, што рабіць. І трэба ў гэтым напрамку рухацца. Распыляць сродкі мы не будзем. Вы самі шукайце гэтыя сродкі, а мы гатовы вам падставіць плячо пад канкрэтныя аб'екты", - сказаў Прэзідэнт.

Напрыклад, размова пра такія вытворчасці, як фарэлевая гаспадарка "Лахва", якую Кіраўнік дзяржавы наведаў у Касцюковіцкім раёне. "Вось рэнтабельнасць, рынак неабсяжны. І ўнутры свабодны рынак, і Расія побач. Чаму такія праекты не падтрымліваць? Будзем падтрымліваць! І такіх шмат праектаў. Трэба канкрэтна вызначыцца", - заявіў беларускі лідар.



Леанід Заяц, гаворачы ў цэлым аб праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, выказаў меркаванне, што яна дзейсная. "За гэты час (2015 год - I паўгоддзе 2019 года. - Заўвага) мы ўклалі Br770 млн у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы гэтага рэгіёна, створаны 193 новыя камерцыйныя арганізацыі. І самае галоўнае, што мы не дапусцілі масавага адтоку людзей. Мы працаўладкавалі на гэтай тэрыторыі практычна 20 тыс. людзей. І пры гэтым знізіўся ўзровень датацыйнасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна", - сказаў ён. Губернатар папрасіў прадоўжыць дзеянне ўказа нумар 235 да 2025 года.

Вяртаючыся да падзей чатырохгадовай даўнасці, калі была прынята праграма і Указ аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што тады сумняваўся, наколькі правільна і своечасова прымаюцца рашэнні. "Шчыра кажучы, тады я не быў абсалютна ўпэўнены, што мы павінны пачаць глабальна вырашаць праблемы гэтага рэгіёна. Але я зыходзіў з таго, што нам усё роўна гэты рэгіён неабходна будзе калі-небудзь падцягваць да адпаведнага ўзроўню", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў тады заняцца рэгіёнам і распрацаваць праграму па яго развіцці. Дадаткова да яе быў падпісаны Указ, які прадастаўляў шэраг ільгот. "Будучы не зусім перакананым у тым, што трэба ўзмоцнена інтэнсіфікаваць выкананне гэтай праграмы, я на вас не націскаў: хочаце - давайце будзем рабіць, я вам дапамагаю, зразумела, буду патрабаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ж пасля таго як кіраўніцтва вобласці цалкам акунулася ў існуючыя праблемы Прэзідэнт перакананы ў неабходнасці хутчэйшага развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў.

"Я абсалютна перакананы, што настаў час атрымаць аддачу ад гэтых раёнаў. Яны не павінны сябе адчуваць ізгоямі, і народ тут павінен жыць дастойна і ганарыцца тым, што жыве ў Слаўгарадзе, Касцюковічах або ў Хоцімску. Сутнасць моманту ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І па форме, і па змесце сённяшняга дня лічыце, што гэта гістарычны момант для гэтага рэгіёна. Мы ведаем, што тут трэба зрабіць. І, як гаворыць губернатар, мы ведаем, што мы гэта зробім. Хто не ўмее - навучым, хто не хоча - прымусім. Іншага не дадзена".

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты рэгіён павінен кожны год дэманстраваць дынаміку росту. "Хочаце малы, сярэдні бізнес, індывідуальных прадпрымальнікаў - калі ласка, займайцеся. Але запомніце: патрэбны моцныя прадпрыемствы, якія могуць працаваць доўга, на прадукцыю якіх ёсць попыт на рынку. Гэта ўпэўненасць людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што найбольшую аддачу для краіны прыносяць менавіта вялікія прадпрыемствы.

У прыклад Прэзідэнт прывёў фарэлевую гаспадарку "Лахва", якую наведаў у час рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён. Прадпрыемства працуе з добрай аддачай, у яго ёсць магчымасці для пашырэння вытворчасці, а рыбная прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. "І вось на гэта трэба звяртаць увагу. Ніякія малыя, сярэднія нам шчасця не прынясуць - гэта для таго, каб заняць людзей, даць ім магчымасць працаваць, - адзначыў ён. - Стварайце і падтрымлівайце вялікія прадпрыемствы: прыватныя і дзяржаўныя, у кааперацыі - дзе хочаце. Але толькі, каб мы разумелі, што гэта назаўсёды".

Аляксандр Лукашэнка даручыў актуалізаваць існуючую праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Прычым не адкладваць гэту работу, а брацца за яе з сённяшняга дня. У праграме, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба дакладна і падрабязна распісаць усе праекты: ад арганізацыі вытворчасці і прыцягнення спецыялістаў да будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры. "Вось гэта будзе размова. І не патрэбны мне вашы незразумелыя на пяцьсот або тысячу старонак опусы, якія вы напішаце і зноў не выканаеце, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Размовы і вывучэнні закончаны. Актуалізуйце праграму і на стол мне: што дзе вы вырабіце, падвялі рысу - гэта дасць прырост мяса, малака, прамысловасць, паслугі, дарогі, школы, дзіцячыя сады і іншае. Павінна быць адкрытая падкантрольная праграма, а не распісаная тэорыя на шмат старонак".


На заканчэнне рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з жыхарамі райцэнтра. Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна. "Усё залежыць ад нас. Цяпер так шалёна арганізавана жыццё - ляціць, як кур'ерскі поезд і самалёт, як толькі ты адстаў - цябе затапталі, і ніхто не паглядзіць, і мы застанемся ў хвасце. Нельга гэтага дапусціць. Пакуль у нас ёсць усё для таго, каб жыць дастойна. Будзеце працаваць - і я, і Урад, усе, хто ёсць у краіне, падставім плячо. Калі вы захочаце, - заявіў беларускі лідар. - Я ўпэўнены, што пераважная большасць людзей як у Касцюковічах, так і іншых раёнах - гэта людзі, якія хочуць жыць, гадаваць дзяцей".

 "Нельга загубіць гэту тэрыторыю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Жыхары Касцюковічаў сустракалі Кіраўніка дзяржавы каля райвыканкама, дзе праходзіла нарада па развіцці ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нехта з людзей выказваў удзячнасць за ўжо зробленае за апошнія гады, іншыя звярталіся з асабістымі просьбамі. Адна з жанчын нават падарыла Кіраўніку дзяржавы напісаныя ёю кнігі.

"Аляксандр Рыгоравіч, я расіянін, пенсіянер. Вашы пенсіянеры жывуць лепш за расійскіх", - выказаў меркаванне ўдзельнік сустрэчы.

"Дзякуй вам за гэту ацэнку. Я прыехаў для таго, каб яшчэ лепш жылі. І ў нас усё для гэтага ёсць!" - адрэагаваў Кіраўнік дзяржавы.

Адзін з жыхароў раёна папрасіў звярнуць увагу на развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці, чаму якраз і была прысвечана рабочая паездка Прэзідэнта.

"Вялікі дзякуй за прыезд. А яшчэ вялікі дзякуй за тое, што вы патрабуеце. Не будзе вашай патрабавальнасці - не будзе нашай Беларусі, - сказаў яшчэ адзін мясцовы жыхар. - Адзіная рэспубліка наша без канфліктаў, без баёў, жыве спакойна. Працуем".

Аляксандр Лукашэнка даручыў па ўсіх абазначаных пытаннях дэталёва разабрацца і далажыць яму аб рэзультатах, але ў самым пачатку падрабязна расказаў аб прычынах прыезду. "Чатыры гады таму было маё даручэнне - паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці давесці да добрага ўзроўню. Мінула чатыры гады. Я хацеў асабіста паглядзець, як выконваецца праграма", - растлумачыў ён.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, прамежкавы кантроль паказвае, што пакуль праграма рэалізуецца дрэнна. "Пачынаецца сур'ёзны жым па выкананні гэтай праграмы. Мы яе актуалізуем, вызначымся, што трэба пабудаваць у гэтых сямі раёнах, каб людзі працавалі, мелі дастойную зарплату, хаця б на ўзроўні сярэдняй па краіне ў памеры Br1 тыс.", - сказаў Прэзідэнт.

Увага будзе ўдзелена і вырашэнню жыллёвых пытанняў, але ў першую чаргу ў прывязцы да стварэння працоўных месцаў, развіцця вытворчасцей. І, як вынік, сацыяльнай сферы - ахова здароўя, дзіцячыя сады і гэтак далей.

"Мы дамовіліся. І зрухі будуць ужо ў бягучым і наступным гадах. Думаю, вы іх убачыце", - заявіў беларускі лідар.

Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тыя пытанні, якія залежаць выключна ад саміх людзей, у прыватнасці, пытанне дысцыпліны, выканання закону. "Расхлябанасць насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзяжы працвітаюць. Мне нават сорамна як Прэзідэнту аб гэтым казаць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем", - запэўніў Прэзідэнт.

 "Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці - мы ніводную праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)... Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць ім магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае, мы да прытомнасці прывядзём", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь