Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

24 лістапада 2017 года
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы, 24 лістапада 2017 г.
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы, 24 лістапада 2017 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада зрабіў рабочую паездку ў Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці.

Прыехаўшы ў горад Буда-Кашалёва, Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу звярнуў увагу на наведзены там парадак. Паводле слоў Прэзідэнта, падтрымліваць яго павінны жыхары і працуючыя на тэрыторыі прадпрыемствы, задача ўлады - арганізаваць гэту работу. "Гэта справа не толькі органаў улады, гэта справа людзей, якія жывуць тут, - яны павінны прыбіраць, у парадак прыводзіць, гэта іх дом. А ўлада павінна іх арганізаваць. І калі дзесьці непарадак, менш за ўсё вінаватыя людзі - гэта мы не арганізавалі іх. Таму што калі нашых людзей арганізаваць, яны ўсё зробяць - і дрэўцы пасадзяць, і кусты, і кветкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў 2018 годзе неабходна навесці на зямлі парадак. "На палях яшчэ больш-менш, а вось на вытворчых аб'ектах сельскай гаспадаркі - не ўсюды. Таму трэба арыентаваць, каб на зіму арганізаваліся і навялі парадак", - сказаў Прэзідэнт.

У ходзе наведвання Буда-Кашалёўскага цэнтральнага раённага дома культуры Аляксандру Лукашэнку было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці, добраўпарадкаванні раённых цэнтраў і населеных пунктаў Гомельскай вобласці.

Як далажыў Прэзідэнту старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, валавы рэгіянальны прадукт у вобласці за студзень-кастрычнік павялічыўся на 2,5%. Па тэмпах росту развіцця эканомікі Гомельская вобласць займае трэцяе месца сярод іншых рэгіёнаў, уступаючы Мінскай і Брэсцкай абласцям.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў у рэгіёне. Паводле слоў губернатара, усе яны працуюць з тэмпам росту большым за 100%, за выключэннем нафтаперапрацоўчага завода. Намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка растлумачыў, што мадэрнізацыя Мазырскага НПЗ ідзе з апярэджаннем. Урад разлічвае, што да канца 2018 года завод выйдзе на праектную магутнасць.

Асобна Кіраўнік дзяржавы спытаў, ці ўдалося пераадолець спад у рабоце Беларускага металургічнага завода. Уладзімір Сямашка адказаў, што прадпрыемства нарошчвае аб'ёмы вытворчасці, на дакрызісныя аб'ёмы завод павінен выйсці ў 2018 годзе.

У час азнаямлення з арганізацыяй работы раённага дома культуры па культурна-эстэтычным выхаванні насельніцтва Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць стварэння ў Беларусі ўмоў для адраджэння народных промыслаў тымі, хто ў гэтым зацікаўлены.

"Некалькі гадоў таму я даручыў стварыць ідэальныя ўмовы, каб ухапіцца за тых, хто застаўся, якія пацягнуць за сабой яшчэ дзясятак хлопцаў і дзяўчат. Каб не загубіць. Раней практычна ў кожным доме штосьці маглі рабіць. Нехта хату мог зрубіць, нехта - цацкі рабіў. А цяпер сядзяць ля камп'ютара. Мы страцілі многія рэчы. Таму добра, што ствараем умовы, каб яны адрадзіліся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт наведаў таксама Буда-Кашалёўскую цэнтральную раённую бальніцу.



Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў звярнуць больш сур'ёзную ўвагу на медустановы ў раённых цэнтрах і невялікіх населеных пунктах. "У нас намеціўся нейкі дысбаланс, робім найвышэйшага ўзроўню аперацыі, а якая сітуацыя на месцах? Час звярнуць большую увагу на гэтыя медустановы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне аптымізацыі ў сістэме аховы здароўя, як у цэлым па краіне, так і ў раёне па-ранейшаму застаецца важным і не здымаецца з парадку дня. Ён звярнуў увагу на неабходнасць забяспечваць даступнасць медыцынскіх паслуг для кожнага чалавека, незалежна ад таго, дзе ён жыве - у вялікім горадзе або маленькім населеным пункце. Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў: усё павінна быць аптымальна, да ўсяго трэба ставіцца па-гаспадарску. Дзяржава па-ранейшаму будзе ўдзяляць вялікую ўвагу развіццю аховы здароўя, але ўсюды трэба зыходзіць з пункту гледжання мэтазгоднасці, запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна азнаёміўся з функцыянаваннем Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы, створанымі тут для лячэння ўмовамі і сучасным медыцынскім абсталяваннем. Прэзідэнт пагутарыў з медыцынскімі работнікамі і пацыентамі. Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб арганізацыі медабслугоўвання насельніцтва ў рэгіёнах Гомельскай вобласці, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобылскай АЭС, да ліку якіх адносіцца і Буда-Кашалёўскі раён.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта былі закрануты таксама пытанні прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва ў рэгіёне, умоў пражывання і выхавання дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Кіраўнік дзяржавы наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу, які быў адкрыты ў Буда-Кашалёве 5 студзеня 2015 года. Будаўніцтва ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў па дзяржінвестпраграме.

Аляксандр Лукашэнка падарыў дзіцячаму дому сямейнага тыпу міні-трактар "Беларус-132Н" з наборам прычапнога і навяснога сельгасінвентару, а таксама наведаў сям'ю Аляксея і Вікторыі Новікавых, у якой выхоўваецца трое біялагічных і сямёра прыёмных дзяцей. "Трактар я паставіў вам у двары. Губернатар, старшыня райвыканкама раскажуць мне, колькі ўзараце, што пасееце. Зямлі вам выдзеляць колькі трэба", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да мужа і жонкі.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці камфортныя бытавыя ўмовы, спытаў аб планах на будучае. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў дзецям.



Рабочая паездка Прэзідэнта ў Буда-Кашалёва прадугледжвала не толькі наведванне сацыяльных і культурных аб'ектаў, але і сустрэчу з мясцовымі жыхарамі. Прычым адна з такіх сустрэч адбылася па-за праграмай, калі Аляксандр Лукашэнка нечакана накіраваўся да людзей, якія сабраліся з нагоды яго прыезду ў горад. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што хвалюе гараджан, якімі праблемамі яны заклапочаны больш за ўсё.

Мясцовыя жыхары сардэчна віталі Прэзідэнта і выказалі некаторыя пажаданні, якія, на іх думку, дапамогуць зрабіць горад яшчэ больш зручным для людзей. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на складанасці, якія ёсць з пераходам чыгункі. Аляксандр Лукашэнка, уважліва выслухаўшы гэтыя і іншыя пажаданні, даручыў кіраўніцтву раёна дакладна вывучыць акрэсленыя праблемы і прыняць рашэнні перш за ўсё з улікам інтарэсаў людзей.

Закранаючы тэму павышэння пенсій, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Будзем працаваць яшчэ лепш, будзем эканоміку паднімаць, і пенсіі будуць расці".

Наведваючы раённы цэнтр, Прэзідэнт паразмаўляў і з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Журналісты, у прыватнасці, цікавіліся, чаму беларускую дэлегацыю на саміце "Усходняга партнёрства" ў Бруселі ўзначальвае Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. "У гэтым пытанні канспіралогіі няма. Ніякіх расійскіх, амерыканскіх, украінскіх слядоў у гэтай тэме таксама няма, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Як звычайна, паступіла асабістае запрашэнне на імя Прэзідэнта, як і раней на гэты саміт. Але вы ведаеце, як было ў мінулыя гады: запрашэнне на саміт на імя Лукашэнкі, але заўсёды на гэтыя саміты ездзіў Міністр замежных спраў. Напэўна, не вельміўжо і хацелі бачыць мяне некаторыя асобы ў Еўрапейскім саюзе, але гэта справа ўжо мінулая. Усе мае міжнародныя паездкі, камандзіроўкі плануюцца на год наперад, і яны ўвязваюцца з унутранымі мерапрыемствамі".

"Калі мы планавалі гэта мерапрыемства, мы ведалі, што саміт адбудзецца ў канцы лістапада ў гэты дзень. Тады ніякіх запрашэнняў не было, і мы запланавалі туды візіт Міністра замежных спраў, яшчэ за паўгода да саміту, можа, і раней. А ўжо бліжэй да саміту чамусьці раптам Еўрапейскі саюз пажадаў бачыць там Прэзідэнта Беларусі. Дзякуй ім за гэта, што яны нарэшце зразумелі, што без Беларусі не можа быць Еўропы. Дарэчы, Міністр замежных спраў ФРГ так і сказаў: вы - цэнтр Еўропы, якая Еўропа без Беларусі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы расказаў, што гэта паездка ў Буда-Кашалёўскі раён была запланавана загадзя. Прычым яна тры разы адкладвалася. "Што, трэба было яшчэ раз адкласці?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

"Таму ніякай канспіралогіі, нічога тайнага тут няма, усё звычайна. Як было запланавана, так мы і зрабілі", - падкрэсліў яшчэ раз Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Прэзідэнт сказаў, што не было ніякіх прычын адхіліць кандыдатуру Міністра для паездкі на саміт. "Гэта яго работа, і тое, што там адбываецца, яму пад сілу", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў сваё меркаванне аб перспектывах у адносінах Беларусі з ЕС. Ён яшчэ раз спаслаўся на кіраўніка германскага МЗС, які публічна заявіў аб жаданні бачыць Беларусь як сувязнае звяно паміж Усходам і Захадам. "Гэта тое, што мы заўсёды гаварылі: у нас будуць нармальныя адносіны з Еўропай, таму што мы самі - сэрца Еўропы. Наша роля, наша будучыня - мы павінны быць сувязным звяном, калі Еўропа гэтага хоча, а, як бачым, еўрапейцы гэтага хочуць. Мы, калі ласка, да вашых паслуг. У нас ёсць свае інтарэсы, свой народ. Нашы інтарэсы не супярэчаць еўрапейскім, наш народ не з'яўляецца цяжарам для еўрапейцаў. Ён нікому ніколі ніякіх праблем не ствараў, і ніколі з тэрыторыі Беларусі не будуць зыходзіць праблемы для Еўропы", - заявіў Прэзідэнт.

"Калі вы хочаце бачыць нас рэальным мостам паміж Усходам і Захадам, то нас трэба паважаць і трэба лічыцца з нашымі інтарэсамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, роля Беларусі як сувязнага звяна паміж Усходам і Захадам ужо відавочна хаця б на прыкладзе наладжаных праз яе чыгуначных транспартных зносін, пры дапамозе якіх тавары з Кітая перамяшчаюцца ў Еўропу.

"Вы бачылі, што я спакойна перажыў той перыяд, калі ў нас было шмат праблем з Еўропай. Нармальна, жывы і здаровы. Але я хачу, каб яшчэ і мой народ паважалі і лічыліся з нашымі інтарэсамі, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Еўропа гэта зразумела".

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе развіваць еўрапейскі вектар узаемадзеяння. "Перадавыя тэхналогіі, якія нам патрэбны, у іх ёсць, мы ў іх зацікаўлены, мы бяром гэтыя тэхналогіі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Нас цікавіць еўрапейскі рынак. Калі прадаваць туды беларускую прадукцыю (прадукцыю машынабудавання, мяса, малако) - пры ўмове яе запатрабаванасці гэта вельмі выгадна".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што гэтыя праекты павінны быць узаемавыгаднымі.

Журналісты таксама папрасілі Прэзідэнта пракаменціраваць нядаўняе затрыманне ў Беларусі ўкраінскіх шпіёнаў. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэта пытанне абмяркоўвалася на яго сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у пачатку лістапада. "Ён мне задаў гэта пытанне. І я яму адказаў фактамі. Я яму прызнаўся, што з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе. Такая практыка - Старшыня КДБ мне далажыў адразу", - паведаміў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сустрэчы з Пятром Парашэнкам у ААЭ была дасягнута дамоўленасць не апавяшчаць аб гэтай справе, але ўкраінскі бок яе парушыў. "Яны паднялі гвалт, усё вылілася ў сродкі масавай інфармацыі. Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэнне і сказаў выкласці некаторыя факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагнятаем абстаноўку ў адносінах з Украінай. І мы паказалі. Гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў. Вялікая колькасць матэрыялаў дадаткова ёсць. Не ведаю, навошта быў патрэбны гэты скандал. Але яны парушылі нашу дамоўленасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што ніякага маскоўскага следу ў гэтай справе шукаць не трэба, таму што яго там няма.

У адносінах да асоб, якія маюць дачыненне да гэтай справы, у Беларусі дзейнічаюць выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Я гэтага палкоўніка па званні, які проста працаваў пад прыкрыццем журналіста, разумею. Многія дзяржавы так сябе паводзяць - пад прыкрыццем журналіста, дыпламатаў працуюць разведчыкі. Я ўжо з гэтым сутыкаўся шмат разоў. Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, няхай нават і не зусім чужую, разведку?" - абурыўся Прэзідэнт.


Прадстаўнікі СМІ ў сувязі з прыездам у Мінск дакладчыка па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні таксама закранулі праблематыку смяротнай кары. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне захавання ў краіне вышэйшай меры пакарання было прынята на рэферэндуме і ён не мае права яго адмяніць. "Калі мы захочам гэта зрабіць, то трэба вынесці гэта пытанне на рэферэндум", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі мы сёння вынесем пытанне аб смяротнай кары на рэферэндум, мне не трэба вам расказваць, вы ведаеце, які будзе вынік, - упэўнены беларускі лідар. - Сустракаючыся з кіраўніком МЗС Германіі, я яму таксама сказаў: калі ў вас, у немцаў, сёння выносіць гэта пытанне на рэферэндум, то пры той тэрарыстычнай атацы, якую зведвае Еўропа і многія краіны свету, ведаеце, які будзе вынік. Народ жа бачыць, якім гэта моцным тормазам можа быць для некаторых шалёныхгалоў. Таму я яму гавару, што хутка еўрапейцы, магчыма, будуць вывучаць наш вопыт".

"Наогул, што датычыцца смяротнай кары, я яму задаў пытанне: вы вельмі сябруеце з некаторымі краінамі Блізкага Усходу, іншых рэгіёнаў, ЗША, і чаму з іх не патрабуеце тое, што патрабуеце з Беларусі? Ён прамаўчаў. Таму і ў гэтым пытанні, я думаю, мы дамовімся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама канстатаваў, што ў свеце і рэгіёне сёння вельмі шмат пытанняў, звязаных з бяспекай, дзе Беларусь адыгрывае і здольна адыграць яшчэ большую ролю. "Таму сёння Беларусь - як ціхая, спакойная, дастойная краіна, своеасаблівы спонсар бяспекі на еўрапейскім кантыненце - запатрабавана ў самой Еўропе, - перакананы Прэзідэнт. - Мы гэта бачым, мы гэта чуем, мы гэта цэнім і заўсёды будзем ісці насустрач інтарэсам еўрапейскіх дзяржаў, калі перад намі не будуць ставіць пытанне (як гэта было раней, цяпер ужо не): вы з Расіяй ці вы з Еўропай. Я на такія пытанні нават не адказваю".

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у Расіі жывуць нашы родныя браты. "Добрыя яны, не вельмі, дрэнныя - братоў не выбіраюць. Мы, можа, таксама чым-небудзь ім не падабаемся. Але мы родныя. Таму перад намі не трэба ставіць гэтыя пытанні: вы з кім. Мы будзем сябраваць і працаваць з Еўропай, але Расія для нас святое", - рэзюмаваў ён.

У Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся яго меркаваннем аб перспектывах вытворчасці ў Беларусі электрамабіляў. "Нам трэба іх вырабляць. Я разлічваю на кітайцаў, што яны на Geely паралельна разам з намі змогуць стварыць электрамабіль. І спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук ужо сур'ёзна працуюць над гэтым аўтамабілем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што самая вялікая складанасць - стварыць батарэю, зараду якой хапіла б на 500-600 км пры скорасці 100 км/гадз. "І мы гэта зробім - з кітайцамі або самі. Але хацелася б з Кітаем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што аўтамабільная тэхніка - гэта яго хобі. "Я ўжо на якіх толькі трактарах, аўтамабілях, грузавіках ні ездзіў. Нават на ГАЗ-51 і трактары МТЗ-50 - гэта мой першы вопыт быў у калгасе. Брат старэйшы працаваў, я паспрабаваў арганічнае ўгнаенне ўносіць, гэта няпростая аперацыя была, з гэтага я пачынаў. Але электрамабіль - гэта не толькі хобі. Я хачу, каб у Беларусі быў свой электрамабіль", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што электрамабілі - гэта трэнд, які ўзнік нядаўна. "Сёння краіны паставілі перад сабой канкрэтныя задачы. Германія, Вялікабрытанія, якія перамяшчаліся на аўтамабілях з рухавікамі ўнутранага згарання, зразумелі, што ад гэтага (электрамабіляў) нікуды не дзецца, гэта чысты аўтамабіль, гэта будучае. І яны - хто да 2025, хто да 2030 года - цалкам пераходзяць на электрамабілі. Мы адкрылі новую вытворчасць, і трэба паралельна рабіць электрамабіль", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што тэсціраваў электракар Tesla. "На ім можна з любой скорасцю ехаць. Сумленна прызнаюся: праехаў 280 км/гадз і спалохаўся, што ён можа ўзляцець. Самалёт узлятае і садзіцца з такой скорасцю. Вельмі добры аўтамабіль", - адзначыў ён.

У пазітыўным ключы Аляксандр Лукашэнка выказаўся і аб першай беларускай легкавой машыне, вырабленай на заводзе "БелДжы". "Добры аўтамабіль. Не таму, што я Прэзідэнт і гэта наш аўтамабіль. Аўтамабіль дастойны. Я вельмі прыдзірлівы да такіх рэчаў. Галоўнае - свой, на месцы яго можна адрамантаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час наведвання Прэзідэнтам завода "БелДжы" кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі яму электрамабіль Geely. Сёння Аляксандр Лукашэнка расказаў, што плануе яго пратэсціраваць у бліжэйшыя выхадныя дні. "Думаю, што гэта будзе добры аўтамабіль для масавага спажывання, калі яго крыху ўдасканаліць. Будзем імкнуцца стварыць свой электрамабіль, тым больш у нас будзе запас электрычнасці дастатковы, калі ўвядзём атамную станцыю", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь