Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 мая разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Кільчэўскага Аляксандра Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

Іванца Андрэя Іванавіча - галоўным вучоным сакратаром Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

Фісенку Ігара Валянцінавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Княстве Манака і Партугальскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Кулака Віталя Уладзіміравіча - старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама;

Бісуна Юрыя Юр'евіча - старшынёй Пружанскага райвыканкама;

Ткачука Анатоля Уладзіміравіча - старшынёй Іванаўскага райвыканкама;

Лугіной Таццяны Аляксееўны - старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці;

Кушнарэнкі Аляксея Іванавіча - генеральным дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі "Белпалівагаз";

Іванковіча Валерыя Валер'евіча - генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЎТАМАЗ";

Іванькова Рыгора Іванавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Лідсельмаш";

Даўгалы Аляксандра Станіслававіча - генеральным дырэктарам рэспубліканскага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Кіруючая кампанія холдынга "Беларуская цэментная кампанія";

Шуціліна Вячаслава Юр'евіча - рэктарам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт";

Веліканава Віталя Віктаравіча - рэктарам установы адукацыі "Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія";

Маханько Вадзіма Леанідавіча - генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве";

Касцюкова Ігара Анатольевіча - першым намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва;

Ананіча Аляксея Іванавіча - намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва;

Грыба Міхаіла Вячаслававіча - членам Віцебскага аблвыканкама;

Шыка Кірыла Іванавіча - членам Мінскага аблвыканкама;

Кубракова Івана Уладзіміравіча - членам Мінскага гарвыканкама.

Пры ўзгадненні назначэнняў кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Прэзідэнт дэталёва цікавіўся сітуацыяй не толькі ў канкрэтных раёнах, але і ў цэлым у Брэсцкай вобласці. Пра паказчыкі ў сектары АПК гэтага рэгіёна падрабязна далажыў Віталь Кулак, які ўзгоднены на пасаду старшыні Жабінкаўскага райвыканкама, а да гэтага займаў пасаду старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама. У цэлым усе планы выконваюцца, завяршаецца пасяўная кампанія. Месцамі, дзе пасевы былі пашкоджаны, у тым ліку нядаўняй засухай, праводзяцца неабходныя работы. Ужо ідзе нарыхтоўка кармоў. Дадатная дынаміка адзначаецца і ў жывёлагадоўлі.

"Заўсёды так бывае: недзе прымарозіць, то залье, то падсушыць. Нас мінулы год навучыў. Таму і вось у бягучым годзе, можа, яшчэ і будучым нам трэба аднавіць запасы і кармоў, і, асабліва, збожжа. Трэба, каб былі запасы. Усякае можа быць. Клімат змяніўся. Ну, і мы прывыклі працаваць традыцыйна - вырасцілі збожжавыя, кармы... Я часта аб гэтым ужо гавару: клімат змяняецца, трэба шукаць новыя культуры, каб атрымаць грошы. Патрэбна эканамічная эфектыўнасць, а не проста мяса і малако", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"На нашых традыцыйных рынках, вы бачыце, вельмі складана сёння працаваць. Тым больш Расія сябе такім чынам паводзіць - незразумелым. Нават планы выпрацавалі з імі - балансы паставак малака, мяса, і мы іх не выконваем, таму што закрылі рынак. Гэта ж нядобра, калі мы дагаворваемся наконт аб'ёму, колькі паставім на расійскі рынак, і мы не можам паставіць з-за тармажэння. Гэта сур'ёзнае пытанне. Нам трэба абмяркоўваць сур'ёзна на высокім узроўні, узроўні ўрадаў, гэту праблему", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым выказаў меркаванне, што, магчыма, сельгасвытворцам у Беларусі не варта фарсіраваць павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці мяса і малака, таму што іх не так проста сёння прадаць за мяжу. "У крайнім выпадку па ялавічыне нам давядзецца трымаць (аб'ёмы вытворчасці. - Заўвага), таму што яе потым не наросціш хутка. Ну, а калі будзе вялікі попыт у свеце на свініну, птушку - гэта мы можам хутка нарасціць, калі трэба будзе", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму паўстае пытанне, ці варта нам так інтэнсіўна нарошчваць гэтыя традыцыйныя нашы прадукты. Трэба шукаць нешта новае, каб займацца імпартазамяшчэннем. Мы яшчэ сотні мільёнаў долараў трацім па куплю па імпарце, асабліва агародніны, фруктаў. Трэба ў сябе гэта вырабляць. І вось на гэта трэба звяртаць увагу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама пацікавіўся, чым было абумоўлена рашэнне перавесці Юрыя Бісуна з пасады старшыні Іванаўскага райвыканкама на аналагічную пасаду ў Пружанскім раёне. "Гэта моцны кіраўнік, які даволі доўга працуе старшынёй Іванаўскага райвыканкама. Ён у ліку вопытных старшынь. Яго вопыт спатрэбіцца ў Пружанах, каб надаць дынаміку развіццю гэтага раёна, таму было прынята рашэнне правесці такую ратацыю па гарызанталі", - растлумачыла Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. У цэлым паказчыкі эфектыўнасці сёння ў Іванаўскім раёне лепшыя, чым у Пружанскім, і ад новага старшыні Юрыя Бісуна чакаюць станоўчай дынамікі і на новым месцы працы.

Прэзідэнт таксама арыентаваў мясцовыя органы ўлады на дастойную арганізацыю маючых адбыцца ў Беларусі электаральных працэсаў. "Не забывайце - у нас два палітычныя гады (размова аб маючых адбыцца ў 2019-2020 гадах парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. - Заўвага). Партыі няма, якая б, як раней (у часы Савецкага Саюза. - Заўвага), займалася палітычнымі кампаніямі. Даводзіцца вам займацца. Трэба, каб гэта ўсё было дастойна. У нас сёння ёсць усё, каб нармальна ўвайсці ў перадвыбарныя гэтыя кампаніі і нармальна выглядаць перад людзьмі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Не без крытыкі. Людзі заўсёды ўладу крытыкавалі і будуць крытыкаваць, але гэта не крытычна".

"Зразумела, я гаварыў заўсёды, што экзамен нам давядзецца здаваць. Таму глядзіце, каб усё было дастойна, прыгожа і каб з боку перш за ўсё нашых людзей, ды і суседзяў, да нас не было прэтэнзій", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Узгадняючы новага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці, Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць роўныя ўмовы працы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання ў сферы лёгкай прамысловасці незалежна ад формы ўласнасці.

"Трэба, у рэшце рэшт, прывесці ўсе суб'екты гаспадарання ў аднолькавыя ўмовы - і прыватныя, і індывідуальныя, і мяшочнікаў (яны крыўдзяцца, што я іх так называю, а як інакш?), каб усе былі ў аднолькавых умовах, як дзяржпрадпрыемствы. Няхай канкурыруюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, нягледзячы на тое, што з часоў Савецкага Саюза ў Беларусі захавалася і атрымала развіццё магутная база ў сферы лёгкай прамысловасці, цяпер краіна імпартуе значныя аб'ёмы адпаведнай прадукцыі. "Сёння рознае адзенне прывозім з-за мяжы, а ў сябе нібыта не можам вырабляць. Гэта відаць і знешне, і па эканамічных паказчыках", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы паставіў перад новым кіраўніком "Беллегпрама" задачу аздаравіць галіну, абнавіць кадравы склад. "Трэба ўзварухнуць апарат. Не хочуць працаваць, значыць трэба новых людзей уводзіць. Часу на разварушванне практычна няма. Трэба раскруціць тыя прадпрыемствы, якія сёння могуць працаваць (іх нямала)", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на праблемныя прадпрыемствы, у прыватнасці, ААТ "Сукно" і "Камволь". "Па "Камволі" проста трэба пачынаць працаваць як належыць. Гэта нікуды не варта. У вас нават у Пінску не было такога ўзроўню, як у іх, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся на новага кіраўніка "Беллегпрама" Таццяны Лугіной, якая раней узначальвала Пінскае прамыслова-гандлёвае аб'яднанне "Палессе". - Працаваць, відаць, не хочуць".

Кіраўнік дзяржавы даручыў новаму кіраўніку разабрацца ў сітуацыі на прадпрыемствах, прыняць дзейсныя меры, а са свайго боку паабяцаў усялякае садзейнічанне. "Вядома, будзе няпроста падняць гэты пласт. Але вы заўсёды можаце разлічваць у тым ліку і на маю падтрымку", - запэўніў ён.

Пры ўзгадненні кандыдатуры новага генеральнага дырэктара МАЗа Прэзідэнт адзначыў, што незадаволены эканамічнымі паказчыкамі работы Мінскага аўтамабільнага завода і патрабуе павысіць эфектыўнасць дзейнасці прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што МАЗ уваходзіць у лік важнейшых прамысловых прадпрыемстваў краіны. "Мы гэта прадпрыемства не можам страціць. МАЗ, БелАЗ, МТЗ - гэта аблічча нашага аўтамабілебудавання і нашай краіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Разам з тым Прэзідэнт выказаў нездавальненне эфектыўнасцю работы Мінскага аўтамабільнага завода. "Вялікія магчымасці патэнцыяльна ў МАЗа. І прадпрыемства знешне нядрэннае, і калектыў нядрэнны (гэта ж якая школа!), а эканамічныя паказчыкі слабыя. Мы не можам трымаць стратнае прадпрыемства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён арыентаваў новага кіраўніка на прыняцце дзейсных мер для вываду завода са складанай сітуацыі.

"Разбярыцеся. Калі патрэбны нейкія кадры, не саромейцеся, запрашайце", - дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што назначэнне папярэдняга кіраўніка - Дзмітрыя Кацярыніча - было памылковым. "Напэўна, мы ў кадравых адносінах дапусцілі памылку. І не столькі гэта мая віна, колькі гэта ў нас былі дзеячы ва Урадзе, усе спадзяваліся, што цяперашні кіраўнік (Дзмітрый Кацярыніч. - Заўвага) выцягне гэта прадпрыемства", - сказаў беларускі лідар.

Звяртаючыся да новага генеральнага дырэктара МАЗа Валерыя Іванковіча, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя на прадпрыемстве няпростая. "Калі вы там справіцеся з гэтай работай, я вам асабіста буду вельмі ўдзячны", - сказаў Прэзідэнт і паабяцаў у хуткім часе асабіста наведаць МАЗ. 

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуўся да новага кіраўніка "Лідсельмаша" Рыгора Іванькова: "Прадпрыемства можа і павінна працаваць. І падтрымлівалі яго ў свой час, я бываў не раз на гэтым прадпрыемстве. Неабходна на патрэбны ўзровень выводзіць".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што абодва новыя кіраўнікі пяройдуць на работу ў МАЗ і "Лідсельмаш" з холдынга "Амкадор", дзе працавалі да гэтага часу. У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся, ці не прывядзе прыняцце такіх кадравых рашэнняў да праблем у рабоце "Амкадора": "Мы не аслабім кампанію?" Прэзідэнта запэўнілі, што ў "Амкадоры" ёсць пераемнасць у рабоце кіруючага складу і замена супрацоўнікам знойдзецца.

Разглядаючы кадравыя пытанні па ўзгадненні кіраўнікоў шэрага прамысловых прадпрыемстваў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна павысіць эфектыўнасць работы прадпрыемстваў цэментнай галіны і павялічыць аб'ёмы рэалізацыі іх прадукцыі на знешніх рынках. "Трэба шукаць напрамкі рэалізацыі цэменту. У нас яго хапае. Цэментнікі некалі мяне прасілі ў два разы павялічыць вытворчасць і мадэрнізаваць. Уклалі грошы, мадэрнізавалі. Трэба ў гэтым напрамку дзейнічаць, паступова вяртаць крэдыты, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Але для гэтага трэба і на знешніх рынках эфектыўна працаваць. Там у нас праблем было вельмі шмат. Я нават падазраваў, што нехта там стварае гэтыя праблемы, асабліва ў напрамку Расіі. Не так проста з Расіяй працаваць. Там хапае тых, якія хацелі б нахіліць. Канкурэнцыя, прытым канкурэнцыя непрыстойная".

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, сітуацыя з рэалізацыяй цэменту за мяжу палепшылася. Заводы дыверсіфікавалі экспарт, пераарыентаваліся на еўрапейскі рынак, там гатовы закупляць айчынную прадукцыю па больш высокіх цэнах. Істотна выраслі пастаўкі ў Польшчу, Латвію, Украіну.

Разам з тым значны аб'ём рэалізуецца на ўнутраным рынку. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць расшыраць сферу прымянення цэменту.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі насцярожана ўспрымае спробы прыватызаваць прадпрыемствы, асабліва ў Гродне. "Гэта ўжо крайні выпадак. Трэба ўсё ж такі раскруціць прадпрыемства, каб яно працавала. Потым калі і прадаваць - даражэй будзе. Але я не хацеў бы прадаваць гэтыя прадпрыемствы. Гэта як МАЗ у такой кампаніі (Беларуская цэментная кампанія. - Заўвага)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да новых кіраўнікоў, ён падзякаваў ім за згоду ўзначаліць прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў няпростай сітуацыі: "У вас такія цяпер кускі, што, калі вы іх падніміце, проста будзеце знакамітымі людзьмі ў Беларусі. Так склалася сітуацыя, акрамя, можа, "Белпалівагаза", дзе ў нас больш-менш становішча нармальнае, спецыялісты добрыя... А тут у нас правалы значныя".

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў усялякую падтрымку новым кіраўнікам, але ў той жа час нагадаў аб недапушчальнасці выкарыстання службовага становішча з карыслівай мэтай. "Галоўнае, каб было чыста і сумленна з вашага боку. Вы ведаеце, што я маю на ўвазе, і дзе я не магу вас абараніць. Не таму, што ў мяне ўлады не хапае. Гэта супярэчыць майму ўнутранаму настрою і зместу. Карупцыя - гэта ганьба. Бяруць так, што сорамна часам. Галоўнае, каб у вас тут склалася. А так вы людзі вопытныя, талковыя. Думаю, што павінна атрымацца", - адзначыў Прэзідэнт.

Узгадняючы назначэнне новых рэктараў у БДЭУ і Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Прэзідэнт арыентаваў установы вышэйшай адукацыі краіны на больш практыкаарыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў, а таксама з акцэнтам на асаблівасці развіцця той ці іншай сферы ў Беларусі.

"У нас усюды недахопаў у ВНУ хапае. Трэба бліжэй да жыцця рыхтаваць студэнтаў. А самае галоўнае, каб яны пасля заканчэння вучобы прыходзілі туды, куды трэба - для чаго яны атрымлівалі гэту адукацыю. А не ехалі незразумела куды і не прасіліся ўсе працаваць дзесьці там сакратарамі, рэферэнтамі і саветнікамі пасля студэнцкай лаўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна спыніўся на развіцці названых ВНУ і даў канкрэтныя даручэнні па ўдасканаленні іх работы. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу Віталя Веліканава, які ўзначаліць Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, што гэта не проста ВНУ, а фактычна асобны горад: "Я калі першы раз туды прыехаў, наогул быў уражаны. Я не думаў, што ў Беларусі ёсць такія месцы".

У апошнія гады была праведзена значная работа па абнаўленні і добраўпарадкаванні тэрыторыі сельгасакадэміі, і трэба будзе ўсё гэта падтрымліваць у належным парадку, даў наказ Прэзідэнт.

У час размовы высветлілася, што ВНУ пакуль яшчэ не вярнулі вучэбную гаспадарку, як гэта абмяркоўвалася раней. Пачуўшы гэта, Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца ў сітуацыі і вырашыць пытанне ў першым паўгоддзі бягучага года. "Я так думаў, што вучгас ужо вярнулі. Але згадзіцеся, што ён патрэбны", - заўважыў беларускі лідар.

"Абавязкова патрэбны. У першую чаргу гэта практычная падрыхтоўка студэнтаў. Гэта сваё. І там жа і выкладчыкі, і вучоныя, ёсць база, дзе працаваць", - пацвердзіў Віталь Веліканаў.

"У першым паўгоддзі бягучага года пытанне павінна быць закрыта. Калі там ёсць нейкія новыя супраць гэтага матывы, дык вы далажыце. Але я не бачу, якія могуць быць матывы супраць. Як навучаць студэнтаў на зямлі, на жывёлагадоўчых комплексах, калі гэтага няма свайго... І я ўпэўнены, што гэта гаспадарка горшай не будзе ў яго", - распарадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца БДЭУ, нягледзячы на тое, што новы рэктар Вячаслаў Шуцілін прыходзіць з пасады першага прарэктара, Аляксандр Лукашэнка разлічвае на новы струмень у развіцці ВНУ: "Важна, каб у вас было што-небудзь сваё, і вы маглі ў гэтым універсітэце рэалізаваць абавязкова. Усё нібыта нядрэнна, але вы збоку павінны былі бачыць і недахопы гэтага ўніверсітэта".

Прэзідэнт расказаў, што ў свой час пры наведванні ВНУ звярнуў увагу, што студэнты ў бібліятэцы вывучалі замежную эканамічную літаратуру. "І пасылаючы туды Шымава (ранейшы рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў. - Заўвага), я яму сказаў: калісьці ты меў дачыненне да выпрацоўкі эканамічнай стратэгіі Беларусі, і нам студэнтаў трэба рыхтаваць для нашай эканомікі, а не так, як нам хтосьці там рэкамендуе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, часта атрымлівалася так, што студэнтаў рыхтавалі ў адным напрамку, а калі яны ўжо ў якасці спецыялістаў прыходзілі на прадпрыемства, акуналіся ў нюансы айчыннай эканомікі, іх даводзілася на месцы перавучваць. "Таму яму была пастаўлена задача вярнуць адукацыю для нашай эканомікі. Спадзяюся, што вы гэта зрабілі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я вельмі спадзяюся, што вы недахопы бачылі і зробіце ўсё для таго, каб узняць на больш высокую ступень развіццё гэтага ўніверсітэта. І асабліва якасць выкладання. Для гэтага ва ўніверсітэце ёсць усе магчымасці", - дадаў Прэзідэнт.

Разам з тым ён звярнуў увагу і на неабходнасць выкарыстання вопыту папярэдняга рэктара Уладзіміра Шымава: "У яго вялікі  вопыт работы ў сектары эканомікі, ва ўрадзе. Такіх спецыялістаў няшмат. Але вы павінны ад яго ўзяць тое, што вам трэба, і больш шырока паглядзець на развіццё гэтага ўніверсітэта. Вельмі спадзяюся, што так і будзе".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на некаторыя асаблівасці студэнцкага асяроддзя: "Не забывайце, студэнты заўсёды ў нас ужо не тое што парахавая бочка, - нам проста пашанцавала, што ў нас студэнты ў ВНУ не такія, як недзе. Прыстойныя, добрыя людзі. Але, тым не менш, гэта свабодалюбівыя, свавольныя людзі. Таму з імі трэба працаваць. І дзве палітычныя кампаніі - яны проста як лакмусавая паперка пакажуць, як вы там спрацуеце. А без вас нікуды".

"У сельгасакадэміі, напэўна, я дакладна пабуду. Ва ўніверсітэце, можа, у наступным годзе. Поспехаў вам!"- рэзюмаваў беларускі лідар.