Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 мая разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Мірончыка Дзмітрыя Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Швецыя;

Лукашэвіча Аляксандра Васільевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Балгарыя і па сумяшчальніцтве ў Грэчаскай Рэспубліцы і Рэспубліцы Кіпр;

Качанава Вячаслава Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Эстонскай Рэспубліцы;

Пальчыка Генадзя Уладзіміравіча - рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

Астапенку Уладзіміра Аркадзьевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Чылі па сумяшчальніцтве;

Калесніка Валерыя Георгіевіча - пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) па сумяшчальніцтве;

Гусачэнку Сяргея Аляксандравіча - намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Грышкевіча Міхаіла Міхайлавіча - старшынёй Кобрынскага райвыканкама;

Камінскага Аляксандра Віктаравіча - старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама;

Богуша Вадзіма Анатольевіча - рэктарам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі";

Драгана Аляксандра Вячаслававіча - рэктарам установы адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт";

Лёгкага Паўла Мікалаевіча - першым намеснікам Міністра інфармацыі;

Красінскага Аляксея Дзмітрыевіча - дырэктарам Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў;

Гусева Ігара Уладзіміравіча - дырэктарам Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;

Чайкоўскага Аляксандра Іванавіча - генеральным дырэктарам дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах";

Хвалько Георгія Мікалаевіча - кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама.

"І Эстонія, і Балгарыя - гэта блізкія нам дзяржавы. Яны добра да нас ставяцца, і людзі там разумеюць, ведаюць Беларусь. У Швецыі будзе крыху складаней, але, напэўна, і там ужо пэўны паварот у бок Беларусі адбыўся. І гэта тэндэнцыя будзе ўзмацняцца. Але са скандынаўскімі краінамі мы маем неапраўдана нізкі ўзровень адносін, а вучыцца ў іх можна шмат чаму: у фінаў, шведаў, нарвежцаў. Пачынаючы ад дрэваапрацоўкі і заканчваючы хакеем на злобу дня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў дыпламатаў, назначаных пасламі ў гэтыя краіны, работы будзе дастаткова. "Швецыя для нас краіна вельмі важная, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Няважна, што там некаторыя палітыкі вельмі палітызаваліся ўжо, усяляк бывае. Але выбудоўваць адносіны з імі трэба. Вы ведаеце, што дадатнае сальда ў тавараабароце - гэта аксіёма, мы на гэта павінны працаваць. Усё будзе добра, калі будзе эканоміка".

Уладу на месцах Аляксандр Лукашэнка арыентуе на развіццё сферы абслугоўвання. "Трэба даводзіць да ладу прадпрыемствы сэрвісу. Гэта і бытавое абслугоўванне, і швейныя, і цырульні. Каб мы маглі абслугоўваць людзей. Я не кажу ўжо аб гандлі. Вы жывяце ў раёнах, вам давядзецца гэтым займацца", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё часцей наведвае раённыя арганізацыі ў час рабочых паездак па краіне. Напрыклад, нядаўна вывучаў стан спраў у Жыткавіцкім раёне. "Шчыра кажучы, мне спадабалася, як там ідуць справы і планы. І вы павінны памятаць, што вы павінны быць гаспадарамі ў раёне, а ў гаспадара павінны быць адпаведныя інструменты і рычагі. Таму я ад вас патрабую, каб у вас была і будаўнічая арганізацыя, райаграсэрвіс. Каб мы аказвалі паслугі не толькі сельскагаспадарчым і прамысловым прадпрыемствам на месцы, але і людзям, насельніцтву", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу на сферу сельскай гаспадаркі, якая натуральным чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў у раёнах. "Работа з людзьмі, дысцыпліна і жалезны парадак на месцах, тэхналогіі", - акрэсліў кола задач Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб недапушчальнасці правапарушэнняў. "Мы вельмі строга кантралюем усю вертыкаль улады. Асабліва па выяўленні карупцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Пры разглядзе кадравых пытанняў адносна кіраўніцтва ВНУ Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ратацыю ў гэтай сферы даручыў пачаць ужо даўно. "Таму што вельмі многія засядзеліся ўжо ў гэтых крэслах. Ужо няма таго, што патрэбна. Трэба асучасніць ВНУ. Трэба яшчэ на адну прыступку ўзняцца вышэй, выконваць заказ грамадства і эканомікі па тых кадрах, у якіх яны маюць патрэбу. Жыццё дыктуе свае ўмовы. Таму патрэбны новыя людзі", - сказаў Прэзідэнт.

"Што датычыцца Акадэміі кіравання, адпачываць там не атрымаецца. Там трэба поўнасцю перавярнуць сістэму адукацыі. Трэба вызначыцца, перш за ўсё, чаго мы хочам ад Акадэміі кіравання. Калі вызначымся, зразумеем, каго мы павінны рыхтаваць. Потым трэба памяняць праграмы. Там рыхтуюць і вядуць павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў. Пад гэта патрэбны праграмы. А потым падбіраць трэба выкладчыкаў. Гэта павінны быць сапраўдныя патрыёты, хоць асаблівых прэтэнзій да выкладчыкаў ВНУ прад'явіць мы не можам, але тым не менш гэта павінны быць абсалютныя дзяржаўнікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Поўнасцю сістэму трэба перабудаваць. Я не ведаю, як там у Адміністрацыі яе спрабуюць перабудаваць, але, калі рэктар адцягнены ад гэтага і яго няма, сістэму не выбудуеш. Таму трэба дакладна разумець: цяперашні кіраўнік - гэта чалавек, які ведае эканоміку, замежную мову і можа размаўляць з любым. На гэта трэба настройваць. Значыць, трэба вывучаць больш замежную мову, запрашаць туды больш людзей з эканамічным ці юрыдычным ухілам. Калі нам трэба, каб кіраўнік валодаў паліталогіяй, значыць, трэба вывучаць гэтыя навукі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта не тое, як было ў ВПШ (вышэйшая партыйная школа) калісьці. І катэгарычна не тое, што цяпер. Мы сёння там адукацыю даём людзям дзеля адукацыі. Хто другую, хто трэцюю, хто пятую... І тысячу гадоў ім гэта адукацыя не патрэбна. Таму трэба падумаць па адборы. Дакладна вызначыцца. Калі мы будзем стацыянар пакідаць - які гэта павінен быць стацыянар. А яго, відаць, трэба пакінуць, можа, сапраўды ёсць маладыя людзі, якіх варта браць пасля школы, і яны там атрымаюць адукацыю. Гэта будуць добрыя кіраўнікі. Але перш за ўсё трэба дашліфоўваць, праводзіць павышэнне кваліфікацыі цяперашніх кіраўнікоў і тых, хто ў рэзерве стаіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна хутка перабудавацца і ўжо на 1 верасня ажыццяўляць набор тых людзей, якія сапраўды павінны атрымліваць адукацыю ў Акадэміі кіравання. "Ні ў якім разе нельга падганяць колькасць і наогул будаваць адукацыю пад тыя карпусы, якія там ёсць. Калі там нешта лішняе, трэба выключыць. Але я не думаю, што там ёсць нешта лішняе. Трэба проста сесці і падумаць разам. Гэта Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце - адзіная навучальная ўстанова, фактычна падпарадкаваная непасрэдна Прэзідэнту, а мы не можам там выбудаваць сістэму адукацыі як належыць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў не зацягваць і з вызначэннем новай кандыдатуры на пасаду старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, на якой працаваў Генадзь Пальчык. "Я так разумею, вы падрыхтавалі сабе замену там, як вы мне абяцалі пры назначэнні. Там павінен быць вельмі прыстойны, сумленны чалавек. Вышэйшая атэстацыйная камісія - гэта кузня кадраў вышэйшай кваліфікацыі, будучых і цяперашніх вучоных. Гэта таксама вельмі важнае ведамства. Зацягваць з назначэннем у ВАК нельга", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што перад усімі трыма новымі рэктарамі стаіць вельмі сур'ёзная задача - прыўнесці нешта новае ў работу ВНУ.

Пасля завяршэння работы з кадравымі пытаннямі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам аб ходзе выканання раней дадзеных даручэнняў Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлю Качанаву. Усяго на кантролі Адміністрацыі знаходзяцца больш як 3 тыс. даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, дадзеных пры правядзенні розных мерапрыемстваў, у тым ліку агульнарэспубліканскага ўзроўню, наведванні рэгіёнаў. Яны датычацца самых розных пытанняў, у тым ліку заработнай платы, цэнавай палітыкі, занятасці, развіцця рэгіёнаў, эканомікі, сацыяльнай сферы і шмат чаго іншага. Было даложана, што ўсе даручэнні знаходзяцца на строгім кантролі. Пры гэтым прыкладна 81 працэнт з іх выкананы. Ёсць шэраг даручэнняў, тэрміны для рэалізацыі якіх яшчэ не надышлі. І ёсць нявыкананыя даручэнні, за што будзе асаблівае запатрабаванне з адпаведных кіраўнікоў.