Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Перагаворы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам

1 снежня 2017 года

Беларусь і Таджыкістан дамовіліся выпрацаваць дарожную карту далейшага развіцця адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 снежня на перагаворах у Мінску з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

"Мы дамовіліся, што трэба яшчэ раз у гэтых новых умовах, калі падымаецца Таджыкістан, калі наладзіліся адносіны з суседзямі (ужо няма той праблемы па пастаўках і гэтак далей), выпрацаваць дарожную карту нашых адносін. Гэта - Прэзідэнт Таджыкістана прапанаваў - трэба зрабіць нашай міжурадавай камісіі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Трэба паглядзець, што мы ў вас будзем купляць, што вы ў нас, дзе мы разам пойдзем, якія сумесныя прадпрыемствы будзем ствараць. Трэба разгортвацца нам у Таджыкістане, і Таджыкістан стане бліжэй да нас", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Нягледзячы на няпростыя ўмовы, ваша краіна развіваецца. Яна ўстае пасля таго крызісу, які мы з вамі перажылі. Таджыкістан удзельнічае ў рэалізацыі маштабных праектаў па будаўніцтве ліній электраперадачы, гідраэлектрастанцый, сучасным добраўпарадкаванні сталіцы рэспублікі - цудоўнага і любімага мною Душанбэ. Перакананы, што моцная эканоміка служыць гарантам бяспекі краіны, лепшым шчытом ад знешніх пагроз: тэрарызму, экстрэмізму і іншых негатыўных з'яў сучаснасці", - заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Таджыкістан з'яўляецца для Беларусі дружалюбнай дзяржавай і надзейным партнёрам, а таксама выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт стане яшчэ адным крокам на шляху ўмацавання беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння, умацавання дружбы паміж народамі дзвюх краін. "У нас з Прэзідэнтам Таджыкістана ўстанавіліся даўнія братэрскія, дружалюбныя, самыя цёплыя адносіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Самое галоўнае - мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час, можа вясной, арганізуем у Таджыкістане маштабную выстаўку нашых кампаній і прадпрыемстваў. З такім разлікам, каб разам з вамі выйсці на афганскі і пакістанскі рынкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.



Ён адзначыў, што ў Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі кіраўніцтва Афганістана, буйныя бізнесмены і просяць арганізаваць пастаўкі тэхнікі і прадуктаў харчавання, дапамагчы адкрыць там зборачныя вытворчасці. "Нам вельмі хацелася б, каб да гэтага працэсу вы падключыліся. Таму што вы, як ніхто іншы, ведаеце Афганістан. Гэта велізарная краіна, дзе жывуць добрыя людзі. Вайна рана ці позна скончыцца. Але там трэба ствараць гэтыя прадпрыемствы. Патрэбныя для народа", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Эмамалі Шарыпавіч падтрымаў гэты праект па стварэнні вытворчасцей, якія будуць працаваць на тры краіны - ад нас праз Таджыкістан у Афганістан. Але мы павінны паказаць гэту прадукцыю, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, нават у нашым брацкім Таджыкістане не ўсе ведаюць, што мы можам рабіць. І на бізнес-форум, які мы там арганізуем, прыедуць і афганскія бізнесмены, таджыкскія. Калі з Узбекістана або іншых рэспублік пажадаюць пабываць на гэтым форуме - калі ласка".

Прэзідэнт даручыў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці аператыўна заняцца пытаннямі арганізацыі выстаўкі. "Мы павінны вывезці ўвесь спектр нашай прадукцыі і паказаць там", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў накіраваць у Таджыкістан кіраўніцтва буйнейшых кампаній для вывучэння магчымасцей стварэння новых сумесных вытворчасцей.

"Гатовы ў поўнай меры забяспечыць патрэбнасці Таджыкістана ў аўтамабільнай тэхніцы, дарожна-будаўнічай, кар'ернай і іншай, якая вам неабходна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў Таджыкістане вядзецца вялікая работа ў сферы гідраэнергетыкі, у горназдабыўной галіне. Беларускі бок шчыра рады таму, што будаўніцтва Рогунскай ГЭС выйшла на завяршальны этап. "Спадзяёмся, нашы аб'екты гаспадарання не застануцца ўбаку і прымуць самы актыўны ўдзел у рэалізуемых вамі праектах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вялікае значэнне надаецца развіццю эканамічных сувязей. "У гэтым годзе ўдалося дабіцца павелічэння тавараабароту, арганізаваць у горадзе Гісары зборачную вытворчасць сельгастэхнікі Мінскага трактарнага завода і "Бабруйскаграмаша". Гэта добрая аснова для таго, каб рухацца далей", - лічыць беларускі лідар.



"Мы можам пашырыць наменклатуру вырабляемай прадукцыі ў Гісары за кошт камунальнай, будаўнічай і пажарнай тэхнікі. Трэба стварыць на базе гэтага зборачнага прадпрыемства шматфункцыянальны цэнтр, які забяспечыць комплексны падыход да сумеснага выпуску машын, - сказаў Прэзідэнт. - Тут акрамя зборкі павінны вырашацца пытанні гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, якаснага навучання мясцовых спецыялістаў".

З улікам беларускага вопыту ёсць таксама гатоўнасць на базе аднаго з прафесійна-тэхнічных ліцэяў Таджыкістана адкрыць рэсурсны цэнтр, які садзейнічаў бы павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы людзей па рабочых спецыяльнасцях.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошні час нямала зроблена для якаснага абнаўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Душанбэ. У бягучым годзе грамадскі транспарт таджыкскай сталіцы быў аснашчаны распрацаванай у Беларусі аўтаматызаванай сістэмай аплаты і кантролю праезду. Узаемадзеянне ў гэтай галіне Беларусь гатова прадаўжаць. "У беларускіх прадпрыемстваў вялікі вопыт вытворчасці аўтобусаў, тралейбусаў, камунальных машын. Шырокая геаграфія паставак і станоўчыя водгукі спажыўцоў даюць магчымасць смела прапаноўваць гэту прадукцыю нашым сябрам. Дарэчы, мне сёння гаварыў і Прэзідэнт, што наша машынабудаванне карыстаецца вялікім попытам у рэгіёне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў Мінску апрабуецца новы экалагічна чысты від грамадскага транспарту - электробус, які дэманструе добрыя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Таджыкскія профільныя ведамствы запрошаны азнаёміцца з яго эксплуатацыйнымі магчымасцямі. "Тым больш літаральна праз год-два ў вас з'явяцца лішкі электраэнергіі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу беларускі бок зацікаўлены ў прамых пастаўках высакаякасных прадуктаў з Таджыкістана. "Вашага баваўнянага валакна. Разгледзім і іншыя прапановы вашых вытворцаў", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Пакуль застаецца нерэалізаваным патэнцыял фармацэўтычнай галіны. Гэта пытанне ў вузкім коле ўзняў Прэзідэнт і мне гаварыў, што гэта будзе запатрабавана ў Таджыкістане, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба прапрацаваць пытанне сустрэчных паставак лекавых сродкаў і расліннай сыравіны. Прапаную падумаць аб магчымай фасоўцы беларускіх прэпаратаў у Таджыкістане. Гэта практыка добра зарэкамендавала сябе ў іншых краінах".

Прэзідэнт лічыць неабходным актыўна развіваць цесныя кааперацыйныя сувязі, выпускаць вырабы, якія карыстаюцца попытам, і прасоўваць іх на рынкі трэціх краін.



Бакі таксама вітаюць актыўныя кантакты на рэгіянальным узроўні, якія часта становяцца лакаматывам працэсу міждзяржаўнага супрацоўніцтва.

Што датычыцца палітыкі і дыпламатыі, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў бакоў у гэтай сферы найбольш блізкія пазіцыі. "Мы заўсёды дамаўляліся. Ваш адзін званок, рэкамендацыя, просьба - мы заўсёды выконвалі. Калі я вас папрашу, вы заўсёды да дробязей паслядоўныя і пунктуальныя. Дай бог, каб у нас такія адносіны складваліся з усімі", - сказаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон падтрымаў прапанову аб неабходнасці больш актыўнай работы над стварэнем сумесных вытворчасцей. Ён упэўнены ў тым, што для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Таджыкістанам і Беларуссю ёсць усе неабходныя ўмовы.

Прэзідэнт Таджыкістана таксама бачыць новыя магчымасці для рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў у рэальным сектары эканомікі. "У апошнія гады мы з вамі цалкам апраўдана зрабілі стаўку на рэалізацыю канкрэтных эканамічна выгадных праектаў у галінах, дзе супадаюць інтарэсы бакоў. Гэта перш за ўсё аграпрамысловы комплекс, машынабудаванне, сферы транспарту, харчовай і лёгкай прамысловасці", - сказаў Эмамалі Рахмон.

"Мы ў Таджыкістане з высокім пачуццём і сімпатыяй ставімся да брацкага беларускага народа і вельмі даражым традыцыямі шчырай дружбы паміж намі", - падкрэсліў Прэзідэнт Таджыкістана.

Пасля завяршэння перагавораў паміж краінамі быў падпісаны шэраг пагадненняў у сферах сельскай гаспадаркі, навукі і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Подпісы пад дакументамі ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў паставілі кіраўнікі адпаведных ведамстваў і рэгіёнаў.


© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь