Перагаворы з Прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам

  • 19

Беларусь і Судан маюць намер пашыраць супрацоўніцтва ў мэтах павышэння ўзроўню двухбаковых адносін і ўмацавання партнёрства. Такі вынік афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам, якія адбыліся 10 снежня ў Палацы Незалежнасці.

Перагаворы двух лідараў прайшлі ў вузкім і пашыраным складах з удзелам членаў дэлегацый. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з суданскім лідарам у фармаце сам-насам адзначыў, што яго візіт у Мінск у снежні з Хартума, дзе трыццаціградусная гарачыня, - гэта "добры экстрым". "Мне вельмі прыемна, што вы прыехалі да нас зімой. Праўда, сёння не зімовы дзень, але для таго, каб адчуць сябе на поўначы, тэмпературы дастаткова", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў аб сваім візіце ў Хартум у студзені 2017 года. "Нам тады ўдалося дасягнуць шэрага дамоўленасцей, якія, безумоўна, змогуць вывесці нас на вельмі высокі ўзровень супрацоўніцтва. Прынамсі, мы зможам стварыць фундамент нашых адносін, выканаўшы гэтыя дамоўленасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу вас запэўніць у тым, што мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе нашы дамоўленасці настолькі хутка, наколькі будзе ваша воля і воля суданскага боку".

У сваю чаргу Амар аль-Башыр падкрэсліў дружалюбны характар адносін з Беларуссю. "У нас ёсць шмат супадзенняў у нашых адносінах: палітычнае, эканамічнае і нават ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, - заявіў Прэзідэнт Судана. - Мы сумесна з Беларуссю можам шмат зрабіць".

На перагаворах з суданскім калегам у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь лічыць Хартум надзейным партнёрам і давярае яму ў поўнай меры.

"Мы з вялікай павагай ставімся да вашай дзяржавы, - сказаў Прэзідэнт. - У нас няма абсалютна ніякіх рознагалоссяў у палітычнай сферы і закрытых для абмеркавання тэм. Паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца дружалюбныя і ўзаемавыгадныя адносіны". Сведчаннем стала размова двух лідараў у вузкім складзе, дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бакі ўжо дасягнулі пэўных вынікаў у развіцці супрацоўніцтва. Напрыклад, паспяхова рэалізуюцца даручэнні прэзідэнтаў, якія датычацца здабычы золата. "З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя на гэты метал. Я вам удзячны за тое, што вы прынялі рашэнне аб прадастаўленні нам другога радовішча па здабычы золата", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках сваёй прадукцыі ў Судан, аднак гэта не галоўнае пытанне. Бакі дамовіліся арганізаваць сумесныя зборачныя прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя комплексы поўнага цыкла. Пры гэтым Беларусь можа абучыць суданскіх спецыялістаў працаваць на тэхніцы, якую плануецца вырабляць у гэтай краіне. "Мы ў бліжэйшы час створым у Судане машынабудаўнічы цэнтр, дзе будзе ажыццяўляцца зборка трактароў, аўтамабіляў і будаўнічай тэхнікі. Таксама мы створым у вас малочнатаварныя комплексы і цяпліцы закрытага тыпу для вырошчвання агародніны і расады ў закрытым грунце", - расказаў аб новых дамоўленасцях Прэзідэнт.

Арганізацыі аховы здароўя Беларусі гатовы прадаставіць грамадзянам Судана высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу па ўсіх напрамках: ад нейрахірургіі да транспланталогіі. "У нас ёсць добрыя спецыялісты, якія змогуць навучыць вашых спецыялістаў гэтым высокатэхналагічным аперацыям", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка лічыць і гуманітарную сферу: адукацыю, навуку, спорт і культуру. "Тут нам вельмі важна працаваць разам над рэалізацыяй гуманітарных праектаў", - заявіў ён.

У час перагавораў стала вядома, што суданскі бок прыняў рашэнне адмяніць падатак на вырабленую тэхніку для сумеснага прадпрыемства, якое ствараецца ў Хартуме. Гэта дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі. "Мы зможам гандляваць гэтай тэхнікай не толькі ў Судане і, як мы толькі што дамовіліся, у Паўднёвым Судане, але і ва ўсёй Афрыцы", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў упэўненасць, што Беларусь і Судан у хуткім часе змогуць заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве ў банкаўскай сферы, якое дапаможа выпрацаваць надзейныя механізмы ўзаемаразлікаў.

"Нам трэба рухацца наперад і прадаўжаць выкананне дамоўленасцей, дасягнутых у Хартуме. Мы гатовы да адкрытага дыялогу, абмеркавання актуальных пытанняў супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў нашых краін", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках перагавораў кіраўнікі дзяржаў прынялі сумесную заяву, у якой адлюстравалі намер пашырыць супрацоўніцтва ў мэтах павышэння ўзроўню двухбаковых адносін і ўмацавання партнёрства.

Бакі згадзіліся аказваць узаемную падтрымку ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку ў ААН і Руху недалучэння, у адпаведнасці з міжнароднымі ініцыятывамі па рэагаванні на пагрозы і выклікі сучаснасці. Віталі інтэнсіўнае ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях і асабліва адзначылі важную ролю беларуска-суданскай сумеснай камісіі па супрацоўніцтве ў выпрацоўцы мерапрыемстваў па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва і каардынацыі сумесных намаганняў па іх рэалізацыі.

У мэтах удасканалення прамысловай базы Судана ў гэтай краіне будзе створана шматпрофільнае машынабудаўнічае зборачнае прадпрыемства па вытворчасці трактароў BELARUS, грузавых аўтамабіляў МАЗ і тэхнікі "Гомсельмаш". У рамках рэалізацыі праекта беларускі бок забяспечыць падрыхтоўку суданскіх спецыялістаў і перадачу суданскаму боку адпаведных тэхналогій. Будуць прыняты сумесныя меры па лакалізацыі вытворчасці.

Лідары краін з задавальненнем адзначылі прагрэс у рэалізацыі беларускім бокам праекта па здабычы золата. Бакі таксама дамовіліся рабіць неабходныя крокі па забеспячэнні рэалізацыі праектаў у энергетыцы і нафтавай сферы Судана.

У прысутнасці прэзідэнтаў таксама падпісаны дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. У іх ліку міжурадавае пагадненне аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, пагадненне паміж урадамі аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы. Заключана міжурадавае пагадненне аб абмене інфармацыяй у падатковай сферы, пагадненні аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах, аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах, міжурадавае пагадненне аб выдачы.

Бакі таксама падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў прамысловай сферы і заключылі некалькі канкрэтных дамоўленасцей па пастаўках сельгастэхнікі. Акрамя таго, падпісана пагадненне паміж краінамі аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, а таксама пратакол абмену ратыфікацыйнымі граматамі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Судан.

У час размовы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Аляксандр Лукашэнка ацаніў вынікі праведзеных перагавораў як плённыя. "Супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца, у апошнія паўтара года заўважаны значны прагрэс. Судан застаецца нашым важным і надзейным партнёрам у Афрыцы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У нас выдатныя палітычныя адносіны, і мы вітаем адкрыццё суданскага пасольства ў Беларусі. У сваю чаргу мы гатовы да такіх жа крокаў на тэрыторыі Судана".

Паводле яго слоў, бакі імкнуцца прыйсці да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін, чым проста абмен таварамі. У гэтых мэтах укараняем у практыку праектны падыход пры арганізацыі экспарту беларускай прадукцыі ў Судан. У прыватнасці, беларускі бок пашырае свае паслугі, тэхніку і абсталяванне для рэалізацыі розных праектаў: стварэння машынабудаўнічага прадпрыемства і мяса-малочнага комплексу, вырошчвання агародніны і расады ў закрытым грунце па беларускіх тэхналогіях, разведкі і здабычы золата. У Беларусі такі падыход лічаць узаемавыгадным і бяспройгрышным для абодвух партнёраў, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Патэнцыял дзвюх краін, якія знаходзяцца на стыку важнейшых рэгіёнаў, вельмі шырокі. Беларусь злучае Еўропу і Азію, уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. Судан з'яўляецца мостам паміж арабскай цывілізацыяй і Афрыкай, варотамі на афрыканскі кантынент, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - І нам ёсць што прапанаваць гэтаму рэгіёну, таму неабходна і далей працаваць разам, ствараць сумесныя прадукты для іх пашырэння як у Афрыцы, так і тут, у Еўразіі".

Пры гэтым Беларусь у першую чаргу робіць стаўку на экспарт у Судан высокатэхналагічнай прадукцыі з далейшым стварэннем сумесных зборачных прадпрыемстваў. "Мы зыходзім з таго, што нарошчванне і дыверсіфікацыя беларускага экспарту павінны не толькі адпавядаць нашым інтарэсам, але і садзейнічаць эканамічнаму развіццю Судана, вырашэнню суданскім бокам задач у галіне індустрыялізацыі, развіцця сельскай гаспадаркі, падрыхтоўкі мясцовых высокакваліфікаваных кадраў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У мінулым годзе Беларусь упершыню паставіла на суданскі рынак кар'ерныя самазвалы, доследныя ўзоры высокатэхналагічнага збожжаўборачнага камбайна і энерганасычанага трактара, дарожна-будаўнічую тэхніку, сельскагаспадарчае абсталяванне. Былі адноўлены пастаўкі грузавых аўтамабіляў, вядзецца работа па экспарце зернесушыльных комплексаў для патрэб сельскай гаспадаркі Судана.

"Наладжана міжбанкаўскае ўзаемадзеянне, выпрацаваны эфектыўныя фінансавыя механізмы, інструменты экспартнага крэдытавання - усё, што патрэбна для нашых прадпрыемстваў і бізнесу. Як я разумею, цяпер бар'ераў няма", - канстатаваў Прэзідэнт.

За 10 месяцаў 2018 года экспарт беларускіх тавараў у Судан павялічыўся практычна ў два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. "Неабходна прадаўжаць работу па вывадзе беларуска-суданскага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы, на новы, больш высокі і якасны ўзровень. Аб гэтым мы дамовіліся з Прэзідэнтам", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Бакі таксама маюць намер развіваць узаемадзеянне ў трохбаковым фармаце, уключаючы Паўднёвы Судан. "Прэзідэнт адобрыў мае прапановы па гэтым супрацоўніцтве", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў беларускім міністрам не адкладваць рэалізацыю гэтых дамоўленасцей і прыняць іх да няўхільнага выканання. "Пакуль тут прысутнічаюць вашы калегі, неадкладна дамаўляйцеся. Лагістыка вельмі зручная, парты ў Судане адкрыты для вас. Вязіце туды абсталяванне і пачынайце ўстанаўліваць, дамаўляйцеся аб узаемаразліках. У нас няма часу цягнуць гэтыя праекты за 2020 год. Гэта трэба рэалізаваць у бліжэйшы час", - заявіў Прэзідэнт.