Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам

  • 24

З моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 чэрвеня ў час перагавораў са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цындаа.

"Нас вельмі радуе, што мы безагаворачна падтрымліваем адзін аднаго ў любой сітуацыі. Ніколі не аглядваемся на рэакцыю і меркаванні іншых, калі размова ідзе аб незалежнасці і суверэнітэце дзяржаў. Упэўнены, што з моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь, якая з'яўляецца вашым верным саюзнікам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў кітайскі бок з завяршэннем старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і адзначыў, што саміт, які прайшоў, стаў знакавым пасяджэннем.

"Гэта прыклад, як трэба праводзіць міжнародныя сустрэчы. Гэта ўзор парадку, дысцыплінаванасці і эфектыўнасці, паколькі кожны чуў адзін аднаго, і кожны з нас мог выказацца і ацаніць іншага. Гэта вялікае адрозненне ад іншых міжнародных арганізацый, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - ШАС - гэта дзецішча Кітая. Міжнародны аўтарытэт, які набыла арганізацыя, - сведчанне ўзмацнення ролі вашай краіны ў свеце. Мы як вашы шчырыя сябры ўсяляк будзем падтрымліваць гэту арганізацыю і ўсе тэндэнцыі, якія будуць адбывацца ў ёй".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што праведзеная Кітаем і асабіста яго лідарам цяжкая работа па арганізацыі саміту вартая затрачаных намаганняў. "Таму што вынік мерапрыемстваў у Цындаа вельмі добры, і ён будзе мець свой плён. Я паглядзеў міжнародныя навіны. Не ведаю, выпадкова ці не, паралельна ідзе сустрэча "сямёркі". Я вам павінен сказаць, што наша мерапрыемства ў рамках ШАС значна мацней гучыць", - заявіў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ва ўсіх СМІ цытуюцца заявы кіраўнікоў дзяржаў з саміту і двухбаковых перагавораў, якія адбыліся на яго палях.

У сваю чаргу Сі Цзіньпін адзначыў актыўны ўдзел Беларусі ў пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў гатоўнасць Кітая заўсёды быць надзейным сябрам і партнёрам Беларусі. "Мы гатовы спалучыць наша развіццё з развіццём Беларусі", - сказаў Старшыня КНР.

Сі Цзіньпін таксама ўспомніў сваю першую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. "Мы з першага моманту знаёмства як даўнія сябры. Мы ўвесь час звяраем гадзіннікі па пытаннях развіцця адносін, тэматыцы, якая ўяўляе ўзаемны інтарэс, пастаянна надаём новы імпульс развіццю двухбаковых адносін. Я гатовы і ў далейшым падтрымліваць такія цесныя кантакты", - заявіў лідар Кітая.

У час перагавораў кіраўнікі дзяржаў удзялілі асаблівую ўвагу ўмацаванню супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, рэалізацыі існуючых і прапрацоўцы новых ініцыятыў і праектаў, паглыбленню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Па выніках сустрэчы падпісаны пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў турыстычнай, эканамічнай, фінансавай і мытнай сферах.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмяняліся памятнымі сувенірамі і падарункамі.