Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Сочы

  • 17

Беларусь настроена на саюзніцкі і дзелавы стыль далейшых адносін у Еўразійскім эканамічным саюзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 мая на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Сочы.

"За мінулыя тры з паловай гады з дня ўступлення ў сілу дагавора (аб Еўразійскім эканамічным саюзе) праведзена вялікая работа па пытаннях міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Аднак эфектыўнасць праводзімых мерапрыемстваў усё яшчэ жадае быць лепшай", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, многія дамоўленасці застаюцца па-ранейшаму нерэалізаванымі. "Першапачаткова саюз ствараўся як структура для выключна эканамічнага супрацоўніцтва. Прадугледжвалася выбудаваць сістэму раўнапраўных рыначных адносін. Але ў гандаль рэгулярна ўмешваецца палітыка. Інтарэсы асобных таваравытворцаў перыядычна ставяцца вышэй за прынятыя намі рашэнні. Гэта ідзе ўразрэз з нашымі дамоўленасцямі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Адзіны станоўчы момант - гэта тое, што мы, нарэшце, разам задумаліся над стварэннем перспектыўных механізмаў не толькі ўрэгулявання спрэчак, але і іх прадухілення", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў краіны саюза не абменьвацца ўзаемнымі прэтэнзіямі праз СМІ, а цывілізавана вырашаць спрэчкі.

"Сёння менавіта рэгіянальныя інтэграцыйныя аб'яднанні ствараюць перадумовы для росту сусветнай эканомікі. А мы замест таго, каб свабодна гандляваць, закрываемся адзін ад аднаго. Больш таго - абменьваемся ўзаемнымі прэтэнзіямі нават у сродках масавай інфармацыі, рызыкуючы міжнародным аўтарытэтам саюза. Мы ігнаруем цывілізаваны спосаб вырашэння гандлёвых спрэчак праз Еўразійскую эканамічную камісію, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я абсалютна падтрымліваю тых, хто сёння гаворыць аб тым, што трэба, канкрэтызаваўшы ролю камісіі з улікам нашага вопыту, узмацніць функцыі агульнага эканамічнага ўрада".

Аляксандр Лукашэнка прывёў словы Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які адзначыў, што краіны ЕАЭС ствараюць адна для адной праблемы замест таго, каб змагацца са знешнімі пагрозамі. "Трэба ў гэтай няпростай сітуацыі, калі робіцца націск звонку на саюз, нарэшце арганізавацца, з'яднацца і, зрабіўшы пэўныя вывады, атрымаць інтарэс для нашых краін", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што структура эканомік краін ЕАЭС шмат у чым розная. Нехта больш экспартуе сыравіну, нехта больш прадае прадукты перапрацоўкі. "І сыравінная, і вытворчая база ў саюза каласальная. Але мы так і не навучыліся эфектыўна яе выкарыстоўваць, не выпрацавалі адзіных правіл для агульнага рынку", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што краіны зноў не гатовы для абмеркавання на вышэйшым узроўні праграмы фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. "Спадзяёмся, што хаця б да канца бягучага года мы паставім подпісы пад гэтымі асноватворнымі дакументамі. І не трэба тут падазраваць Беларусь, што гэта толькі ў яе інтарэсах. Мы дамаўляліся, што вырашым гэта пытанне. Значыць, яго трэба вырашаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Еўразійскі эканамічны саюз павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў, заявіў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы ў якасці паспяховага этапу сумеснай работы краін у ЕАЭС адзначыў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-наглядальніка. "Але нельга рабіць неабдуманых крокаў, асабліва калі краіны не гатовы да ўстанаўлення больш цесных кантактаў з нашай арганізацыяй. ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь падтрымлівае прыняты лічбавы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года. "Гатовы ўдзельнічаць у ініцыятывах у сферы лічбавага гандлю, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў. Неабходна стварыць сумесныя тэхнічныя і прававыя ўмовы, якія даюць магчымасць аб'ядноўваць нашы нацыянальныя сістэмы ў інтэграцыйныя лічбавыя платформы", - сказаў ён.

Дагаворна-прававая база ЕАЭС пастаянна ўдасканальваецца. Так, завершана ўзгадненне праекта пагаднення аб міжнародных дагаворах з трэцімі дзяржавамі, арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. "Важна, каб гэты дакумент не стаў сухой інструкцыяй, а надаў новы імпульс перагаворным працэсам з нашымі партнёрамі - як падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана, патрэбнымі для нас партнёрамі. Я ў гэтым плане яго падтрымліваю", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Акрамя таго, ствараецца некалькі спецыяльных галіновых органаў саюза. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба зрабіць усё, каб іх работа была арыентавана на вырашэнне канкрэтных праблем і яны змаглі ўнесці важкі ўклад у стварэнне агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў.

"Наш інтэграцыйны праект будзе развівацца толькі пры выкананні чатырох асноўных свабод, якія замацаваны ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Вельмі важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці, вырашаць самыя складаныя праблемы, апіраючыся на намі ж створаныя правілы, паважаць адзін аднаго, як гэта прынята ў саюзнікаў і дзелавых партнёраў. Беларусь настроена менавіта на такі стыль далейшых адносін", - заявіў Прэзідэнт.