Наведванне Ваеннай акадэміі

  • 17

Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 лютага ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі.

"Сёння мы бачым, што дзейнасць Паўночнаатлантычнага альянсу на Еўрапейскім кантыненце значна актывізавалася. Пашырэнне ваенных блокаў, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій узброенага проціборства ўскладняюць сітуацыю паблізу нашых граніц. Усім варта ведаць, што Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што краіна і ў далейшым будзе абараняць свае інтарэсы, у тым ліку ў рамках сумеснай абароннай дактрыны са сваім стратэгічным партнёрам - Расійскай Федэрацыяй, з якой створана адзіная групоўка. Аднак гэта не значыць, што Беларусь адмовіцца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі ў ваенна-палітычнай сферы, звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Як суверэнная дзяржава Беларусь гатова да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Мы сябе не адгароджваем ні ад каго. Мы гатовы весці гэты дыялог", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і яны павінны паважацца партнёрамі і тымі, хто хоча супрацоўнічаць з краінай.

"Тым не менш вы, будучыя выпускнікі Ваеннай акадэміі, павінны заўсёды быць гатовы да любога павароту падзей, быць высокапрафесійнымі спецыялістамі, сапраўднымі патрыётамі Айчыны. Абавязаны разумець сваё прызначэнне ў лёсе нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі сустрэцца з маладым пакаленнем ваеннаслужачых - тымі, каму ў бліжэйшай будучыні трэба будзе забяспечваць нацыянальную бяспеку дзяржавы. "Мне прыемна тут пабываць, таму што я помню першыя дні сваіх дзеянняў у стварэнні сучаснай навучальнай ваеннай установы, і мне важна праз многія гады паглядзець, чаго вы дасягнулі", - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заявіў, што для беларускага народа мір і незалежнасць - найвялікшыя каштоўнасці, выпакутаваныя многімі пакаленнямі людзей. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне зноў успамінаюць подзвіг, які здзейснілі яе слаўныя сыны і дочкі. "Гэта яны адстаялі свабоду, незалежнасць радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта яны заклалі аснову суверэннай незалежнай дзяржавы - нашай Беларусі. Мы, вядома ж, ганарымся сваёй гераічнай гісторыяй", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сучаснае пакаленне ваеннаслужачых дастойна прадаўжае традыцыі сваіх папярэднікаў. "Сёння ў зале прысутнічаюць курсанты і слухачы Ваеннай акадэміі. Гэта эліта нашай нацыянальнай арміі, якая фарміруе яе сучаснае аблічча. Менавіта ад усіх вас, прысутных тут (упэўнены, што тут лепшыя), залежыць будучыня нашай краіны і твар нашых Узброеных Сіл, не толькі арміі, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Бачу, што і навучанне афіцэрскага складу тут праходзіць на высокім узроўні. Удзяляецца належная ўвага захаванню традыцый, вывучэнню сваёй ваеннай гісторыі, вопыту вядзення сучасных войнаў, лакальных канфліктаў, укараненню найноўшых тэхналогій".

Усё гэта сёння Прэзідэнту прадэманстравалі ў Ваеннай акадэміі. Асабліва цікава, сказаў Аляксандр Лукашэнка, было пагутарыць з ваеннаслужачымі першага ў Беларусі інфармацыйнага падраздзялення Узброеных Сіл. "Але гэта толькі пачатак. І я кіраўнікам сказаў: нам ні ў якім разе нельга загубіць гэта зерне. Яно павінна прарасці, яно павінна даць вынік не толькі для ўнутранага рынку нашай краіны, але яны павінны папрацаваць і на экспарт, атрымаць у тым ліку добрыя грошы. У адваротным выпадку, вы не зможаце канкурыраваць з Паркам высокіх тэхналогій", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што абавязковай умовай сучаснай падрыхтоўкі з'яўляецца яе практычная накіраванасць. "Таму ваша галоўная школа - гэта не столькі, можа, вучэбныя класы, колькі палігоны і войскі, - звярнуў ён увагу. - Па шэрагу спецыяльнасцей у акадэміі, як і ў многіх іншых ВНУ, тэрміны навучання былі скарочаны па маім настойлівым патрабаванні. На падрыхтоўку любога спецыяліста трэба адводзіць не больш часу, чым гэта трэба для авалодання прафесіяй".

На думку Прэзідэнта, намаганні прафесарска-выкладчыцкага складу неабходна накіроўваць таксама на фарміраванне светапогляду курсантаў і слухачоў, таму што сучасныя ваеннаслужачыя павінны ўмець аналізаваць падзеі ў свеце. "Усім навучэнцам, асабліва слухачам факультэта Генеральнага штаба, неабходна дакладна ўяўляць сабе месца Беларусі ў сістэме міждзяржаўных адносін і глабальнай бяспекі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У час наведвання Акадэміі Кіраўніку дзяржавы далажылі аб структуры, задачах і сістэме падрыхтоўкі ваенных кадраў. Адукацыйныя паслугі ВНУ шырока запатрабаваны і за мяжой.

Увазе Прэзідэнта прадставілі залу ваеннай гісторыі Беларусі, якая створана ў ВНУ ў красавіку 2017 года. Аглядаючы экспазіцыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым не раз гісторыю спрабавалі ламаць і перапісваць, а на яе неабходна глядзець вачамі патрыётаў, сумленных і аб'ектыўных людзей. "Гісторыю трэба бачыць такой, якой яна была", - падкрэсліў беларускі лідар.

Размова зайшла і аб партызанскім руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прэзідэнт выказаў меркаванне, што па сутнасці меў месца поўнамаштабны рух супраціўлення. "Асноўныя два напрамкі - партызанская вайна і падполле. І трэці напрамак - гэта народнае супраціўленне. А гэта такое супраціўленне, супраць якога цяжка было весці вайну. Фашысты праводзілі жудасную палітыку ў адносінах да людзей - спальвалі, забівалі. І людзі помсцілі за гэта", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што, гаворачы пра гібель у Беларусі ў ваенныя гады кожнага трэцяга жыхара, трэба помніць і аб памерлых ад ран у першыя гады пасля заканчэння вайны.

Аляксандр Лукашэнка наведаў аўдыторыі, дзе праводзіліся заняткі па ваеннай гісторыі і тактыцы, азнаёміўся з сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, укаранёнымі ў адукацыйны працэс.

Прэзідэнт больш як 2 гадзіны ўдзяліў размове з асабовым складам Ваеннай акадэміі. У самым пачатку ён заклікаў курсантаў да нефармальнага дыялогу, шчыра адказаў на іх пытанні і прапановы, якія прагучалі.

Так, адзін з курсантаў адзначыў, што яму і яго таварышам хацелася б мець свой асабісты камп'ютар і доступ у інтэрнэт, каб рыхтавацца да заняткаў, удасканальваць сябе як спецыялістаў, павышаць падрыхтаванасць. Аднак з-за ваеннай спецыфікі гэта не заўсёды магчыма.

"Сумленна скажу, трэба над гэтым сур'ёзна падумаць і выслухаць аргументы і на вашу карысць, і супраць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Празмернасцей быць не павінна, але мы над гэтым падумаем у бліжэйшы час. Трэба знайсці тую форму, якая задаволіць вас, і тую мяжу, за якую мы перайсці не можам".

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адзначыў карысць інтэрнэту, асабліва ў плане аператыўнасці пошуку той ці іншай інфармацыі. Ён лічыць важным вучыць моладзь правільнаму выкарыстанню магчымасцей Сеткі: "Трэба вучыць моладзь, дзе добра, дзе дрэнна. Я бачу велізарную недапрацоўку нашых выкладчыкаў. Яны павінны навучыцца аналізаваць сітуацыю".

"Мы ў бліжэйшы час вернемся да гэтага пытання, але мой пункт гледжання: нам трэба даць хлопцам магчымасць працаваць з камп'ютарам, быць у інтэрнэце, атрымліваць веды, перапісвацца. Давайце не будзем спяшацца, мы з гэтым разбяромся. Будуць пэўныя месцы, дзе ў іх будзе права і свабода карыстацца гэтымі сродкамі. Вывучым вопыт іншых дзяржаў. Вядома, абмежаванні будуць заўсёды, але трэба даць магчымасць ім карыстацца", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У час размовы прагучала пытанне аб пазіцыі Прэзідэнта Беларусі ў сувязі з сітуацыяй вакол Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведная тэма ў тым ліку абмяркоўвалася ў час яго сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Яго пазіцыя практычна нічым не адрозніваецца ад той пазіцыі, якую выкладаюць у СМІ", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што верыць расійскаму боку ў тым, што ён не парушаў адпаведны дагавор, а калі на Захадзе заяўляюць аб гэтым, спрабуе знайсці адказ на абвінавачанні ў бок Расіі. "Але інфармацыі ў гэтым плане ў мяне няма. Яна скрыта. Яе ведае абмежаванае кола людзей", - заўважыў беларускі лідар.

Што датычыцца патэнцыяльнай пагрозы для бяспекі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што "гэта катастрофа, асабліва для нас". Паводле яго слоў, існуе меркаванне, што выхад ЗША з ДРСМД у тым ліку накіраваны супраць Кітая, які валодае такой зброяй, але не ўдзельнічаў у дагаворы. "Вядома, гэтымі ракетамі цераз Ціхі акіян не запусціш і ўдар па Амерыцы не нанясеш. Амерыканцы перажываюць перш за ўсё за сваіх саюзнікаў у раёне Ціхага акіяна - Карэя, Японія, свае амерыканскія базы, якія там створаны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Але я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам - сарвалі гэты дагавор, і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не здасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расіяй думаць аб мерах у адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаны (не дай бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД. - Заўвага). Мы прыхільнікі міралюбівай палітыкі. Нам не патрэбны гэтыя разборкі вялікіх дзяржаў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды цярпелі. Таму нам не патрэбна гэта бойня, бойка, асабліва цяпер вакол Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што НАТА ўсё ж такі можа пайсці на размяшчэнне такіх ракет у Еўропе: "Мне здаецца, хоць Паўночнаатлантычны альянс заяўляе аб тым, што яны не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У адваротным выпадку, навошта выходзіць. Навошта было разбураць гэты дагавор? Трэба было дагаворвацца з Кітаем і падключаць яго (да дагавора. - Заўвага), калі размова пра Кітай".

Была закранута тэма стабільнасці ў краіне. "Трэба займацца эканомікай - гэта аснова стабільнасці. Таму галоўнае - не страціць стабільнасць. Як бы ні было складана, як бы ні было цяжка. Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну - яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном. Добра, калі нас: мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнае - захаваць мір, спакой і стабільнасць. "Гэта не таму што я Прэзідэнт і нечага там баюся. Я ўжо адбаяўся: у мяне ў першы год праз тры месяцы ў Мінску (я прыводжу прыклад часта) на тры дні мукі заставалася і метро забаставала, спыніўся ўвесь транспарт. Я ўжо ўсё гэта прайшоў. Таму галоўнае - гэта мір і стабільнасць. Вось гэтага страціць нельга, зыходзячы з таго, што робіцца ва ўсім свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што Беларусі цяжка канкурыраваць з сусветнымі дзяржавамі, якія забяспечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі. "А адстаць жа мы ад іх не павінны. Калі адстанем - усё, будзем нечай правінцыяй, - лічыць ён. - Таму новыя тэхналогіі, крыніцы энергіі - мы проста бегчы за гэтым павінны".

"Калі мы адстанем - мы загінем. Таму патрэбна стабільнасць. І ўвесь час трэба працаваць, увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых "монстраў" не адстаць, паколькі яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парабкамі ў якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай. Не хочацца, асабліва для дзяцей, асабліва, калі ўжо мы і вы адчулі, што такое суверэнітэт і незалежная дзяржава", - адзначыў беларускі лідар.

"Суверэнітэт і незалежнасць - гэта самае вялікае дасягненне, якое мы сёння маем. І я горды і рады, што я першы Прэзідэнт гэтай суверэннай краіны. І тое, што мы стварылі разам, - гэта самае вялікае дасягненне. Мы з вамі пабудавалі першую ў нашай гісторыі суверэнную незалежную дзяржаву", - сказаў беларускі лідар.

Каменціруючы домыслы, якія раз-пораз з'яўляюцца, наконт пагрозы суверэнітэту Беларусі, Кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне, кім трэба быць, каб, стварыўшы і ўзначаліўшы незалежную дзяржаву, потым дапусціць такое развіццё падзей. "Вы што, пахавалі б яе ўласнымі рукамі, уключыўшы ў склад нейкай краіны, не тое Польшчы, не тое Расіі. Я на гэта ніколі не пайду", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У мяне ёсць дакладныя межы, за якія я не магу пераступіць. І самае галоўнае - аберагаць (перш за ўсё вашым розумам, талентамі, рукамі) суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Таму вы нават не слухайце і не чытайце, калі ідзе размова аб страце суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Курсантаў Ваеннай акадэміі цікавіла і няпростая сітуацыя ў Венесуэле. "У Венесуэле было дапушчана шмат памылак. Уга Чавес быў маім сябрам, і я яму гаварыў пра некаторыя памылкі. Ён часта раіўся, у тым ліку ў ваенным плане, прыязджаў да нас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што аднойчы былы лідар Венесуэлы папрасіў беларускі бок дапамагчы ў рэарганізацыі арміі. "Яны закупілі розныя сістэмы проціпаветранай абароны, самалёты і іншае, а школы такой, ваенных такіх няма", - растлумачыў Прэзідэнт.

У Венесуэлу была накіравана група беларускіх вучоных і ваенных спецыялістаў, яны заняліся распрацоўкай плана абароны краіны, зыходзячы з мясцовых умоў. "Мы ім стварылі сістэму і ў гэту сістэму ўманціравалі тое ўзбраенне, якое купілі, а тое, чаго няма, трэба было закупіць. Усё ім распісалі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў Беларусі такіх праблем у ваеннай сферы няма: армія пастаянна мадэрнізуецца, у краіне ўважліва вывучаюць ваенныя канфлікты за мяжой. "Апошняя наша мадэрнізацыя заключаецца ў мабільнасці Узброеных Сіл", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Вялікая памылка венесуэльскіх улад, на думку Прэзідэнта, у тым, што яны ўпусцілі эканамічную сферу. Беларусь падтрымлівала Венесуэлу ў будаўніцтве заводаў, жылых мікрараёнаў. "Яны сядзяць на нафце, прыродным газе і не выкарыстоўваюць яго, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Чавеса не стала, цана на нафту ўпала, пайшлі праблемы".

На яго думку, калі Венесуэле цяпер будзе пагражаць умяшанне звонку, то народ мабілізуецца, нягледзячы на цяжкую абстаноўку ў краіне. "Але ўсё роўна трэба займацца эканомікай. Гэта аснова стабільнасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У размове была таксама ўзнята тэма развіцця беларускай дыпламатыі, у тым ліку па ваеннай лініі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў: у Беларусі няма раздзялення паміж палітычнай і эканамічнай дыпламатыяй, і МЗС курыруе абодва гэтыя напрамкі. А беларускія дыпламаты за мяжой і ваенныя аташэ ў першую чаргу арыентаваны на развіццё гандлёва-эканамічных адносін. "Ёсць у нас і ваенныя аташэ, але не шмат і не ў кожнай краіне, - ваенныя дыпламаты, якія ажыццяўляюць кантакты ў ваеннай сферы", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, зразумела, неабходна, наколькі гэта магчыма, бачыць, ведаць, што адбываецца ў той ці іншай краіне. І дыпламаты шэрага дзяржаў, ваенныя аташэ сапраўды займаюцца і разведкай, і шпіянажам, аднак такія задачы ў мірны час перад беларускімі дыпламатамі не ставяцца, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. "Калі будзе абвастрэнне, на гэты выпадак у нас дыпламатыя ўзмоцніцца. Можа, і тайная дыпламатыя", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Вяртаючыся да тэмы армейскай службы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што армейскую школу так ці інакш трэба прайсці практычна ўсім. У тым ліку Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным праводзіць кароткатэрміновыя прызывы і ў гады вучобы ў цывільных ВНУ, каб студэнты маглі асвоіць некаторыя элементарныя рэчы ў плане ваеннай падрыхтоўкі. "Якая б армія ні была ў нас, але гэта школа. Чалавек павінен служыць у арміі. Гэта зусім іншы чалавек пасля арміі. І спорт - гэта аснова ўсяго", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Цяпер будзем на Савеце Бяспекі разглядаць праблему набору ў армію", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што цяпер, напрыклад, існуе вялікая колькасць медыцынскіх падстаў для атрымання адтэрміноўкі. Пры гэтым размова не толькі аб сур'ёзных захворваннях, але і аб нейкіх нязначных парушэннях. "З плоскаступнёвасцю не бяруць, касавокі - не прыдатны...", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

"Мы цяпер паглядзім, вызначым тыя хваробы, з-за якіх служыць у арміі не могуць, - сказаў Прэзідэнт. - Паглядзім з часам і па тэрмінах службы, і па іншых напрамках".

Прэзідэнт таксама заявіў, што цяпер сур'ёзна думае над вяртаннем у Беларусі нечага накшталт нарматываў комплексу ГПА. І ў цэлым размова ідзе аб неабходнасці больш актыўнага фізічнага і працоўнага выхавання дзяцей і моладзі, у першую чаргу ў школах.

У час размовы з курсантамі ўзнялі і тэму спорту. Прэзідэнт прыгразіў беларускім хакеістам зарплатай $500 у выпадку правальных гульняў. "Мы мільёны долараў растрацілі (на ХК "Дынама-Мінск". - Заўвага), і дзе яны цяпер? "Беларуськалій" спыніў іх фінансаваць і правільна зрабіў - будуць банкрутамі. За што плаціць? Выйгралі - усё разлічваем, аддаём. Прайгралі - пяцьсот долараў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворка пра спорт зайшла, калі курсанты закранулі пытанне аб выступленнях беларускай каманды на ралі-рэйдзе "Дакар". Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларускі экіпаж у бліжэйшыя гады ўзніме свой узровень і будзе займаць высокія месцы.

Адзін з курсантаў прапанаваў накіроўваць беларускія экіпажы і на іншыя прэстыжныя гоначныя спаборніцтвы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гатовы гэта падтрымаць, калі з'явяцца людзі, якія змогуць не проста патрабаваць грошы на выступленні, але і займаць добрыя месцы. "Усё, што датычыцца спорту, выжывальнасці і паказу нашага духу, я заўсёды падтрымаю. Але не так, як звычайна да мяне прыходзяць: "Дайце шмат грошай, купіце гэта і гэта, я паспрабую", - растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў таксама пра неабходныя для Прэзідэнта якасці. "Прэзідэнт павінен быць вопытным, ён павінен быць адукаваным і, самае галоўнае, ён павінен думаць. Калі яму ўносяць прапановы, яго "камп'ютар" павінен інфармацыю апрацаваць і выдаць, калі гэта магчыма, імгненнае рашэнне, калі не - то ў кароткі прамежак часу. Таму што жыццё паскорылася, трэба вельмі хутка прымаць рашэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, самае страшнае, калі кіраўніцтва любога ўзроўню не прымае рашэнні, а пачынае перакладваць гэта на падначаленых, а яны ў сваю чаргу на сваіх падначаленых. У выніку праблема гуляе па інстанцыях, і рашэнне ніякае не прымаецца. "Час мінуў, а рашэнняў няма - гэта самае страшнае. Часта кажуць: лепш памыліцца, але прыняць рашэнне, чым яго не прымаць наогул. Гэта галоўнае для кіраўніка, а для Прэзідэнта тым больш. Ты павінен бачыць, аналізаваць, аддаваць распараджэнні і дабівацца, каб яны былі выкананы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка не назваў свой графік вельмі напружаным, але адзначыў, што клопату, вядома ж, хапае. "Вы крыху перабольшваеце тое, што тут мы, прэзідэнты, такія героі, верцімся і круцімся дзень і ноч. Вярцецца і круціцца ў мяне ёсць каму: што датычыцца ваеннай сферы - Міністр абароны, цэлы Генеральны штаб, - дадаў ён. - Кіраўнік Адміністрацыі складае графік штодзённай работы Прэзідэнта, калі трэба з нейкімі праблемамі разабрацца, дык і на суботу, і на нядзелю. Я ведаю, што павінен яго выконваць".

Адпачывае ад работы Прэзідэнт з дапамогай змены абстаноўкі: "Гэта не паехаць кудысьці на мора. Ці вось я ў гарах быў. Я ўжо на трэці дзень воўкам выю. Я дома лепш за ўсё адпачываю. У гэтым мне дапамагае спорт, сустрэчы з людзьмі".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, каб зразумець прэзідэнцкае жыццё, яго трэба пражыць. Аднак гэтага ён нікому не пажадае. "Усе мае сыны прэзідэнтамі быць не хочуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў і аб сваім воінскім званні. Цяпер Кіраўнік дзяржавы мае званне падпалкоўніка. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў свой час было прынята рашэнне, што генеральскія званні, а таксама званне палкоўніка прысвойваецца толькі ўказам Прэзідэнта. "Я ж не магу сабе прысвоіць палкоўніка", - адзначыў ён.

Аналагічнае рашэнне ў беларускага лідара і да дзяржаўных узнагарод. Ён прызнаўся, што ў яго ёсць толькі царкоўныя і замежныя ўзнагароды. "У нас дзяржаўнымі ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт. Я не магу сам сябе ўзнагародзіць. Нават калі б і разумеў, што я нешта заслугоўваю. Ну, у мяне няма гэтай праблемы (размова пра факт адсутнасці айчынных узнагарод. - Заўвага). І я вельмі радуюся, калі падпісваю ўказ аб узнагароджанні каго-небудзь", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка толькі згадаў, што ў яго "яшчэ з тых часоў" ёсць узнагарода за ахову дзяржаўнай граніцы, калі ён праходзіў службу ў пагранічных войсках.

Прагучала і тэма процідзеяння дзедаўшчыне ў арміі. Звяртаючыся да курсантаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бывае арміі без дысцыпліны. У ёй неабходны парадак, але не павінна быць салдафонства. "Вы не павінны быць грубіянамі ў адносінах да сваіх падначаленых, - сказаў Прэзідэнт. - Не дапускайце дзедаўшчыны. Калі я атрымліваю інфармацыю аб дзедаўшчыне ў падраздзяленнях, у мяне ў жылах проста кроў закіпае".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі б курсанты даведаліся, як ён у свой час змагаўся з дзедаўшчынай, яны ахнулі б. Даходзіла да сутычак з дзядамі, якія здзекаваліся з салдат. Але ў выніку ўсё заканчвалася добра. "Я дабіўся таго, што ў роце была жалезная дысцыпліна. Без дысцыпліны мы нічога не зробім. Але ўсё павінна быць па-мужчынску, і ў аснове павінна быць справядлівасць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прагучалі і пытанні аб асабістых прыхільнасцях і хобі Кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці аб чытанні кніг і рабоце на прысядзібным участку.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у маладосці ён вельмі шмат чытаў кніг, і асабліва яму падабалася ваенна-гістарычная літаратура. "Комплекс таго, што я атрымаў ад кнігі, фарміравала маё аблічча і склад мыслення, мяне як чалавека. І я да гэтага часу з вялікім пачуццём стаўлюся да кнігі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб, нягледзячы на наяўнасць інтэрнэту, моладзь не страціла кнігу і любоў да чытання літаратуры.

Што датычыцца сельскай гаспадаркі ў цэлым, то ў гэтай сферы прыярытэт усё ў большай ступені будзе аддавацца зялёным тэхналогіям, выключна натуральнай, арганічнай вытворчасці. "Мы ўсё больш і больш будзем паварочваць сельскую гаспадарку да зялёных тэхналогій, таму што самая дарагая бульба - гэта тая, якая чыстая", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

"Вы перабольшваеце, што я вельмі шмат часу ўдзяляю прысядзібнаму ўчастку. Гэта не значыць, што я кожны дзень на гэтым участку. Калі пачынаецца сенакос, то ў 5 раніцы, прачнуўшыся рана, іду да 6-7 гадзін кашу траву. Але гэта з дзяцінства. Касьба - самая цяжкая (вясковая. - Заўвага) праца. Напэўна, гэта асаблівасць майго характару. Вясковых людзей шмат, але далека не ў кожнага такая цяга да зямлі, да жывёл", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што малако з яго падворка ад некалькіх кароў ужо нават рэалізуюць на продаж. Адзінае, Кіраўнік дзяржавы асабліва прасіў, каб не бралі высокую цану. Частка ўраджаю сельгаскультур потым перадаецца ў дзіцячыя дамы і дом састарэлых.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго ўчастак - гэта яшчэ і эксперыментальная пляцоўка, дзе ён асабіста ацэньвае вынікі работы вучоных па вывядзенні і ўдасканаленні тых ці іншых сартоў раслін.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў курсантаў, слухачоў і прафесарска-выкладчыцкі склад Ваеннай акадэміі, а таксама ўвесь склад Узброеных Сіл Беларусі з надыходзячым святам, выказаўшы ўдзячнасць за ратную працу, мужнасць і самаадданасць.

"Упэўнены, што адданасць сваёй краіне, воінскаму абавязку, высокі прафесіяналізм, баявое майстэрства будуць садзейнічаць паспяховаму выкананню задач, што стаяць перад намі, для захавання міру і спакою на беларускай зямлі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.