Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Нарада па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў пры выяўленні і расследаванні злачынстваў

20 жніўня 2019 года

У аснове стабільнасці ў дзяржаве - унутрыпалітычная сітуацыя і давер людзей да ўлады. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 жніўня на нарадзе па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў пры выяўленні і расследаванні злачынстваў.

"Я рэдка карыстаюся рознай патэтыкай і высокімі словамі, але сёння хачу сказаць, што наша з вамі сустрэча ў рамках гэтай нарады павінна стаць гістарычнай. Гістарычнай у тым сэнсе, што ў гэтай зале сабраліся ўсе тыя, ад каго залежыць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, у іх аснове - стабільнасць. А ў аснове гэтай стабільнасці - унутрыпалітычная сітуацыя ў нашай дзяржаве і давер людзей да ўлады. Дык вось у гэтай зале сабраліся ўсе тыя, хто вызначае лёс краіны і, давайце не будзем крывіць душой, лёс кожнага з грамадзян. Ад нас з вамі залежыць, якая будзе краіна, як будуць жыць нашы людзі і якімі будуць гэтыя людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пасля нарады сітуацыя ў праваахоўнай сферы зменіцца кардынальна ў лепшы бок, будуць ліквідаваны ўсе недахопы, выяўленыя пры падрыхтоўцы да нарады. "Мы сабраліся не для таго, каб зрабіць справаздачу адзін перад адным, а я - сказаць прыгожыя словы перад грамадствам. Нас будуць абвінавачваць, што выбары і гэтак далей. Справа абсалютна не ў выбарах, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Мы будзем гаварыць шмат аб'ектыўных рэчаў, прынамсі, я нацэльваю вас на гэта".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларускае грамадства жыве не ў вакууме і бачыць падзеі, што адбываюцца ва ўсходніх і заходніх суседзяў. "Мы часта гаворым: дзякуй богу, што гэта не ў нас. Дзякуй богу, што мы не спарадзілі ў краіне клас алігархаў, якія не проста разрульваюць тыя ці іншыя сітуацыі, але і руляць краінай. Мы не далі магчымасці бандытам і злачынцам падзяліць краіну на часткі, верхаводзіць у гэтых частках, паразітуючы на нашых людзях. Гэта найвялікшае дасягненне не толькі апошняга часу, але ўсяго перыяду незалежнай Беларусі. І гэта зроблена дзякуючы той палітыцы, якую праводзіць улада, і таму, што робіце вы - прадстаўнікі праваахоўных органаў", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў аснове ўсёй палітыкі дзяржавы заўсёды былі, ёсць і будуць чалавек і справядлівае стаўленне да яго. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што пастаянна гаворыць аб гэтым не дзеля папулізму або піяру. "Калі вы так думаеце, вам ва ўладзе рабіць няма чаго. Яшчэ раз падкрэсліваю: галоўнае - гэта чалавек, галоўнае ў нашай палітыцы ў адносінах да гэтага чалавека - справядлівасць. Абарона яго правоў, жыцця - гэта першарадная задача праваахоўнай сістэмы. А давер да гэтай сістэмы з боку насельніцтва з'яўляецца адным з галоўных паказчыкаў эфектыўнасці, прафесіяналізму і законнасці дзеянняў усіх супрацоўнікаў сілавых органаў. Вельмі важна гэты давер зберагчы, што немагчыма без вельмі строгага выканання закону на ўсіх стадыях работы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што праваахоўнікі ў першую чаргу абавязаны забяспечваць прэзумпцыю невінаватасці, у той жа час павінен працаваць прынцып няўхільнасці пакарання за злачынства. "Менавіта гэтага патрабуе ад нас народ, на вернасць якому мы прысягалі, - заўважыў ён. - Тым больш што сёння праваахоўныя органы забяспечаны ўсім неабходным для работы. Таму людзі і дзяржава маюць права разлічваць на адпаведны вынік".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рабоце праваахоўнай сістэмы краіны ёсць сур'ёзныя недахопы і пралікі. Звароты грамадзян і правапрымяняльная практыка выяўляюць праблемы, прычым у шэрагу выпадкаў даволі вострыя. "Нядаўні прыклад (ён актыўна абмяркоўваўся ў СМІ, але я не хачу мусоліць яго) - гэта справа галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў. Я не так адназначна ацэньваю яго, як у грамадстве і нават як у судзе. Але аб гэтым мы пагаворым асобна. Гэта вельмі добры і яскравы прыклад вашай работы як па сутнасці, так і па форме, у прыватнасці, міліцыі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Колькасць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сведчаць аб сур'ёзных недахопах і праліках у рабоце аператыўна-вышуковых і следчых падраздзяленняў, а таксама, на жаль, пракуратуры".

Паводле яго слоў, у людзей часам складваецца ўражанне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў у першую чаргу цікавяць не жыццё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх работы. "Прычым фальсіфікацыя ў ходзе расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не ўзбуджалі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах сталі нахабнымі да таго, што яны не проста не павінны іх насіць - гэтыя людзі павінны быць выключаны з нашага грамадства ў першую чаргу, перш чым тыя, справы якіх яны расследуюць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ горш, дадаў Кіраўнік дзяржавы, калі гэта суправаджаецца прымяненнем актыўных сілавых метадаў, неадпаведных узнікаючым сітуацыям. "Ці бачыце, вяршыцелі лёсу! Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека мордай у падлогу, як у вас прынята казаць, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў, і страсенне мазгоў - гэта як мінімум. Гэта бязмозгія людзі, якім таксама не месца ў праваахоўнай сістэме. Што наогул недапушчальна ў практыцы сілавікоў - з'яўляецца новая "форма" работы - прамы націск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу. Нават да суддзяў пад'язджаюць і пачынаюць: ды мы з вамі, ды мы вас будзем нахіляць", - расказаў Прэзідэнт.



Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што яго аб гэтых фактах проста інфармуюць, а адпаведныя меры ўздзеяння адносна такіх праваахоўнікаў не прымаюцца. Інфармаваць Прэзідэнта, заўважыў ён, трэба па выніках прынятых мер.

"Гэта не забеспячэнне законнасці, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Сёння мы павінны выявіць усе прычыны, у выніку якіх такое становіцца магчымым, вызначыць, што рабіць, каб не дапусціць у будучым парушэнняў правоў грамадзян у нашай краіне".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні нарады даручыў адпаведным органам улады і структурам, якія абавязаны сачыць за захаваннем законнасці і дакладваць аб'ектыўную карціну Прэзідэнту, грунтоўна даследаваць прадмет размовы. "Я прыняў рашэнне азнаёміць не толькі вас, але і грамадства з тым, што наогул адбываецца ў праваахоўнай сістэме. Па асноўных пытаннях, не ўдаючыся ў канкрэтыку, хоць ёсць шмат канкрэтных прыкладаў. Аб асобных пытаннях працэсуальнай дзейнасці органаў дазнання, папярэдняга следства і пракуратуры. Хоць гэты дакумент, накіраваны на мой адрас, мае сакрэтны характар, я вырашыў яго рассакрэціць у той ступені, у якой гэта можна зрабіць, не закранаючы асобную канкрэтыку", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, нягледзячы на паляпшэнне розных вынікаў работы праваахоўных органаў, у тым ліку ўдасканаленне іх узаемадзеяння, па-ранейшаму не выкаранены некаторыя негатыўныя праявы і праблемы ў арганізацыі дасудовага вядзення па справе.

Аб якасці даследчых праверак і папярэдняга следства

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб нізкай якасці работы ў абазначанай сферы. Практыка пракурорскага нагляду сведчыць, што асноўнымі характэрнымі недахопамі ў рабоце органаў унутраных спраў з'яўляецца павярхоўнае даследаванне заяў і паведамленняў аб злачынствах, а таксама недастатковае веданне аператыўных супрацоўнікаў аб крымінальных праявах на аб'ектах аператыўнага абслугоўвання. У шэрагу выпадкаў гэта прыводзіць да таго, што вінаватыя асобы, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, учыняюць больш цяжкія злачынствы. Маюць месца працягласць аператыўных распрацовак, парушэнне парадку і ўмоў правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, уключаючы вынясенне нематываваных пастаноў. "І што асабліва недапушчальна - валакіта ў рабоце па ўстанаўленні асоб, якія ўчынілі злачынствы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Генеральнай пракуратуры, асноўнай прычынай недастаткова эфектыўнай арганізацыі работы аператыўных падраздзяленняў з'яўляецца аслаблены ведамасны кантроль на ўзроўні гарадскіх і раённых аддзелаў, упраўленняў унутраных спраў за законнасцю пры разглядзе заяў і паведамленняў. "Кіраўнікамі гэтых органаў указанні па матэрыялах аб вядзенні праверачных мерапрыемстваў даюцца ў рэдкіх выпадках. Па тых жа прычынах у недастатковай ступені праводзіцца работа па процідзеянні эканамічнай злачыннасці органамі фінансавых расследаванняў КДК", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым нярэдка вынікі работы органаў ДФР фарміруюцца шляхам дасягнення лічбавых паказчыкаў па выяўленні як мага большых сум нявыплачаных падаткаў і плацяжоў, а не імкненнем не дапусціць учынення правапарушэнняў у эканамічнай сферы, прадухіліць факт незаконнага атрымання даходу суб'ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі, устараніўшы прычыны і ўмовы, што садзейнічаюць іх проціпраўнай дзейнасці.

Істотныя негатыўныя тэндэнцыі фіксуюцца Генпракуратурай таксама ў рабоце следчых падраздзяленняў. У тым ліку адзначаецца непрыняцце следчымі належных мер да збору доказаў і іх ацэнкі, што ў шэрагу выпадкаў вядзе да недапушчальнасці такіх доказаў.












Мае месца нядбайнае стаўленне следчых да афармлення працэсуальных дакументаў і крымінальных спраў, адсутнасць у іх усіх неабходных звестак і рэквізітаў.

Зроблены вывад таксама аб няякасным правядзенні першапачатковых неадкладных следчых дзеянняў, непаўнаце работы па кампенсаванні ўрону, прычыненага злачынствамі.

Як вынік, дзяржабвінаваўцы ў перыяд 2017 года - першага паўгоддзя 2019-га прад'явілі ў судзе новае абвінавачанне або арганізавалі збор дадатковых доказаў па 400 справах у адносінах да 683 асоб.

"Акрамя таго, наяўнасць грубых працэсуальных парушэнняў у рабоце следчых вяла да прыняцця ў адносінах да абвінавачаных рашэнняў рэабілітуючага характару з-за неабгрунтаванага іх абвінавачання", - расказаў Прэзідэнт.

У 2018 годзе колькасць вернутых пракурорамі следчым крымінальных спраў для вядзення дадатковага папярэдняга расследавання павялічылася амаль на 12% і склала 631 справу. У 2017 годзе вернута 557 спраў. Адзначаная тэндэнцыя захавалася і ў першым паўгоддзі 2019 года. Пракурорскімі работнікамі вернута 363 крымінальныя справы, што на 21% больш за паказчык першага паўгоддзя 2018-га - тады было 286. "Вось якасць работы следчых", - заўважыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, на факты выяўленых парушэнняў заканадаўства, дапушчаных органамі следства, рэагуюць і судовыя органы. Так, у 2018 годзе на адрас органаў следства накіравана 660 прыватных пастаноў. Аналагічная колькасць накіравана ў 2017 годзе. У першым паўгоддзі 2019-га вынесена 372 прыватныя пастановы. Фактычна пры змяншэнні агульнай колькасці разгледжаных судамі спраў удзельная вага прыватных пастаноў сістэматычна расце.

Адзначаецца і павелічэнне тэрмінаў папярэдняга расследавання, устаноўлены факты нясвоечасовага прыняцця мер працэсуальнага прымусу, вышуку абвінавачаных, якія скрыліся, а таксама выпадкаў, калі ў вышук аб'яўляліся асобы, чыё месцазнаходжанне следчаму было вядома.
   
Аб злоўжываннях

"Злоўжыванні службовымі асобамі праваахоўных органаў службовымі паўнамоцтвамі. Глядзіце, як гучыць: тое, супраць чаго павінны праваахоўнікі змагацца, ім ставіцца ў віну", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па яго даручэнні былі выяўлены найбольш распаўсюджаныя працэсуальныя парушэнні. У іх ліку аказанне націску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу - падазроных, абвінавачаных, бок абароны, а таксама суддзяў.

Па-першае, Кіраўнік дзяржавы заявіў аб нізкай якасці даследчых праверак і самога папярэдняга следства. Практыка пракурорскага нагляду сведчыць, што асноўнымі характэрнымі недахопамі ў рабоце органаў унутраных спраў з'яўляецца павярхоўнае даследаванне заяў і паведамленняў аб злачынствах, а таксама недастатковае веданне аператыўных супрацоўнікаў аб крымінальных праявах на аб'ектах аператыўнага абслугоўвання. У шэрагу выпадкаў гэта прыводзіць да таго, што вінаватыя асобы, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, учыняюць больш цяжкія злачынствы. Маюць месца працягласць аператыўных распрацовак, парушэнне парадку і ўмоў правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, уключаючы вынясенне нематываваных пастаноў. "І што асабліва недапушчальна - валакіта ў рабоце па ўстанаўленні асоб, якія ўчынілі злачынствы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У недастатковай ступені праводзіцца работа па процідзеянні эканамічнай злачыннасці органамі фінансавых расследаванняў КДК. "Нярэдка вынікі работы органаў ДФР фарміруюцца шляхам дасягнення лічбавых паказчыкаў па выяўленні як мага большых сум нявыплачаных падаткаў і плацяжоў, а не імкненнем не дапусціць учынення правапарушэнняў у эканамічнай сферы, прадухіліць факт незаконнага атрымання даходу суб'ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі, устараніўшы прычыны і ўмовы, што садзейнічаюць іх проціпраўнай дзейнасці", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адзначаецца і павелічэнне тэрмінаў папярэдняга расследавання, устаноўлены факты нясвоечасовага прыняцця мер працэсуальнага прымусу, вышуку абвінавачаных, якія скрыліся, а таксама выпадкаў, калі ў вышук аб'яўляліся асобы, чыё месцазнаходжанне следчаму было вядома.

Па-другое, маюць месца злоўжыванні службовымі асобамі праваахоўных органаў службовымі паўнамоцтвамі. "Глядзіце, як гучыць: тое, супраць чаго павінны праваахоўнікі змагацца, ім ставіцца ў віну, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Аказанне націску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу - падазроных, абвінавачаных, бок абароны, а таксама суддзяў".



"Напрыклад, калі ГУБАЗ або да следчага дайшла нейкая крымінальная справа, - скляпалі-сфарміравалі, - не атрымліваецца на нейкім этапе (адвакат заняў пэўную пазіцыю, падазроны, сведка або нехта "не разумеюць" людзей у пагонах), пачынаецца націск на іх, аж да суддзяў", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён расказаў і аб фактах фальсіфікацыі доказаў - унясенні недакладных звестак у працэсуальныя дакументы, заключэнні экспертыз. "Штучнае стварэнне доказаў. Каб атрымаць загадзя патрэбны вынік, ідуць на фальсіфікацыю. Фіксуйце, Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага), па гэтых усіх пытаннях давядзецца прымаць вельмі строгае рашэнне!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Выяўлены таксама факты ўмяшання ў ход разбору па крымінальных справах і матэрыялах праверак. "Як я ўжо гаварыў, схіленне да дачы патрэбных паказанняў альбо да адмовы ад заяў. Штучнае стварэнне ўмоў для проціпраўнай дзейнасці з мэтай яе спынення", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Пазначаныя факты абумоўлены як карыслівымі матывамі (подкуп з мэтай прыняцця канкрэтнага рашэння, жаданне атрымаць асабістую выгаду), так і імкненнем службовых асоб забяспечыць выкананне даведзеных кіраўніцтвам паказчыкаў аператыўна-службовай дзейнасці і статыстычнай справаздачнасці. "Дзікасць!" - абурыўся Прэзідэнт.

Усяго за 2017 год - першае паўгоддзе 2019 года судамі краіны асуджаны 24 былыя супрацоўнікі аператыўных і следчых падраздзяленняў за ўчыненне проціпраўных дзеянняў пры выяўленні злачынстваў і расследаванні крымінальных спраў. "Гэта значыць амаль нічога. Але гэта толькі пачатак. Я вас папярэджваю. Пасля сённяшняй гістарычнай нарады па ўсіх гэтых пытаннях націск будзе ўзмоцнены. І, як я сказаў аграрыям, у некага вочы на лоб палезуць, калі вы не зменіце падыходы ў гэтай частцы", - дадаў беларускі лідар.

Пры гэтым кіраўнікамі ведамстваў прымаюцца недастатковыя меры па ўстараненні прычын і ўмоў адзначаных парушэнняў і негатыўных тэндэнцый", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Шырокі грамадскі рэзананс, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, выклікаюць факты празмернага прымянення ў адносінах да грамадзян сілы і спецсродкаў. "Прытым выкарыстоўваюць, асабліва гэта міліцыі характэрна, спецпадраздзяленні. У прыватнасці, спецпадраздзяленне "Алмаз". Ганьбяць толькі. Трэба звярнуць увагу на гэтыя спецслужбы. У нас іх чатыры-пяць падраздзяленняў. Іх трэба ўзяць пад кантроль", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта нядобра, што ўрываюцца - прымушаюць двухметровых хлопцаў вагой 150 кг ва ўсім абмундзіраванні - з палкамі, боепрыпасамі і зброяй - урывацца ў дамы грамадзян і здзекавацца з іх. Глядзіце, каб самі не трапілі пад гэты каток", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб узбуджэнні крымінальных спраў і мерах стрымання

Нараканні ў шэрагу выпадкаў выклікаюць абгрунтаванасць узбуджэння крымінальных спраў і практыкі выбрання меры стрымання ў выглядзе ўзяцца пад варту.




"Генеральная пракуратура адзначае павышэнне эфектыўнасці работы органаў дазнання і следства на стадыі ўзбуджэння крымінальнай справы. Адным з паказчыкаў якасці работы адзначаецца зніжэнне колькасці адмененых пракурорамі працэсуальных рашэнняў гэтых органаў. У той жа час аналіз праваахоўнай дзейнасці сведчыць аб тэндэнцыі, што працягваецца, павелічэння колькасці ўзбуджаных органамі папярэдняга расследавання крымінальных спраў. Пры гэтым спыненне такіх крымінальных спраў па рэабілітуючых падставах, у прыватнасці за адсутнасцю дзеянняў складу злачынства, з'яўляецца адным з характэрных паказчыкаў неабгрунтаванасці іх узбуджэння", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў даныя, што ўсяго ў краіне ў 2017 годзе было зарэгістравана больш за 87 тыс. злачынстваў. Узбуджана 91,5 тыс. крымінальных спраў. У 2018 годзе зарэгістравана 83,8 тыс. злачынстваў, а ўзбуджана 91,6 тыс. крымінальных спраў. За першае паўгоддзе бягучага года ўзбуджана 44,7 тыс. крымінальных спраў і зарэгістравана 48,2 тыс. злачынстваў.

Толькі падраздзяленнямі Следчага камітэта спынена па рэабілітуючых падставах у 2017 годзе каля 4 тыс. крымінальных спраў, у 2018 годзе - 4,5 тыс., у першым паўгоддзі 2019-га - ужо 2,15 тыс.

"Апошнім часам назіраецца рост узбуджаных крымінальных спраў па карупцыйных злачынствах. Пры гэтым адной з характэрных негатыўных праяў з'яўляецца крымінальнае праследаванне асоб па фармальных прыкметах злачыннага дзеяння, а ў выніку - адсутнасць складу злачынства, альбо нязначнасць наступстваў яго ўчынення. Не ведаю, каму патрэбны гэтыя справы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Часта ўзбуджэнне крымінальных спраў у адносінах да службовых асоб шырока апавяшчаецца ў СМІ, а іх далейшае спыненне па рэабілітуючых абставінах выклікае негатыўную рэакцыю насельніцтва і з'яўляецца падставай для крытыкі праваахоўных органаў і ўлады ў цэлым".

"Пры гэтым імкненне да паляпшэння паказчыкаў работы ў выглядзе росту статыстычных даных па колькасці расследаваных злачынстваў фактычна нівеліруе магчымасць выкарыстання прэвентыўных мер, у тым ліку грунтуючыся на патрабаваннях Дэкрэта № 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Па-ранейшаму шырока распаўсюджана практыка выбрання меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У 2017 годзе з 17,1 тыс. затрыманых асоб пад варту было ўзята больш за 10 тыс. чалавек. У 2018 годзе з 16,8 тыс. затрыманых у адносінах да 9,5 тыс. асоб была прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У сваю чаргу ў першым паўгоддзі 2019 года з 8,5 тыс. затрыманых пад варту ўзята 4,5 тыс. чалавек. Як правіла, такая мера ўжываецца ў сувязі з тым, што абвінавачаны можа скрыцца ад органаў крымінальнага праследавання, а таксама ў адносінах да замежных асоб, асоб без вызначанага месца жыхарства і раней судзімых.

Нярэдка Генеральнай пракуратурай па хадайніцтвах следчых падраздзяленняў прадаўжаліся тэрміны ўтрымання пад вартай звыш 12 месяцаў. Толькі ў першай палове 2019 года гэта больш за 58 чалавек. "Пры гэтым неабходнасць прадаўжэння гэтых тэрмінаў Генеральнай пракуратурай абгрунтоўваецца вялікім аб'ёмам следчых дзеянняў. У той жа час маюць месца факты неналежнай арганізацыі праводзімых у рамках расследавання мерапрыемстваў, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прыводзімыя даныя аб колькасці асоб, узятых пад варту, у адносінах да якіх у далейшым спынена папярэдняе расследаванне па рэабілітуючых падставах, паказвае на недастатковы кантроль з боку праваахоўных органаў за абгрунтаванасцю прымянення меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту".

"Народнай мовай кажучы, пасадзілі чалавека, у следчым ізалятары гаротнік пакутуе. Праходзіць час, доказаў няма. Чалавека выпусцілі. Так, у 2017 годзе ў адносінах да 31 асобы, якія ўтрымліваліся пад вартай, крымінальная справа была спынена па рэабілітуючых падставах. 31 чалавеку (гэта тое, што мы ўлічылі) зламалі як мінімум лёс. У  2018 годзе вызвалена з-пад варты 27 такіх асоб, - агучыў даныя Кіраўнік дзяржавы. - Пры гэтым асаблівую заклапочанасць выклікае працягласць прымянення такой меры. У прыватнасці, у адносінах да асоб, па якіх у далейшым было спынена папярэдняе расследаванне па рэабілітуючых падставах. Тэрмін узяцця пад варту ў шэрагу выпадкаў перасягаў паўгода. Больш за паўгода чалавека трымалі ў засценках, не даказалі, выпусцілі. Хто за гэта адказаў?"

Аб пракурорскім наглядзе

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб недастатковасці дзейснага пракурорскага нагляду. "Гэта нарада, якую мы праводзім на ўзроўні Прэзідэнта, павінна была быць праведзена не раз у год генеральным пракурорам. Так у нас пракуратура ў суверэннай незалежнай краіне працуе, што за іх трэба яшчэ працаваць Прэзідэнту", - адзначыў ён.



На думку Вярхоўнага суда, у шэрагу выпадкаў невысокай з'яўляецца якасць работы пракурорскіх работнікаў пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду за выкананнем закону ў ходзе дасудовага вядзення па справе. "Гатовы падпісацца пад гэтым вывадам. Часта пракуроры накіроўваюць для разгляду ў суд крымінальныя справы без належнай праверкі і аналізу ўсіх існуючых доказаў. А дзяржаўныя абвінаваўцы падтрымліваюць па іх абвінавачанні ў поўным аб'ёме", - сказаў Прэзідэнт.

У 2018 годзе 25 крымінальных спраў было вернута органам следства для ліквідацыі відавочных перашкод да іх разгляду непасрэдна судамі са стадыі папярэдняга судовага пасяджэння. "Шматлікія памылкі і недахопы дасудовага вядзення па справе выпраўляюцца непасрэдна ў судовым пасяджэнні, а не пракурорамі перад тым, як накіраваць гэту справу ў суд. Як вынік - няякасны пракурорскі нагляд вядзе да заканамернага зніжэння якасці папярэдняга расследавання, прыводзіць да апраўдальных прыгавораў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле даных судовай статыстыкі, апраўдальныя прыгаворы вынесены ў першым паўгоддзі 2019 года ў адносінах да 50 асоб, у 2018 годзе - 80, у 2017-м - амаль 100. У большасці выпадкаў падставамі для пастановы апраўдальных прыгавораў з'яўлялася адсутнасць у дзеяннях складу злачынства, недаказанасць удзелу ва  ўчыненні злачынства. У прыватнасці, толькі па абвінавачанні ў забойстве з 2017 года былі прызнаны невінаватымі і апраўданы 5 чалавек.

Істотнай застаецца колькасць асоб, апраўданых па прад'яўленым абвінавачанні часткова, у тым ліку за ўчыненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Іх колькасць у 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м узрасла са 197 да 208 чалавек. А ў першым паўгоддзі 2019 года склала 60.

"Падставамі для карэкціроўкі абвінавачання ў адзначаных выпадках, на думку суддзяў, з'явіліся недастатковасць доказаў, а таксама няправільнае прымяненне крымінальнага закона, залішняя кваліфікацыя дзеянняў абвінавачаных", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ёсць пажаданні і ў адрас суддзяў. "У нас склалася такая практыка: суддзі, каб прыняць якое-небудзь рашэнне, патрэбна шмат доказаў і аб'ёмаў нейкіх фактаў злачынстваў. Практыка дрэнная! Дастаткова аднаго-паўтара злачынстваў, каб нягодніка пакараць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Паглядзіце, як працуюць амерыканцы. Я ўважліва вывучаў іх вопыт і практыку. Па некаторых рэчах нам не трэба арыентавацца на іх - калі проста праслухоўваюць чалавека: канкрэтны факт кантакту органа ўлады з нейкімі жулікамі і бізнесменамі - пайшоў у турму. Нам не трэба прытрымлівацца гэтага прыкладу. Але калі пакладзены хоць адзін факт у доказ правапарушэнняў, суды павінны прымаць рашэнне, а не патрабаваць ад следчых нейкіх дадатковых фактаў. Зразумела, трэба прыцягваць да адказнасці за канкрэтнае. Не больш і не менш", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле даных Генпракуратуры, прыняцце судамі рашэнняў аб невінаватасці нярэдка звязана не з рознай ацэнкай дастатковасці доказаў органамі крымінальнага праследавання і судамі, а з працэсуальнымі парушэннямі, дапушчанымі органамі следства пры зборы і замацаванні доказаў, а таксама ў час затрымання падазроных і забеспячэнні правоў на абарону.

Аб палачна-птушачнай сістэме ацэнкі
 

Прэзідэнт падкрэсліў недапушчальнасць захавання палачна-птушачных падыходаў да ацэнкі дзейнасці органаў унутраных спраў і следчых падраздзяленняў. "Гарачым жалезам трэба гэта выпаліць. Словамі не дапаможам. Трэба гэта зрабіць на падставе заканадаўчых актаў, паколькі яны па-ранейшаму будуць ставіць палачкі-птушачкі і хваліцца, якія яны вялікія, колькі расследавалі крымінальных спраў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.



Паводле яго слоў, асноўнай прычынай, якая садзейнічае прыняццю службовымі асобамі праваахоўных органаў неправамерных рашэнняў у крымінальным працэсе, з'яўляецца неэфектыўнасць сістэмы ацэнкі аператыўна-службовай дзейнасці, што выяўляецца ў шляхах, якімі крытэрыі ацэнкі дасягаюцца выканаўцамі, і, адпаведна, неэфектыўным кантролі за гэтымі працэсамі ўнутры ведамстваў.

"Тэндэнцыя работы праваахоўных органаў на статыстыку садзейнічае канцэнтрацыі супрацоўнікаў не на забеспячэнні законнасці, абароне правоў і інтарэсаў грамадзян, рэагаванні на парушэнне законаў, а на штучнай дэманстрацыі сваёй работы шляхам дасягнення планавых паказчыкаў і статыстыкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы, вядома ж, будзем звяртаць увагу на статыстыку, але трэба разбірацца, што пакладзена ў яе аснову - штучныя паказчыкі або паказчыкі рэальнай работы ў праваахоўнай сістэме".

У 2018-2019 гадах выяўлены злоўжыванні па лініі барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, адзначалася нацэленасць падраздзяленняў органаў унутраных спраў па гэтым напрамку на выяўленне як мага большай колькасці злачынстваў. "Колькасны аспект замест сістэмнай барацьбы з наркагандлем, устанаўлення каналаў паставак і распаўсюджвання ў краіне буйных партый наркотыкаў. Вядома, прасцей за ўсё злавіць нейкага бамжа з наркотыкамі, а тое яшчэ і падкінуць гэтыя наркотыкі непажаданым і адзначыць гэту барацьбу. Каму гэта трэба?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у якасці парушэнняў фіксавалася давядзенне планавых заданняў па спыненні неабходнай колькасці злачынстваў, што прыводзіла да масавых затрыманняў спажыўцоў наркотыкаў і кур'ераў (закладчыкаў). "Збіранне эпізодаў, працяглае назіранне, фіксацыя фактаў, затрыманне спажыўцоў па адным пры выхадзе з месцаў сумеснага ўжывання і іншае. А таксама правакацыі, у тым ліку з удзелам сваіх крыніц, па схіленні грамадзян да набыцця і ўжывання наркотыкаў. Асабісты ўдзел у незаконным абароце", - расказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што гэтыя недахопы былі раней выкрыты ў выніку комплекснай праверкі, аднак і ў 2019 годзе аналагічныя парушэнні зафіксаваны, у тым ліку ў Аршанскім раённым упраўленні ўнутраных спраў.

"З'яўляецца недастаткова эфектыўнай сістэма ацэнкі дзейнасці і следчых падраздзяленняў Следчага камітэта. У прыватнасці, работа следчага ацэньваецца па колькасці расследаваных крымінальных спраў, у сувязі з чым у 2017-2019 гадах выяўляліся факты давядзення кіраўнікамі тэрытарыяльных падраздзяленняў Следчага камітэта патрабаванняў па мінімальных паказчыках. У тым ліку колькасць следчых дзеянняў у дзень, якія не заўсёды адпавядалі рэальнай неабходнасці. У сваю чаргу давядзенне завышаных паказчыкаў не толькі садзейнічала зніжэнню якасці расследавання, але і вымушала следчых ухіляцца ад прыняцця да вядзення складаных і шматэпізодных спраў, завяршыць якія ў найкарацейшы тэрмін не ўяўлялася магчымым", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле звестак КДБ, факты грубых парушэнняў адзначаюцца не толькі ў рабоце аператыўных і следчых падраздзяленняў. Паступае інфармацыя, што і супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у час выезду на месца здарэнняў з мэтай выканання планавых статыстычных паказчыкаў па ўзяцці максімальнай колькасці слядоў бяруць сляды, якія не маюць значэння, а таксама фактычна фальсіфікуюць сляды ўчынення злачынстваў.

"У затрыманых асоб адбіраюць узоры, у тым ліку пакінутыя імі ўжо пры правядзенні працэсуальных дзеянняў, а затым яны наносяцца на ўзятыя прадметы і рэчы, што ў далейшым пры экспертным даследаванні такіх аб'ектаў "даказвае" ўчыненне злачынства загадзя вядомай асобай. Прамы падлог і фальсіфікацыя! І такім людзям месца ведаеце дзе. Такія выпадкі выяўлены ў рабоце Цэнтральнага, Фрунзенскага, Маскоўскага райаддзелаў горада Мінска (бачыце, разумныя ў Мінску, навучыліся працаваць), а таксама Магілёўскага і Гомельскага міжрайаддзелаў", - прывёў факты Кіраўнік дзяржавы.

Аб карупцыі і жалезабетонных доказах

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на наяўнасць дастатковай доказнай базы пры расследаванні карупцыйных злачынстваў. На праблемы ў гэтым напрамку паказвае і Вярхоўны суд. Як паказвае практыка, часам абвінавачанні грунтуюцца на чыіхсьці блытаных успамінах пра даўнія падзеі, пры якіх канкрэтны факт атрымання хабару адсутнічае.



"Па значнай колькасці спраў абвінавачанне грунтуецца не на выяўленым факце атрымання прадмета хабару, а на непаслядоўных успамінах, прычым даволі даўніх падзей, таго, хто даваў хабар і не можа назваць канкрэтныя абставіны перадачы ўзнагароджанняў: даты, месца, сумы. Такія падыходы да даказвання віны патэнцыяльнага хабараатрымальніка істотна павышаюць рызыку яго абгавору, у тым ліку канкурэнтамі", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу КДБ у гэтым напрамку: усе ўзбуджаныя камітэтам гучныя крымінальныя справы аб хабарніцтве грунтуюцца на канкрэтных фактах. Гэта было патрабаванне Прэзідэнта. "Хабар - гэта калі вы зафіксавалі аўдыя, відэа, што чалавеку прынеслі і далі яго. Усё - нікуды не дзенешся, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А што такое, калі чалавек недзе ўспомніў, што ён камусьці даў хабары? І пачынаецца (гэта асабліва міліцыі характэрна): нехта недзе сказаў - чалавеку заламалі рукі і пачалі выкручваць. Павінны быць жалезабетонныя доказы такіх рэчаў, інакш мы прыйдзем да таго, што ў грамадстве з'явіцца і бурна будзе працвітаць практыка: не спадабаўся чалавек - абгаварыў яго, даў супраць яго паказанні і пайшлі".

Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў, што аслабляць барацьбу супраць хабарніцтва нельга і ніякага змякчэння пакарання для карупцыянераў быць не павінна. "Трэба проста эфектыўна і правільна працаваць, цярпліва, і прыцягваць да адказнасці максімальна тых, хто бярэ хабары і ўчыняе карупцыйныя злачынствы. Але ні ў якім разе мы не павінны пакараць чалавека, які не вінаваты. Лепш не расследуйце гэтыя крымінальныя справы, калі вы не бачыце жалезабетонных доказаў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб расследаванні крымінальнай справы супраць былога намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына, якога затрымалі на месцы злачынства пры атрыманні хабару. Яго не сталі затрымліваць пры першым жа падазрэнні, а спачатку сабралі неабходную доказную базу. Гэта работа заняла больш за два гады. "Сёння ён сваю віну не адмаўляе, таму што на стол пакладзены факты, дзе ён гэтыя грошы бярэ і куды выкарыстоўвае. Але гэта была ўдумлівая, спакойная работа, ніхто не хапаў і рукі не заломваў, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Дарэчы, гэта былы начальнік асабістай аховы Прэзідэнта і Службы бяспекі. Гэты факт сведчыць аб тым, што недатыкальных у краіне няма".

Аналіз правапрымяняльнай практыкі паказвае, што выпрацаваць катэгарычныя крытэрыі ацэнкі дастатковасці доказнай базы па такіх крымінальных справах праблематычна. Аднак зрабіць гэта неабходна, падкрэсліў Прэзідэнт.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў праваахоўныя органы на больш якасную работу ў сферы абароны законных правоў грамадзян. "Вы не толькі павінны быць чысцілішчам, але і ўмець своечасова праінфармаваць Прэзідэнта ў мэтах абароны людзей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Зыходзячы з таго, што я толькі абазначыў, вы са мной пагодзіцеся, што сёння не радавая нарада ў Прэзідэнта, і па ўсіх фактах мы павінны прыняць адпаведныя рашэнні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, ён сказаў: "Кадры трэба не толькі назначаць, але і ахоўваць іх. А жулікаў і прайдзісветаў трэба гарачым жалезам выпальваць з нашых радоў".

"Справядлівае павінна быць стаўленне да людзей! Самі ж можам апынуцца на месцы тых людзей, якіх вы часам прасуеце, і незаконна. Вывады сказанага мною: праваахоўныя органы павінны працаваць не проста эфектыўна, а якасна, талкова. І ў аснову трэба пакласці не толькі закон (у ім не прапішаш усё, што адбываецца ў жыцці) - пакладзіце ў аснову справядлівасць. Не націскайце на людзей залішне. Але, з іншага боку, не даруйце нічога падонкам, нягоднікам і бандытам. Інакш аб стабільнасці потым у нашым грамадстве размовы быць не можа", - рэзюмаваў Прэзідэнт.


© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь