Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Нарада па праектах кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці

18 чэрвеня 2020 года

Прававыя нормы, якія будуць прыняты ў выніку змянення адміністрацыйнага заканадаўства, павінны дапамагаць, а не перашкаджаць людзям жыць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 чэрвеня на нарадзе па праектах кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на працягу паўгода над праектамі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях працавала міжведамасная экспертная камісія пад кіраўніцтвам Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольгі Чупрыс.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўслед за кодэксамі неабходна перагледзець ведамасныя інструкцыі і іншыя акты падзаконнага ўзроўню, зняўшы з іх лішнія бюракратычныя патрабаванні. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на неабходнасці хуткага правядзення такой работы. "Мы павінны з вамі дамовіцца, у якія тэрміны гэта зрабіць. Вельмі хацелася б, каб з новага года пачаў працаваць новы кодэкс і былі прыведзены ў парадак падзаконныя акты", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што змяненне норм заканадаўства ў далейшым прадоўжыцца па аналогіі з тым, як гэта адбывалася з кодэксамі аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, такая работа будзе праведзена ў сферы крымінальнага заканадаўства.

"Прайшло нямала часу, жыццё памянялася. Новыя і дзеючыя законы павінны адпавядаць рытму, спосабу жыцця грамадзян і функцыянаванню дзяржавы. Таму надышоў час узяцца за гэту цяжкую, карпатлівую, часам нелюбімую работу (помню гэта з часоў сваёй парламенцкай дзейнасці), - адзначыў Прэзідэнт. - Не трэба ў выніку рэформ паламаць усё дашчэнту і разлічваць, што затым, на абломках мы нешта пабудуем. Трэба ісці так, як мы фарміравалі гэтыя кодэксы (аб адміністрацыйнай адказнасці) - ад жыцця, улічваючы тое, што ўжо зроблена".

"Забароны і абмежаванні павінны застацца толькі там, дзе яны аб'ектыўна неабходны: калі ёсць рызыка прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, узнікнення надзвычайных сітуацый", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Не трэба чапляцца да людзей па дробязях, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Навошта штрафаваць пажылую жанчыну, якая ля дарогі прадае, напрыклад, вядро яблыкаў ці бульбы з уласнага агарода? Лепш будзе, калі мы ўсюды (хоць цяжка сказаць, дзе іх толькі няма) арганізуем міні-рынкі, паставім прылаўкі каля вёсак або ў людных месцах. А ў астатнім - нам проста не трэба перашкаджаць людзям жыць і працаваць".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такая работа ў краіне ўжо вядзецца, яна пачалася тры гады таму ў рамках лібералізацыі бізнес-клімату. "Яна не павінна спыняцца. Гэта прамое даручэнне, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Пастаянна трэба думаць, як працаваць з людзьмі. Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць".

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў бальную сістэму, прапанаваную ДАІ. "Можа, яна і нядрэнная. У многіх краінах прыжылася. Але калі мы вывучылі грамадскую думку, то гэтай сістэме ў Беларусі пакуль няма даверу", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб у канчатковым выглядзе ў кодэксах у поўнай меры ўлічылі інтарэсы як дзяржавы, так і простых грамадзян. "Асобныя шурпатасці можна скарэкціраваць пры дапрацоўцы ў Палаце прадстаўнікоў, дзе парламентарыі яшчэ ўнясуць сваю лепту. Аднак па асноўных, канцэптуальных палажэннях праектаў мы павінны вызначыцца сёння", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта тэма ўжо абмяркоўвалася ў снежні 2019 года і тады быў выяўлены шэраг сістэмных недахопаў. "Я прыводзіў ужо канкрэтныя лічбы. Толькі за пяць гадоў у нас зарэгістравана ледзь ці не 16 млн парушэнняў, за якія да адказнасці прыцягнуты больш як 3 млн чалавек. Такі стан спраў стаў вынікам неналежнай правапрымяняльнай практыкі асобных ведамстваў і залішняй рэпрэсіўнасці адміністрацыйнага заканадаўства", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Для таго каб змяніць сітуацыю Прэзідэнт даваў адпаведныя даручэнні, у тым ліку наконт павелічэння скораснага рэжыму, аптымізацыі размяшчэння сродкаў фота- і відэафіксацыі, узмацнення прафілактычнай работы з насельніцтвам. Ён нагадаў, што ў падрыхтоўцы двух новых кодэксаў былі задзейнічаны дзяржорганы ўсіх узроўняў улады, дэпутацкі і судзейсці корпус, вучоныя і юрыдычная грамадскасць. Міжведамасная камісія вывучыла праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, і выпрацавала аптымальныя прававыя мадэлі іх вырашэння.

"Перакананы, што толькі такім чынам могуць быць падрыхтаваны сапраўды справядлівыя і вельмі патрэбныя грамадству законы. Гэты вопыт трэба ўзяць на ўзбраенне і новаму складу Урада", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў асноўныя пытанні для ўдзельнікаў нарады. "Па-першае, якія асноўныя змяненні прадугледжаны праектамі кодэксаў? Ці ў поўнай меры ў іх рэалізаваны ўстаноўкі Прэзідэнта? Ці ўлічаны прапановы, якія паступілі ад грамадзян? - звярнуўся ён да прысутных. - Па-другое, наколькі мы перакроілі адміністрацыйны працэс? І ці трэба было гэта рабіць? Цікава пачуць, як нормы кодэксаў будуць прымяняць суды. Па-трэцяе, якім чынам будзе выбудавана прафілактычная работа з насельніцтвам па лініі органаў унутраных спраў? Гэта важны складнік. Бо, па сутнасці, міліцыя заўсёды была і будзе бліжэй за ўсё да людзей".

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь