Нарада па аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў

  • 1
Новы механізм фінансавага аздараўлення праблемных прадпрыемстваў АПК будзе ўкаранёны ў Беларусі. Праект адпаведнага Указа Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў па выніках праведзенай 20 ліпеня нарады, на якой абмяркоўвалася гэта пытанне.

Распрацаваць комплексны нарматыўны прававы акт, які дасць магчымасць арганізацыям АПК уваходзіць у спецыяльны рэжым фінансавага аздараўлення без прымянення судовых працэдур, Ураду было даручана ў канцы 2017 года. Паўнамоцтвамі ў гэтай сферы будуць надзелены старшыні райвыканкамаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што работа па падрыхтоўцы праекта ўказа праведзена, хоць яе і вельмі доўга ажыццяўлялі. "Але перш чым падпісаць Указ, праект якога на стале, я хачу пачуць ад губернатараў, перш за ўсё, і членаў Урада адказы на некаторыя пытанні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У першую чаргу Прэзідэнта цікавіла, якія перспектывы развіцця сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, падтрымка якіх ажыццяўляецца ў рамках прынятых ужо рашэнняў. "Мы ўжо столькі прымаем рашэнняў па аздараўленні, што, здавалася б, усе яны павінны быць прыбытковымі. Але чагосьці не хапала - вось яшчэ адзін нарматыўны прававы акт. Ці знізілася колькасць неплацежаздольных суб'ектаў гаспадарання пасля прыняцця мер раней?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

"Па-другое, ці ўсё, пра што мы з вамі дамаўляліся, рэалізавана ў праекце Указа? Мы павінны прымаць нашы рашэнні такім чынам, каб яны былі заземлены. Яны павінны глядзець у перспектыву, але не павінны быць адарваныя ад існуючай рэальнасці. Ці дазволяць яны ў поўнай меры выкарыстоўваць вытворчы патэнцыял праблемных арганізацый і вывесці іх на стабільную работу?" - прадоўжыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, як губернатары на месцах бачаць рэалізацыю прапанаваных мер, ці няма пярэчанняў у старшынь райвыканкамаў наконт надзялення іх новымі паўнамоцтвамі.

"Калі ёсць праблемы, то патрэбны прадуманыя, канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Па выніках абмеркавання Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанаваны праект дакумента, які створыць дадатковыя магчымасці і механізмы для мясцовых органаў улады і кіраўнікоў гаспадарак па забеспячэнні стабілізацыі фінансавага стану неплацежаздольных сельгасарганізацый. Прадугледжаны і дадатковыя стымулюючыя меры для эфектыўных уласнікаў, інвестараў. Чакаецца, што пасля невялікіх дапрацовак Указ будзе падпісаны Кіраўніком дзяржавы.

Пры гэтым абавязковае патрабаванне Прэзідэнта заключаецца ў захаванні профілю работы арганізацый, забеспячэнні занятасці работнікаў, выкананні сацыяльных абавязацельстваў.

На нарадзе таксама была комплексна абмеркавана бягучая сітуацыя ў сферы сельскай гаспадаркі, у тым ліку нарыхтоўка кармоў і ўборка ўраджаю. Цяпер завяршаецца падрыхтоўка да найбольш масавых работ. Асаблівая ўвага ўдзелена нарыхтоўцы кармоў. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў далажыць сітуацыю на месцах і яшчэ раз акцэнтаваў увагу на патрабаваннях па якасці і выкананні неабходных тэхналогій на этапах як нарыхтоўкі кармоў, так і далейшага захоўвання. Асноўная задача - забяспечыць неабходнымі запасамі кожную гаспадарку краіны, каб выключыць дарагую перакідку паміж раёнамі і, адпаведна, фінансавыя страты.