Нарада аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 10 студзеня нараду аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў.

"Няма неабходнасці гаварыць, што святы скончыліся і трэба інтэнсіўна ўключацца ў работу. Год наперадзе нялёгкі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Няма неабходнасці, таму што мы не адпачывалі так, як нашы суседзі, тыдзень-два. Мы даўно пачалі работу, таму настроены на патрэбны лад".

У час нарады Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць пытанні эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Беларусі ў 2019 годзе. "Шмат аб гэтым гаворыцца і аб тым, што гэта перадвыбарны год, - гэта сапраўды так. У нас дастаткова пытанняў, якія трэба вырашаць лепш, чым яны вырашаюцца цяпер. Мы ўмеем вырашаць гэтыя пытанні", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, трэба абмеркаваць у тым ліку пытанні, звязаныя з развіццём беларуска-расійскіх адносін, узаемадзеяннем краін у фармаце ЕАЭС і АДКБ. Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы мае намер удзяліць вынікам перагавораў з Прэзідэнтам Расіі, якія адбыліся ў канцы снежня мінулага года.

"Усё гэта падлягае абмеркаванню, каб не было ніякіх недагаворванняў і, галоўнае, каб у вас не заставалася нейкіх сумненняў наконт вырашэння важных пытанняў для нашай краіны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вельмі шмат сёння (я аналізую сітуацыю ў нашым грамадстве, ды і ў расіян) ідзе размоў аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў. Шмат цяпер з'явілася пытанняў у сувязі з царквой ва Украіне аб аўтакефаліі нашай царквы ў Беларусі. Я называю гэтыя пытанні вельмі неразумнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што размовы аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў быць не можа. "Мы з Прэзідэнтам Расіі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма - аб аб'яднанні", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расія ў свой час падпісалі дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і развівалі свае адносіны, строга прытрымліваючыся гэтага дакумента. "Мы павінны былі ў свой час прыняць Канстытуцыйны акт, гэта значыць Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы, і там усё павінна было быць прапісана: і органы кіравання, і органы ўлады, і адзіная валюта, палітыка. Расія адмовілася ў свой час ісці гэтым шляхам. Я гэта нагадаў Прэзідэнту Расіі, ён сказаў: "Так і было". Паўстае пытанне: што будзем рабіць з саюзным дагаворам? Трэба садзіцца за стол і глядзець, што мы разам можам сёння згодна з дагаворам вырашыць, на што мы можам без усялякага націску пайсці", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што саюз Беларусі і Расіі можа развівацца толькі на раўнапраўнай аснове. "І гэта не таму што Лукашэнка так хоча, як гэта падаецца ў Расіі. А таму што гэта фундаментальныя прынцыпы пабудовы любога саюза. Няма раўнапраўнай асновы - няма саюза, - сказаў беларускі лідар. - Усё павінна адбывацца на раўнапраўнай аснове, і на гэта павінна быць воля двух народаў - Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Мы ўвесь час, фарміруючы гэты саюз, павінны азірацца на меркаванне нашых людзей. Таму па многіх-многіх прычынах, вы самі разумееце, аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў размовы не ідзе".

На гэты крок, перакананы Аляксандр Лукашэнка, не можа пайсці і сама Расія. Гэта Кіраўніку беларускай дзяржавы падцвердзіў расійскі Прэзідэнт Уладзімір Пуцін. "Няма такой магчымасці ў Расіі, улічваючы наступствы ўсяго, на гэта пайсці. Таму трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што нехта некага нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць", - адзначыў беларускі лідар.

Закранаючы эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй, Прэзідэнт канстатаваў, што практычна ўсе праблемы ў адносінах паміж краінамі вырашаны ў больш ці менш прымальным варыянце. "Ёсць невялікія пытанні, пра якія мы расіянам заўсёды гаварылі: гэта пастаўкі нашай сельскагаспадарчай, харчовай і іншай прадукцыі на рынкі Расійскай Федэрацыі. Але яны не маюць крытычнага характару. Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што гэтыя ганебныя пытанні трэба знімаць, каб яны больш ніколі не стаялі на парадку дня нашых перагавораў на вышэйшым узроўні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пэўныя праблемы застаюцца і ў сферы аўтаперавозак. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок пастаўлены ў горшыя ўмовы, чым, напрыклад, Польшча і Літва. "Шмат крыку, гвалту наконт палітыкі гэтых дзяржаў адносна Расіі, шмат размоў аб Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС, а элементарныя пытанні не вырашаюцца. Мы з Прэзідэнтам Расіі назвалі іх выключна як пытанні, нявартыя абмеркавання прэзідэнтаў, ганебныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Іх, вядома, трэба вырашаць, і вырашыць іх можна элементарна", - лічыць ён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў вынікі праведзеных у канцы снежня перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Бакі, у прыватнасці, абмяркоўвалі пытанні кампенсацыі беларускаму боку ў сувязі з падатковым манеўрам у Расіі ў нафтавай сферы. "Ніякага непрымання па пытанні кампенсацыі не было. Не было, што Расія гаворыць: "Не, мы не будзем кампенсаваць ваша пагаршэнне сітуацыі, вашы страты". Больш таго, Прэзідэнт Расіі прапанаваў і ў новым годзе прадоўжыць перагаворы па гэтым пытанні і выпрацаваць прымальнае рашэнне - і сам-насам, і ў складах рабочых груп", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што гэта пытанне трэба было б урэгуляваць да 1 студзеня, але ніякай катастрофы з-за таго, што яно пакуль не вырашана, на сённяшні дзень няма. "Страты ад падатковага манеўру ў Беларусі ў гэтым годзе складуць смешную суму: пры $70 за бараль гэта будзе каля $400 млн. Гэта не катастрофа. Але мы на гэта пайсці не можам, таму што з 2015 года, калі быў уведзены гэты падатковы манеўр, мы ўжо страцілі $3,6 млрд. Да заканчэння гэтага падатковага манеўру, да 2025 года, мы страцім $10,6 млрд", - прывёў разлікі Прэзідэнт.

"Мы несці страты да ўзроўню мінулага года не можам. Таму ўсе страты павінны быць кампенсаваны па тых ці іншых напрамках супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, - паставіў задачу Ураду Аляксандр Лукашэнка. - Я гэта і Прэзідэнту (Расіі. - Заўвага) сказаў, як гэта ні было б балюча і сумна, і паўтараю гэта публічна, і даводжу да вашага ведама як даручэнне Прэзідэнта Беларусі. Вы яго павінны выканаць бездакорна і дакладна. Мы нічога не можам страціць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзеянні расійскага боку супярэчаць духу і літары ўсіх дамоўленасцей, у тым ліку ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "У Расіі сёй-той гаворыць: "У нас няма абавязацельстваў па кампенсацыі. Нідзе гэта ў саюзных дагаворах не прапісана". На што я задаю прамое пытанне: "Дык што, мы, падпісваючы гэтыя дагаворы (аб Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС), разлічвалі на пастаяннае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў сувязі з нейкімі ўнутранымі дзеяннямі Расійскай Федэрацыі?" Не. Мы разлічвалі на лепшае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў тыя гады і размовы не ішло аб падатковых манеўрах. Бакі не маглі прадугледзець гэты момант у дамоўленасцях, таму што не існавала нават думкі, што з'явяцца такія пытанні. "Была агульная фармулёўка - "недапушчэнне пагаршэнняў у нашых адносінах", - заўважыў Прэзідэнт.

Раней ужо праводзіліся перагаворы па кампенсацыі страт беларускаму боку, і на іх былі выпрацаваны адпаведныя механізмы і вызначаны крыніцы. Прадстаўнікі Расіі публічна заявілі аб вырашэнні гэтага пытання ў станоўчым для Беларусі ключы. Аднак у хуткім часе, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, расійскі бок рэзка спыніў перагаворы, не адмаўляючыся ад кампенсацыі, але адначасова заяўляючы аб неабходнасці паглыблення інтэграцыйных працэсаў.

"На пытанне, а якія гэта інтэграцыйныя працэсы, адказу ў расіян пакуль няма. Калі я прасіў назваць, што Расійская Федэрацыя сёння ў плане інтэграцыі хоча ад Беларусі, непасрэднага адказу не паступіла. І мы па прапанове Расійскай Федэрацыі згадзіліся, што гэтыя пытанні трэба вызначыць і паспрабаваць вырашыць у рабоце сумесных груп", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

У канцы 2018 года такія рабочыя групы былі створаны. Расійскі бок у іх прадстаўляе кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Максім Арэшкін, беларускі - Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

"Я абсалютна падтрымліваю прапановы, што там павінны быць службовыя асобы найвышэйшага ўзроўню, не толькі спецыялісты. Мы павінны весці перагаворы па комплексе пытанняў, якія абазначаны ў саюзным дагаворы. На першае месца (гэта была прапанова Прэзідэнта Расіі) мы павінны паставіць пытанні, якія павінны вырашацца ў першачарговым парадку: эканамічныя і фінансавыя", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што па ўсіх пытаннях ужо даўно прыняты рашэнні, проста, на думку Аляксандра Лукашэнкі, расійскі Урад пра гэта забыў, інфармуючы расійскага лідара.

Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым годзе плануецца завяршыць мадэрнізацыю двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, пасля чаго Беларусь зможа купляць нафту для далейшай перапрацоўкі не толькі ў Расіі.

"Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе вырашыць: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты. Калі літоўцы не згодны - з латышамі дамовіцца і закупляць гэту нафту. Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць балтыйскія рэспублікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, для краін Балтыі гэта будзе танней, чым цяпер, калі яны купляюць нафтапрадукты па сусветных цэнах. "Можна дамовіцца так, што гэта будзе наша агульная нафта, якую мы перапрацуем на мадэрнізаваным Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Тым больш у нас нават ёсць некаторыя магчымасці ў гэтым плане", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў не гіпербалізаваць праблемы, звязаныя са стратамі беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расіі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампенсуюць гэтыя негатыўныя моманты. "Але хачу папярэдзіць: аб такіх рашэннях, як перакладванне гэтых праблем на плечы нашых людзей, беларусаў, нават не думайце, - папярэдзіў ён. - Насельніцтва не павінна адчуць ніякага дадатковага цяжару. Прынамсі ў гэтым, будучым годзе наогул няма ніякіх праблем, нават калі б мы нічога не кампенсавалі". На думку Кіраўніка дзяржавы, зарабіць дадатковыя $400 млн для Беларусі не праблема. "Па парытэце пакупной здольнасці, як цяпер прынята лічыць, ВУП Беларусі - пад $80 млрд. Што тут за праблема? Няма такой", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі выбера кіраўніцтва Расіі такі шлях руху і страту адзінага саюзніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў удзельнікаў нарады комплекснай ацэнкай сярэднетэрміновага эканамічнага росту, стану бюджэту, узроўняў інфляцыі і золатавалютных рэзерваў ва ўмовах падатковага манеўру. Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб планах Урада па выпрацоўцы дадатковых крыніц кампенсацыі падатковага манеўру.

Асобна на нарадзе быў абмеркаваны комплекс пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама ўзаемадзеяння з краінамі-партнёрамі ў формах ЕАЭС і АДКБ.