Мерапрыемства з нагоды прыбыцця ў Беларусь Кубка свету ФІФА

  • 13
  • 1:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лютага прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прыбыцця ў Мінск Кубка свету ФІФА.

У беларускую сталіцу галоўны трафей сусветнага футбола прыбыў з Вены. У Мінску яго першым прыпынкам стаў Палац Незалежнасці. Кубак размясціўся ў зале ўрачыстых цырымоній, у гэты дзень тут яго змаглі ўважліва разгледзець юныя беларускія футбалісты і знакамітыя трэнеры, прадстаўнікі футбольнай грамадскасці, пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў, спартыўныя функцыянеры.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прыбыцця знакамітага трафея ў Мінск таксама прыняў удзел прадстаўнік ФІФА Лукас Рахаў.

Пасля памятнага фатаграфавання Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з удзельнікамі цырымоніі, абмеркаваўшы з юнымі ігракамі іх першыя поспехі, а з вядомымі спартсменамі і трэнерамі - развіццё ў краіне розных відаў спорту. Размова перш за ўсё ішла аб стане спраў у беларускім футболе. Аб сваім бачанні праблем Кіраўніку дзяржавы расказаў заслужаны трэнер СССР і Беларусі Эдуард Малафееў. Прэзідэнт паабяцаў у бліжэйшы час удзяліць гэтай тэме неабходную ўвагу і даў шэраг адпаведных даручэнняў старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргею Румасу.

У час сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы размова ішла аб развіцці і такіх відаў спорту, як плаванне, мастацкая гімнастыка, фехтаванне, веславанне на байдарках і каноэ, веласпорт. Не абышлі ўвагай і выступленне беларускіх атлетаў на зімовых Алімпійскіх гульнях, што праходзяць у гэтыя дні ў Пхёнчхане. Яшчэ адным сюрпрызам для прадстаўнікоў спартыўнай сферы стала экскурсія па Палацы Незалежнасці.

На заканчэнне мерапрыемства Лукас Рахаў уручыў Аляксандру Лукашэнку зменшаную копію Кубка свету ФІФА. Чакаецца, што яна стане пастаянным экспанатам Палаца Незалежнасці.