Каментарый да Указа № 329 ад 9 верасня 2019 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 верасня падпісаў Указ № 329 "Аб нацыянальных і зборных камандах Рэспублікі Беларусь па відах спорту".

    Дакумент накіраваны на сістэматызацыю і ўпарадкаванне работы па фарміраванні нацыянальных і зборных каманд, забеспячэнні спартыўнай падрыхтоўкі іх членаў, а таксама накіраванні спартсменаў, трэнераў і спецыялістаў для ўдзелу ў спартыўных і іншых мерапрыемствах. Урэгуляваны пытанні прыцягнення ў такія каманды асоб начальніцкага і радавога складу сілавых ведамстваў.

    У дапаўненне да норм, якія дзейнічалі раней (Указ ад 17 сакавіка 2011 года № 115), замацаваны абавязак спартсменаў кампенсаваць расходы на іх падрыхтоўку ў выпадку сістэматычнага парушэння абавязкаў па ўдзеле ў спартыўных спаборніцтвах або выступлення за нацыянальныя і зборныя каманды замежных дзяржаў. Наймальнікі членаў нацыянальных і зборных каманд цяпер абавязаны вызваляць іх ад работы з захаваннем заработнай платы на перыяд выкліку на спартыўныя мерапрыемствы.

    Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту надзелены паўнамоцтвамі па цэнтралізаваным набыцці лекавых сродкаў, лячэбнага харчавання і медыцынскіх вырабаў для спартсменаў нацыянальных і зборных каманд.