Каментарый да Указа № 226 ад 7 чэрвеня 2018 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня падпісаў Указ № 226 "Аб адкрыцці спецыяльных рахункаў".

    Дакументам прадугледжваецца адкрыццё спецрахункаў прадпрыемствамі цэментнай прамысловасці і падраднымі арганізацыямі, якія маюць запазычанасць перад імі.

    Грашовыя сродкі, залічаныя на гэтыя рахункі, маюць мэтавае прызначэнне і будуць накіроўвацца падраднымі арганізацыямі на разлікі з прадпрыемствамі цэментнай прамысловасці за атрыманую прадукцыю, адкрытымі акцыянернымі таварыствамі "Беларускі цэментны завод", "Краснасельскбудматэрыялы" і "Крычаўцэментнашыфер" - на пакрыццё плацяжоў, праведзеных з рэспубліканскага бюджэту па крэдытах Экспартна-імпартнага банка Кітая, а таксама на выплату працэнтаў па прыцягнутых інвестыцыйных крэдытах беларускіх банкаў.

    Указ падпісаны ў мэтах стварэння ўмоў для скарачэння запазычанасці перад арганізацыямі цэментнай галіны за адгружаную імі прадукцыю і своечасовага забеспячэння гэтымі арганізацыямі вяртання крэдытаў.