Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Навіны

Афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым

29 лістапада 2017 года

У супрацоўніцтве Беларусі і Казахстана пачынаецца новы этап з упорам на інавацыі і высокія тэхналогіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 лістапада па выніках афіцыйных перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, які 29-30 лістапада наведвае Беларусь з афіцыйным візітам.

"Асабліва прыемна адзначыць, што гэты візіт даў старт новаму этапу двухбаковага супрацоўніцтва, адметнай рысай якога стане ўзаемапранікненне капіталаў з упорам на інавацыі і высокія тэхналогіі. Гэта асаблівасць нашай сённяшняй сустрэчы. Найвышэйшыя тэхналогіі - заўтрашні дзень. А мы з Казахстанам гатовы працаваць на гэты дзень, мы накіраваны ў будучыню", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў галіне ІТ-тэхналогій. "Беларусь ужо вырабляе значны аб'ём праграмнага забеспячэння для многіх краін і гатова да кааперацыі і абмену вопытам з казахстанскімі братамі. Мы нічога ад вас утойваць не будзем. Усё, што мы ўмеем рабіць у гэтым плане, - калі ласка, мы прадаставім поўную інфармацыю, усё гэта пакажам вам", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што існуючая сур'ёзная база выніковых двухбаковых адносін дае магчымасць перайсці на новы тэхналагічны ўзровень, аб чым бакі сёння і дамовіліся. "У полі нашага інтарэсу - прапановы па перспектыўных праектах у самых розных галінах: нафтахіміі, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, транспарце, лагістыцы і новых тэхналогіях", - расказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў сімвалічнасць візіту, які праходзіць у год 25-годдзя з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам. За гэты перыяд краіны сталі не проста сябрамі, але і сур'ёзнымі стратэгічнымі і эканамічнымі партнёрамі. "Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што Казахстан для нас - важны і правераны часам саюзнік як у фармаце двухбаковых адносін, так і ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў і міжнародных арганізацый", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.



Перагаворы лідараў дзвюх краін прайшлі ў традыцыйна цёплай і дружалюбнай атмасферы, абмеркаваны шырокі спектр пытанняў. Бягучы год у цэлым быў вельмі насычаны беларуска-казахстанскімі кантактамі. Адбылася канструктыўная сустрэча ў рамках саміту ШАС, а таксама шэраг візітаў вышэйшых службовых асоб. Беларусь прыняла актыўны ўдзел у міжнароднай выстаўцы "ЭКСПА-2017" у Казахстане. Такая інтэнсіўнасць дыялогу падкрэслівае стратэгічны характар нашых адносін і партнёрства, упэўнены беларускі лідар.

"Упэўнены, што ў Беларусі і Казахстана ёсць вялікія магчымасці для пашырэння двухбаковых сувязей. Важнейшымі напрамкамі павінны стаць актывізацыя ўзаемных інвестыцый у вытворчасць і пашырэнне рынкаў збыту прадукцыі і паслуг. Для паспяховай работы на сусветных пляцоўках неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. І ў нас ёсць адпаведныя такім маштабным планам рэсурсы. Больш таго, мы сёння адобрылі прапанову нашых урадаў па стварэнні такіх карпарацый у сферах ад адукацыі да лагістыкі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што канкурэнтаздольнасць эканомікі залежыць ад аператыўнасці ўкаранення найноўшых вытворчых і фінансавых тэхналогій і інструментаў. У Казахстане ствараецца міжнародны фінансавы цэнтр "Астана" - будучы рэгіянальны фінансавы кластар. У Беларусі - Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", які павінен стаць інавацыйным "горадам будучыні", арыентаваным на высокатэхналагічны экспарт. "Узаемны ўдзел у гэтых праектах паскорыць і ўзмоцніць інтэграцыю нашых краін у сусветную эканоміку", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, будзе карысна наладзіць кантакт міжнароднага фінансавага цэнтра "Астана" з Паркам высокіх тэхналогій у частцы ўкаранення самых перадавых распрацовак. "Мы з Прэзідэнтам абмяркоўвалі гэта пытанне і падтрымалі прапанову ўрадаў па стварэнні больш глыбокіх кантактаў паміж фінансавым цэнтрам і ПВТ", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь таксама гатова падзяліцца з Казахстанам сур'ёзнымі напрацоўкамі па беспілотных лятальных апаратах - не толькі арганізаваць пастаўкі, але і перадаць тэхналогіі іх вытворчасці.

Пры гэтым адзначана, што бакі недастаткова выкарыстоўваюць патэнцыял навукова-тэхнічных сувязей. "Лічу важным развіццё партнёрства з Казахстанам у касмічнай сферы, напрыклад, па такіх напрамках, як дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі, навукова-касмічныя даследаванні, касмічная сувязь", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён дадаў, што Беларусь можа прапанаваць партнёрам і ўласныя інавацыйныя дасягненні ў аграрнай галіне.



Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасць павышэння эфектыўнасці супрацоўніцтва з Казахстанам у прамкааперацыі, якая застаецца рухавіком двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. "Мы адкрыты да павелічэння ўзроўню лакалізацыі сумесна выпускаемай у Казахстане прадукцыі, што дасць магчымасць стварыць дадатковыя рабочыя месцы", - адзначыў ён.

Беларусь мае намер заставацца надзейным транзітным партнёрам Казахстана. Удзел дзвюх краін у рэалізацыі ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху адкрывае новыя магчымасці развіцця тэрыторый, пашырэння транспартных калідораў, стварэння лагістычнай інфраструктуры для хуткай і зручнай дастаўкі грузаў паміж Еўропай і Азіяй.

"Мы маем станоўчы вопыт у галіне жыллёвага і дарожнага будаўніцтва ў самім Казахстане. Выхаду на новы ўзровень супрацоўніцтва ў гэтых сферах будзе садзейнічаць узаемнае прызнанне адміністрацыйных працэдур допуску арганізацый на рынак праектных і будаўнічых работ у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў Прэзідэнт.

Ён лічыць неабходным актывізаваць дыялог дзяржаў ЕАЭС для больш хуткай выпрацоўкі рашэння па гэтым пытанні.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб намеры і далей актыўна падтрымліваць кантакты ў адукацыі, культуры, ахове здароўя. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў шэраг дасягненняў, дзякуючы якім Беларусь і Казахстан могуць па праву ганарыцца вынікамі ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы. "Важна, каб дух дружбы і ўзаемапавагі паміж народамі, які дастаўся нам у спадчыну ад Савецкага Саюза, падтрымліваўся і перадаваўся маладому пакаленню. Прапаную аднавіць правядзенне Дзён культуры. Гэта будзе садзейнічаць збліжэнню нашых грамадзян, папулярызацыі традыцый, дасягненняў і гістарычнай спадчыны", - прапанаваў Прэзідэнт.

Выказаны ўзаемны інтарэс захаваць і развіваць дадатную дынаміку ў двухбаковых адносінах, асабліва што датычыцца сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Па выніках студзеня-верасня 2017 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся амаль на 65% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года і склаў каля $0,5 млрд, аднак не раз падкрэслівалася, што гэта тым не менш не адпавядае патэнцыялу дзяржаў. Прэзідэнт Беларусі падтрымаў прапанову прарэвізаваць канкрэтныя групы тавараў і паглядзець, адкуль у Казахстан і Беларусь ідзе імпарт, і наколькі магчыма яго замясціць. "Мы імкнёмся да таго, каб зноў падняцца да ўзроўню больш за $1 млрд тавараабароту, як гэта ўжо некалі было", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Што датычыцца сферы палітыкі і дыпламатыі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў поўнае супадзенне поглядаў бакоў. "Мы падтрымліваем адзін аднаго ўсюды і заўсёды. Мы самыя блізкія дзяржавы", - сказаў ён.



У цэлым на перагаворах дасягнута дамоўленасць дынамічна развіваць прамысловую кааперацыю, актывізаваць работу па стварэнні новых сумесных вытворчасцей у розных галінах эканомікі. Вялікая ўвага на перагаворах удзелена пашырэнню транспартна-лагістычнай інфраструктуры, што вельмі важна з улікам геаграфічнага размяшчэння краін, якія знаходзяцца на лініі эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

"Казахстан з'яўляецца для нас стратэгічным партнёрам. Мы вельмі высока цэнім нашы цесныя сувязі і нацэлены на плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках, - заявіў Прэзідэнт Беларусі. - Я гарантую вам: калі мы дамовіліся па якіх-небудзь пытаннях - мы будзем свята прытрымлівацца нашых дамоўленасцей, і вы ніколі не будзеце мець з намі праблем".

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што адносіны Беларусі і Казахстана выйшлі на высокі стратэгічны ўзровень і для іх развіцця няма ніякіх перашкод. Паміж краінамі створана магутная эканамічная і палітычная база дружбы і супрацоўніцтва.

Казахстанскі лідар асабліва спыніўся на тэме супрацоўніцтва ў ІТ-сферы, расказаўшы што бакі дамаўляюцца аб дзвюх-трох буйных сумесных ідэях і праектах у гэтым напрамку. У Казахстане ствараецца ІТ-парк, куды запрашаюцца ўсе сусветныя кампаніі.

Нурсултан Назарбаеў закрануў на перагаворах і пытанне стварэння новых мультымадальных транспартных калідораў, адзначыўшы вялікую перспектыўнасць гэтай тэмы.



Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў падпісалі дагавор паміж Беларуссю і Казахстанам аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на гэты ж перыяд. Гэты праграмны дакумент прызначаны замацаваць перспектыўныя адносіны дзвюх краін і адкрыць новыя магчымасці ў развіцці ўсебаковага ўзаемадзеяння. Акрамя гэтага, падпісаны міжнародныя дакументы, якія датычацца вытворчай, навукова-тэхнічнай кааперацыі, спорту, а таксама сродкаў масавай інфармацыі.

Адначасова з перагаворамі лідараў дзвюх краін у Мінску праходзіў беларуска-казахстанскі бізнес-форум, які сабраў каля 400 удзельнікаў. Заключаны буйныя кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў.

Улічваючы доўгі перагаворны дзень 29 лістапада, а таксама вельмі насычаны парадак дня 30 лістапада, па даручэнні прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана ў бізнес-форуме прынялі ўдзел і завяршылі яго работу першыя віцэ-прэм'еры дзвюх краін - Васіль Мацюшэўскі і Аскар Мамін.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь