Адкрыццё XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

  • 15

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" - блізкая падзея для ўсіх, хто разумее прыроду духоўнай роднасці, ведае свае карані і шануе нацыянальную спадчыну. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з году ў год "Славянскі базар" напаўняе летняе жыццё Віцебска музычнымі рытмамі, ператварае пейзажы горада над Дзвіной у вялікую творчую майстэрню, дзе мастакі адкрываюць для гасцей фестывалю свет старажытных і сучасных традыцый народнага мастацтва.

"Мінулае і сучаснае не толькі ў культуры, але і ў лёсе людзей сплятаюцца тут разам, робяць гэту падзею блізкай для ўсіх, хто разумее прыроду духоўнай роднасці, ведае свае карані і шануе нацыянальную спадчыну", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не выпадкова гісторыя фестывалю пачалася тады, калі завяршылася палітычнае жыццё дзяржавы, якая дзесяцігоддзямі аб'ядноўвала многія народы ў адну сям'ю.

"І там, дзе палітыкі правялі дзяржаўныя межы, людзі знайшлі самы просты, стагоддзямі правераны спосаб захаваць добрыя, цяпер ужо суседскія адносіны - праз культурныя сувязі. На Віцебскай зямлі зарадзілася традыцыя, якая зноў змацавала славянскі свет мелодыяй любімых песень, гучаннем дзіўных галасоў, паэзіяй і музыкай душы вядомых усім аўтараў і выканаўцаў", - нагадаў беларускі лідар.

Захаванае адзінства, давер і ўзаемная падтрымка народаў сталі сапраўднай апорай у станаўленні і развіцці маладых суверэнных дзяржаў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Міжнародны конкурс не толькі сабраў разам блізкіх людзей, але і прыцягнуў увагу таленавітых артыстаў з іншых куткоў зямнога шара.

"Прадстаўнікі многіх краін і кантынентаў у розныя гады ўпрыгожвалі і напаўнялі музычны марафон вельмі глыбокім сэнсам, - адзначыў Прэзідэнт. - "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" - гэта жыццесцвярджальная ідэя, закладзеная ў канцэпцыю "Славянскага базару" ў год яго заснавання, і сёння застаецца вельмі актуальнай і сучаснай. Магчыма, нават больш актуальнай і сучаснай, чым дзесяцігоддзі таму".

"Тут заўсёды пануе ўнікальная атмасфера міжнацыянальнай дружбы, якая існуе па-за дзяржаўнымі межамі, па-за палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі і перакананнямі. Віцебскі фестываль служыць самым высакародным мэтам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўдзел у "Славянскім базары" прадстаўнікоў больш як 40 краін пацвярджае душэўную шчодрасць беларусаў, гасцінных і адкрытых для дружбы з усім светам.

"Цяперашні форум сабраў у Віцебску прадстаўнікоў больш як сарака краін. Акрамя бліжэйшых суседзяў да нас прыехалі госці з Вялікабрытаніі, Канады, Паўночнай Карэі, Егіпта, Калумбіі і Гвінеі. Што несумненна пацвярджае душэўную шчодрасць беларусаў, гасцінных і адкрытых для дружбы з усім светам, талерантнасць славянскіх народаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі рады сустракаць замежных гасцей, прымаць у сваю вялікую фестывальную сям'ю ўсіх, хто едзе з чыстымі думкамі і добрымі намерамі. "І мы шчаслівыя, што з кожным годам такіх людзей становіцца толькі больш, а іх знаёмства з Беларуссю прадаўжаецца таксама ў іншых гарадах і рэгіёнах", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што вось ужо трыццаць гадоў Віцебскі амфітэатр упрыгожвае горад, стварае ў ім музычны настрой. "Ён прыняў першыя канцэрты "Славянскага базару", і ўжо не злічыць, колькі песень з таго часу прагучала, колькі зорак тут загарэлася і гледачоў сустрэлася. Але дакладна можна сказаць, што галоўная канцэртная пляцоўка форуму стала для многіх артыстаў родным домам. Месцам, дзе заўсёды ўтульна адчуваюць сябе ўсе - і пастаянныя госці, ужо вядомыя выканаўцы, і дэбютанты", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У час урачыстага адкрыцця фестывалю Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" спявачцы Розе Рымбаевай, Гран-пры XVI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2018" Аляксандру Балабанаву з Украіны, а таксама прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017-2018 гады. Іх уладальнікамі сталі народны артыст Расіі кампазітар Алег Іваноў, аўтарскі калектыў у складзе народнага артыста Расіі дырыжора Валерыя Палянскага і заслужанага работніка культуры Расіі Аляксандра Шаніна, а таксама народны артыст Савецкага Саюза балетмайстар Валянцін Елізар'еў.

Арганізатары форуму падарылі Аляксандру Лукашэнку пояс-абярэг - галоўны дар мужчыне ў славянскіх народаў. Такім чынам яны падзякавалі Кіраўніку дзяржавы за тое, што ён у свой час дапамог захаваць фестываль, які цяпер аб'ядноўвае многія народы.

"Мы тады мелі рацыю, што захавалі гэты фестываль. Ён быў бы проста знішчаны. Я гэта ведаю цяпер дакладна. Яго хацелі пусціць у свабоднае плаванне па гарадах, вёсках і краінах для таго, каб ён паціху пагаснуў, як у нас кажуць. Таму мы яго захавалі для вас і мелі рацыю: ён нам вельмі патрэбны сёння, і ён будзе заўсёды запатрабаваны", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Не будзем утойваць, у нашым славянскім свеце сёння не зусім спакойна. І тое, што сёння адбываецца тут, я ўпэўнены, што вы нават гэтага не ўсведамляеце, наколькі важна, што мы тут сабраліся - для беларусаў, расіян, украінцаў, для ўсіх тых рэспублік Савецкага Саюза, якія былі некалі ў адной дзяржаве", - адзначыў Прэзідэнт.