Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дзяржаўным органам, які забяспечвае дзейнасць Прэзідэнта і кантралюе выкананне яго рашэнняў. Адміністрацыя Прэзідэнта падначальваецца непасрэдна Кіраўніку дзяржавы.
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Адміністрацыя ажыццяўляе арганізацыйнае, інфармацыйнае, экспертна-аналітычнае і прававое забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта.

Адміністрацыя Прэзідэнта рыхтуе і ўносіць на разгляд Кіраўніка дзяржавы праекты рашэнняў Прэзідэнта, матэрыялы для штогадовых пасланняў Кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, матэрыялы па пытаннях захавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, а таксама грамадзянства, памілавання, вызвалення ад крымінальнай адказнасці ў выпадках, вызначаных заканадаўчымі актамі.

Адміністрацыя забяспечвае ўзаемадзеянне Прэзідэнта з органамі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, мясцовага самакіравання, грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі (аб'яднаннямі) і іншымі грамадска-палітычнымі інстытутамі, а таксама са сродкамі масавай інфармацыі.

У функцыі Адміністрацыі таксама ўваходзіць:

  • сістэматычны аналіз і прагназаванне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне;
  • распрацоўка прапаноў па ўдасканаленні ўнутранай палітыкі дзяржавы, у тым ліку маладзёжнай, інфармацыйнай і этнаканфесійнай, у сферы адукацыі, навукі, аховы здароўя, дэмаграфіі, культуры і спорту;
  • каардынацыя і аналіз эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў рэспубліцы;
  • вывучэнне грамадскай думкі, грамадска-палітычнай сітуацыі ў рэгіёнах, прагназаванне яе развіцця.

На Адміністрацыю Прэзідэнта ўскладаецца вядзенне кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы, узгадненне назначэння на пасады і вызвалення ад пасад у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Адміністрацыя праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян, аналіз і кантроль прынятых мер па выніках зваротаў, выяўляе найбольш вострыя праблемы, што хвалююць насельніцтва, прадстаўляе даклады Прэзідэнту аб колькасці і характары зваротаў, прынятых па іх рашэннях, прапановах па ўстараненні выяўленых праблем.

Адміністрацыя рыхтуе матэрыялы па ўзнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі і аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта.

Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Кіраўнік Адміністрацыі, які назначаецца і вызваляецца з пасады Указам Прэзідэнта.

У Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ёсць намеснікі, у тым ліку першы.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта з'яўляецца членам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго Прэзідыума. Ён ажыццяўляе агульнае кіраванне дзейнасцю Адміністрацыі, нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на Адміністрацыю задач і функцый, выдае распараджэнні па яе дзейнасці, забяспечвае падрыхтоўку прапаноў Прэзідэнту па асноўных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Адміністрацыю Прэзідэнта ў адносінах з унутрыдзяржаўнымі, замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі, праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян, а таксама рэалізуе іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам.

Кіраўнікі структурных падраздзяленняў Адміністрацыі Прэзідэнта кіруюць дзейнасцю адпаведных падраздзяленняў і нясуць персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на іх задач, дакладваюць падрыхтаваныя ў структурным падраздзяленні дакументы кіраўніцтву Адміністрацыі, праводзяць нарады з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю структурных падраздзяленняў, кантралююць выкананне рашэнняў і даручэнняў Прэзідэнта і Кіраўніка Адміністрацыі, праводзяць асабісты прыём грамадзян.

У структуру Адміністрацыі ўваходзяць памочнікі Прэзідэнта - інспектары па абласцях, г.Мінску, па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы. Памочнікі Прэзідэнта забяспечваюць выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па напрамках іх дзейнасці.

Архіў медыя

Фота- і відэакадры як сведкі гісторыі станаўлення і развіцця маладой суверэннай краіны. Унікальны архіў самых важных і цікавых падзей прэзідэнцкага графіка бярэ пачатак у 1994-м і прадаўжаецца ў нашы дні.

Пісьмо Прэзідэнту

Эфектыўная работа са зваротамі грамадзян - залог абароны нашых правоў і інтарэсаў. Менавіта таму яна пастаянна ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы. Пакінуць сваё пісьмо Прэзідэнту вы можаце і на нашым сайце.