Карват Уладзімір Мікалаевіч (1958-1996). Падпалкоўнік авіяцыі. Са жніўня 1994 года ва Узброеных Сілах Беларусі, начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі авіябазы ў г.Баранавічы. 23 мая 1996 года ў час трэніровачнага палёту самалёт, якім кіраваў Карват, загарэўся. Машына стала страчваць кіраванне і падаць. Кіраўнік палётаў даў каманду на катапультаванне, але падпалкоўнік Карват прыняў мужнае рашэнне: не дапусціць падзення машыны ў населеным раёне. Цаной свайго жыцця ён адвёў да бліжэйшага ляснога масіву самалёт, які падаў на вёскі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна, і тым самым выратаваў жыхароў гэтых населеных пунктаў. Указам нумар 484 ад 21.11.1996 У.М.Карвату (пасмяротна) прысвоена званне "Герой Беларусі" за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку.
Дубко Аляксандр Іосіфавіч (1938-2001). Гаспадарчы і дзяржаўны дзеяч Беларусі. Герой Сацыялістычнай Працы. Працаваў аграномам-насенняводам, дырэктарам вучгаса "Станіславова" Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага райвыканкама, дырэктарам трэста малочна-агароднінных саўгасаў Гродзенскай вобласці, старшынёй калгаса, савета сельскагаспадарчага калектыўнага прадпрыемства "Прагрэс" Гродзенскага раёна, старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Указам нумар 361 ад 30.06.2001 А.І.Дубко (пасмяротна) прысвоена званне "Герой Беларусі" за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам.
Карчміт Міхаіл Аляксандравіч (1949-2004). Беларускі гаспадарчы дзеяч. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. З 1988 года старшыня праўлення агракамбіната "Сноў" Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У 1997–2004 гадах член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваў і ўкараніў новыя перспектыўныя сарты азімай пшаніцы. Указам нумар 362 ад 30.06.2001 М.А.Карчміту прысвоена званне "Герой Беларусі" за самаадданую працу, выключныя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Крамко Віталь Ільіч (1941-2009). Беларускі гаспадарчы дзеяч. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. З верасня 1984 г. – старшыня калгаса "Кастрычнік" Гродзенскага раёна. Пад кіраўніцтвам В.І.Крамко СВК "Кастрычнік-Гродна" стаў гонарам аграпрамысловага комплексу Беларусі, адным з флагманаў развіцця аграрнай галіны. Указам нумар 362 ад 30.06.2001 В.І.Крамко прысвоена званне "Герой Беларусі" за самаадданую працу, выключныя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Пракаповіч Пётр Пятровіч (нар. 1942). Дзяржаўны дзеяч Беларусі. 24 гады прапрацаваў у будаўнічай галіне Брэсцкай вобласці, за гэты перыяд пры яго непасрэдным удзеле пабудаваны амаль усе найбольш важныя для народнай гаспадаркі рэспублікі сельскагаспадарчыя аб'екты. У 1998–2011 гадах быў старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Па ініцыятыве Пятра Пракаповіча прыняты шэраг дзяржаўных рашэнняў па развіцці жыллёвага будаўніцтва, ільготнага крэдытавання. Указам нумар 135 ад 01.03.2006 П.П.Пракаповіч удастоены звання "Герой Беларусі" за значны ўклад у забеспячэнне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі і павышэнне на гэтай аснове ўзроўню жыцця насельніцтва рэспублікі.
Равяка Васіль Афанасьевіч (нар. 1942). Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Васіль Равяка працуе ў сельскай гаспадарцы больш як 35 гадоў. З 1995 года старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Прагрэс-Верцялішкі" Гродзенскага раёна. СВК "Прагрэс-Верцялішкі" – адно з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэспублікі, школа перадавога вопыту гаспадарання. Указам нумар 135 ад 01.03.2006 удастоены звання "Герой Беларусі" за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
Савіцкі Міхаіл Андрэевіч (1922-2010). Беларускі мастак, педагог, народны мастак Беларусі, народны мастак СССР, акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. З імем Міхаіла Савіцкага звязана развіццё сучаснага беларускага жывапісу. За гады творчай дзейнасці ён стварыў вядомую не толькі ў Беларусі, але і ў свеце калекцыю высокаідэйных, патрыятычных твораў, якія з'яўляюцца гонарам беларускай культуры. Творы Міхаіла Савіцкага дэманструюцца ў самых прэстыжных музеях Расіі, Еўропы, ЗША, Японіі. Указам нумар 135 ад 01.03.2006 званне "Герой Беларусі" прысвоена М.А.Савіцкаму за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны.
Філарэт (Вахрамееў Кірыл Варфаламеевіч) (нар. 1935). Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі з 1989 па 2013 гады. Дзейнасць Уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць як у блізкім, так і ў далёкім замежжы. Пры ім у Беларусі былі адроджаны ўсе гістарычна існуючыя епархіі, аднавілі дзейнасць многія мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы i сястрынствы. Мітрапаліт Філарэт – заснавальнік першай у нашай рэспубліцы праваслаўнай духоўнай акадэміі. Па благаславенні Патрыяршага Экзарха была адноўлена святыня Беларусі – Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай і пачаў функцыянаваць унікальны сацыяльны праект Беларускай праваслаўнай царквы – Дом міласэрнасці. Ён шмат зрабіў для пабудовы канструктыўных і плённых адносін паміж царквой і дзяржавай. Указам нумар 137 ад 01.03.2006 Мітрапаліту Філарэту прысвоена званне "Герой Беларусі" за выключны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і брацкіх сувязей паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу.