Адукацыя

Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь

Адукацыя

Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь - навучанне і выхаванне ў інтарэсах чалавека, грамадства, дзяржавы, накіраванае на фарміраванне гарманічнай і рознабакова развітой асобы.

Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на ўмацаванні вядучых прынцыпаў развіцця нацыянальнай школы, сярод якіх:

  • дзяржаўна-грамадскі характар кіравання;
  • забеспячэнне прынцыпу справядлівасці, роўнага доступу да адукацыі;
  • павышэнне якасці адукацыі для кожнага.

Па паказчыку "Доступ да базавых ведаў" у Індэксе сацыяльнага прагрэсу за 2022 год Беларусь займае 17-е месца сярод 169 краін свету.

Узровень адукаванасці насельніцтва Беларусі ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых заўсёды быў адным з самых высокіх у свеце, цяпер ён дасягае 99,9%. Паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года, ахоп насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і навукова-арыентаванай адукацыяй склаў 97,8%.

Сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь забяспечвае адукацыю на асноўным, дадатковым і спецыяльным узроўнях. Усяго ў краіне налічваецца каля 8 тыс. устаноў асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне больш як 2 млн дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў забяспечваюць 422 тыс. работнікаў (11,7% ад колькасці працуючых у арганізацыях краіны).

Асноўная адукацыя ўключае дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і навукова-арыентаваную. Дадатковая падраздзяляецца на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі, дадатковую адукацыю дарослых.

Такім чынам, у краіне на практыцы забяспечваецца рэалізацыя прынцыпу "адукацыя праз усё жыццё".

У 2015 годзе Рэспубліка Беларусь увайшла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (Балонскі працэс), што падкрэслівае высокі ўзровень якасці адукацыі ў краіне.

Аднак разам з уступленнем у Балонскі працэс рэспубліка не адмовілася і ад лепшых здабыткаў адзінай савецкай сістэмы адукацыі (інтэрнацыянальнасць, дзяржаўная падтрымка, даступнасць, бясплатнасць, стабільнасць функцыянавання, улік сацыяльна-эканамічных умоў).

Асноўнай крыніцай фінансавання сістэмы адукацыі па-ранейшаму з'яўляецца бюджэтнае фінансаванне, якое разглядаецца як дзяржаўныя інвестыцыі ў чалавечы капітал.

З мэтай стварэння адзінага, цэласнага механізма прававога рэгулявання адукацыйных адносін, забеспячэння сістэматызацыі і ўпарадкавання прававых норм, а таксама поўнай кадыфікацыі заканадаўства аб адукацыі прыняты Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2011 года. Цяпер з улікам змяненняў, што адбываюцца і плануюцца ў сістэме адукацыі, падрыхтаваны праект новай рэдакцыі дакумента.

Важным з'яўляецца тое, што беларускае заканадаўства ў гэтай сферы арганічна спалучаецца з планамі сацыяльна-эканамічнага развіцця не толькі нашай краіны, але і Саюзнай дзяржавы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, ЕАЭС.

Беларуская адукацыя ўключае ў сябе як працэс навучання, так і выхавання, у якім на першае месца ставіцца любоў і павага да сваёй Айчыны, народа, мовы, культуры, традыцый і звычаяў.

Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця забяспечвае магчымасць удзелу кожнага чалавека ў павышэнні якасці ўласнага жыцця і жыцця грамадства.