Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Турызм

Турызм

Развіццё турызму – адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Гэта галіна ўзята пад асаблівую апеку дзяржавы.

Першая Нацыянальная праграма развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь была прынята ў 2004 годзе. Вынікам яе выканання стаў значны рост экспарту турыстычных паслуг, развіццё турыстычнай інфраструктуры ў краіне, спрашчэнне ўязнога рэжыму і ўмоў знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі.

Сёння ў Беларусі рэалізуецца шэраг дзяржпраграм, у якіх прадугледжаны меры і сродкі па стварэнні сучаснай інфраструктуры турызму ў розных рэгіёнах краіны.

Рэспубліканскі бюджэт сумесна з абласнымі бюджэтамі прымае ўдзел у аднаўленні помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў рэгіёнах краіны. У 2012 годзе Саветам Міністраў зацверджана дзяржпраграма "Замкі Беларусі". У рамках дзяржпраграмы да 2018 года плануецца добраўпарадкаваць 38 замкаў, палацаў і замчышчаў.

Асаблівая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца развіццю аграэкатурызму. У мэтах стварэння спрыяльных умоў для развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь, задавальнення патрэбнасцей грамадзян у адпачынку і аздараўленні Кіраўніком дзяржавы былі прыняты ўказы № 371 "Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь" і № 372 "Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь".

У Беларусі актыўна распрацоўваюцца зялёныя маршруты, якія ствараюцца ўздоўж натуральных зялёных калідораў, далін рэк, гістарычных гандлёвых шляхоў і старых чыгунак. Сярод іх – маршрут па Лепельскім раёне Віцебскай вобласці пад назвай "Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў", па рэках Грыўда, Шчара і Нёман – "Воднымі шляхамі Вялікага Княства Літоўскага" і іншыя.

Зялёныя маршруты з'яўляюцца асновай для рэалізацыі праектаў, звязаных з захаваннем прыродных ландшафтаў, культурнай спадчыны, з экалагічным турызмам і транспартам, які не забруджвае навакольнае асяроддзе. Цяпер вядзецца актыўная работа па распрацоўцы новых турысцкіх маршрутаў на тэрыторыі кожнай вобласці, праводзіцца збор заявак жадаючых заняцца аказаннем паслуг у сферы аграэкатурызму. Для гаспадароў сельскіх сядзіб запланавана правядзенне спецыяльных адукацыйных і навучальных семінараў.

Сёння ў Беларусі шырока разгорнута падрыхтоўка турыстычных кадраў. У гэтай сферы працуюць 20 вышэйшых і 8 сярэдніх навучальных устаноў. Агульны набор на гэтыя спецыяльнасці перавышае 2,1 тыс. чалавек.

Адпачынак на любы густ

Сёння кожны турыст і падарожнік можа выбраць у Беларусі адпачынак на любы густ. У Беларусі няма заснежаных гор і цёплага мора з пясчанымі пляжамі, але летам тут можна накупацца ў чыстых азёрах, а зімой пакатацца на лыжных курортах, і ў любую пару года – пабываць на рыцарскіх турнірах, народных святах, розных спартыўных спаборніцтвах, фестывалях, у тэатрах, музеях, на экскурсіях.

Турыстычная інфраструктура Беларусі дае магчымасць з камфортам размясціцца, паспытаць нацыянальных страў, бяспечна і хутка дабрацца ў любы куток краіны, набыць сувеніры. Дзякуючы развіццю інфармацыйных тэхналогій, у Беларусі ствараецца нацыянальная сістэма анлайн-браніравання, што дае магчымасць турысту заказаць нумары ў большасці гасцініц краіны.

Турыстычны патэнцыял Беларусі заключаецца ў разнастайнасці і харастве прыроды, унікальнасці гісторыка-культурнай спадчыны. У рэспубліцы налічваецца больш як 15 тысяч аб'ектаў, якія маюць гістарычную, культурную, архітэктурную значнасць, а таксама памятных мясцін, звязаных з імёнамі выдатных дзеячаў сусветнай гісторыі і культуры.

Для аматараў экалагічнага турызму адпачынак у Беларусі – унікальная магчымасць атрымаць асалоду ад прыроды ў экалагічна чыстых, не кранутых урбанізацыяй кутках. Многія прыродныя аб'екты краіны лічацца эксклюзіўнымі ў Еўропе. У першую чаргу гэта нацыянальныя паркі "Нарачанскі", "Прыпяцкі", "Браслаўскія азёры", "Белавежская пушча", Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі "Налібоцкая пушча", "Блакітныя азёры" і многія іншыя.

Асаблівая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца развіццю аграэкатурызму. Сёння турыстаў гатовы прыняць больш як 2 тысячы сельскіх сядзіб. Усе яны абсалютна розныя і па-свойму каларытныя. У адных турыстам прапануюць асобны домік з камінам, більярдам і вясковай лазняй, у іншых – невялікі пакой у агульным з гаспадарамі доме і ўмывальнік з калодзежнай вадой на вуліцы. Але ва ўсіх без выключэння сельскіх сядзібах гасцей смачна накормяць і арганізуюць шмат забаў.

Апошнія гады ўсё больш папулярным становіцца лячэбна-аздараўленчы турызм. Адпачынак і аздараўленне прапануюць гасцям 481 санаторна-курортная і аздараўленчая арганізацыя, у тым ліку 76 санаторыяў і 2 пансіянатаў. Усе санаторыі размешчаны ў зонах з асаблівым мікракліматам, многія з іх маюць уласныя крыніцы мінеральных вод, гразелячэбніцы. У Беларусь замежных гасцей прыцягваюць высокая кваліфікацыя беларускіх урачоў, добрая аснашчанасць клінік, у цэлым высокі ўзровень якасці медыцынскіх паслуг.

Не страчвае сваёй актуальнасці рэлігійны турызм. У выніку гістарычнага мінулага на тэрыторыі краіны стагоддзямі пражываюць побач прадстаўнікі розных рэлігій – хрысціяне, іўдзеі, мусульмане і інш. Вернікі прыязджаюць пакланіцца цудадзейным абразам і нятленным мошчам беларускіх святых: Ефрасінні Полацкай, праведнай княгіні Соф’і Слуцкай. У мінскім касцёле Святых Сымона і Алены і гродзенскім Фарным касцёле захоўваюцца дублікаты Турынскай плашчаніцы.

Апошнія гады ў моду ўваходзіць ваенна-гістарычны турызм. Людзі прыязджаюць у Беларусь з розных канцоў свету, каб наведаць памятныя мясціны, дзе вяршылася гісторыя. Пра падзеі мінулага нагадваюць замкі і храмы абарончага тыпу, помнікі і стэлы, устаноўленыя ў гонар знакамітых бітваў, ваенныя і краязнаўчыя музеі.

Шмат замежных гасцей прыязджаюць у Беларусь, каб наведаць разнастайныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню. У першую чаргу гэта Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце і інш. Яркай падзеяй стаў праведзены ў Мінску дзіцячы песенны конкурс "Еўрабачанне–2010". Цяпер Беларусь актыўна рыхтуецца да Чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў 2014 годзе.

Беларусь удзельнічае ў шэрагу трансгранічных праектаў – "Невядомая Еўропа" ў Гродзенскай вобласці, Еўрарэгіён "Паазер'е", "Бэла Дзвіна" ў Віцебскай вобласці. Усе яны дапамагаюць больш эфектыўна выкарыстоўваць гісторыка-культурную спадчыну і ўнікальны прыродны патэнцыял краіны.

Дзе варта пабываць у Беларусі

Беларусь пачынаецца са сталіцы. Мінск – горад з амаль тысячагадовай гісторыяй. У Вялікую Айчынную вайну Мінск быў разбураны больш як на 80 працэнтаў, у сувязі з гэтым тут практычна не захаваліся старажытныя пабудовы. Аднак сучасная планіроўка і добраўпарадкаванне, архітэктурныя ансамблі з шырокімі, светлымі вуліцамі і праспектамі, пышнай зелянінай бульвараў, сквераў і паркаў ствараюць сваё непаўторнае аблічча і каларыт. Для гасцей беларускай сталіцы распрацавана больш як 40 пешаходных і аўтобусных экскурсійных маршрутаў з наведваннем аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, музеяў, тэатраў, выставачных галерэй.


Мірскі замкавы комплекс (Мірскі замак)– выдатны помнік абарончага дойлідства XVI стагоддзя. Уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У снежні 2010 года пасля рэстаўрацыйных работ Мірскі замак быў адкрыты для турыстаў.


Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс – унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI–XVIII стагоддзяў, звязаны з гісторыяй роду Радзівілаў. Уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У чэрвені 2011 года пасля актыўных рэстаўрацыйных работ Нясвіжскі замак адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў.


Аўгустоўскі канал
– выдатны аб'ект гідратэхнічнай архітэктуры 1-й палавіны XIX стагоддзя, які злучыў раку Віслу з Нёманам. На канале праводзяцца міжнародныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, гарадскія, абласныя і рэспубліканскія конкурсы, турзлёты. Арганізуюцца падарожжы ўздоўж канала на байдарках, каноэ, маторках.


Мемарыяльны комплекс "Хатынь" – адзін з самых уражальных помнікаў ахвярам Другой сусветнай вайны. Знаходзіцца за 54 км ад Мінска на месцы вёскі, знішчанай фашыстамі ў Вялікую Айчынную вайну. Сёння гэта адна з найбольш шаноўных мясцін у Беларусі. Тут працуе невялікі музей і фотавыстаўка.


Брэсцкая крэпасць
– помнік абарончай архітэктуры ХІХ стагоддзя, размешчаны прыкладна ў 30 мінутах хады ад цэнтра Брэста. У гады Другой сусветнай вайны крэпасць стала сімвалам савецкага супраціўлення фашысцкім акупантам. 22 чэрвеня 1941 года гарнізон крэпасці прыняў першыя ўдары нямецка-фашысцкіх захопнікаў і больш як месяц трымаў абарону ў поўным акружэнні. У пасляваенны час за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час абароны крэпасці, цытадэль атрымала ганаровае званне "Крэпасць-герой".


Белавежская пушча– адна з важнейшых выдатных мясцін Беларусі. Гэта буйнейшы лясны масіў у Цэнтральнай Еўропе, знакаміты імяннымі дубамі, узрост якіх перасягае 500 гадоў. Пушчу насяляюць разнастайныя жывёлы і птушкі, у тым ліку самая вялікая ў Еўропе папуляцыя рэдкіх зуброў. Нацыянальны парк уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.


Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" размешчаны ў Віцебскай вобласці. Тут знаходзяцца найпрыгажэйшыя ў Беларусі ледніковыя азёры, аб'яднаныя ў некалькі груп. У раёне азёр жывуць рэдкія птушкі і жывёлы, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут размешчана шмат турыстычных баз адпачынку.


Музей Марка Шагала ў Віцебску - – адзін з самых наведвальных музеяў у Беларусі. Марк Шагал, ураджэнец Беларусі яўрэйскага паходжання, сусветна вядомы дзякуючы сваім сюррэалістычным карцінам. Феномен творчасці Шагала нязменна выклікае вялікі інтарэс як у Беларусі, так і за мяжой. У калекцыі музея Шагала сабрана больш як 300 арыгінальных твораў мастацтва, сярод якіх літаграфіі, ксілагравюры, гравюры, акватынты, ілюстрацыі да паэмы "Мёртвыя душы" Мікалая Гогаля. У музеі таксама выстаўлены рэпрадукцыі некаторых самых знакамітых работ Шагала.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь