Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Спорт

Спорт

Сучасная Беларусь займае дастойнае месца ў сусветнай спартыўнай супольнасці. Краіна пастаянна ўваходзіць у дваццатку мацнейшых сярод больш як 200 спартыўных дзяржаў свету, што прымаюць удзел у Алімпійскіх гульнях.
Беларусь лічыцца спартыўнай краінай. У рэспубліцы прыняты заканадаўчыя акты і забяспечаны ўдзел дзяржавы ў развіцці і фінансаванні фізічнай культуры і спорту, будаўніцтве і ўтрыманні спартыўных збудаванняў, аздараўленчых цэнтраў, спартыўных клубаў, падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне фізічнай культуры і спорту, спартсменаў высокага класа.

Здаровы лад жыцця – візітная картка Беларусі

Здароўе людзей, развіццё фізічнай культуры і спорту абвешчаны ў Беларусі прыярытэтным напрамкам сацыяльнай палітыкі. Пытанні арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам і развіццё масавага спорту знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, здаровы лад жыцця стаў візітнай карткай Беларусі.

Штогод у Беларусі для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця праводзяцца больш як 16 тысяч спартыўных мерапрыемстваў. Традыцыйнымі сталі фізкультурна-спартыўныя спаборніцтвы "Беларуская лыжня", Усебеларускае фізкультурна-спартыўнае свята, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Усебеларускі лёгкаатлетычны крос на прызы газеты "Советская Белоруссия". Адроджана сістэма рэспубліканскіх галіновых спартакіяд. У краіне праводзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе "Скураны мяч", гандболе "Імклівы мяч", біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі "Снежны снайпер", а таксама агульнанацыянальны хакейны турнір на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба "Залатая шайба".

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню фізічнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Па ўсёй краіне для іх арганізуюцца падлеткавыя спартыўныя клубы. У Беларусі працуюць навучальныя цэнтры для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў, у тым ліку Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, вучылішчы алімпійскага рэзерву, спецыялізаваныя школы алімпійскага рэзерву, больш як 250 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.

Спартыўная інфраструктура

У рэспубліцы значна ўмацавана і прадаўжае развівацца матэрыяльна-тэхнічная база спорту. У краіне функцыянуюць больш як 23 тысячы фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Кожны абласны цэнтр Беларусі мае ўласны палац спорту, крытую лядовую пляцоўку. Усё больш буйных аб'ектаў будуецца ў рэгіёнах.

За апошнія гады ўведзены ў эксплуатацыю культурна-забаўляльны спартыўны комплекс "Чыжоўка-Арэна", фізкультурна-аздараўленчы комплекс з аквазонай і сацыяльна-абслуговай інфраструктурай (аквапарк "Лябяжы"), шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Мандарын", вучэбна-трэніровачны цэнтр фрыстайла са спартыўна-аздараўленчым комплексам у г.Мінску; фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў г.Беразіно, г.Барысаве, г.Стоўбцы, г.Чэрвень, г.Брэсце, г.Століне; г.п. Краснаполле Магілёўскай вобласці, п. Раўбічы Мінскай вобласці; спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту з лыжаролернай трасай у г. Орша; стадыёны ў г.Баранавічы, г.Ліда, г.Барысаве і іншыя збудаванні.

Для прафесійных спартсменаў і аматараў у Беларусі нямала спартыўных збудаванняў сусветнага класа. Сярод іх:

На "Мінск-Арэне" і ў спартыўным комплексе "Чыжоўка-Арэна" праходзілі асноўныя матчы Чэмпіянату свету па хакеі-2014, які прымала Рэспубліка Беларусь. Абедзве арэны размешчаны ў Мінску, недалёка ад гасцініц і іншых ключавых аб'ектаў. Рашэнне Кангрэса Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай правесці Чэмпіянат свету па хакеі-2014 у Беларусі з'яўляецца прызнаннем высокага ўзроўню развіцця беларускага хакея, значных поспехаў у стварэнні сучаснай гульнявой базы.

Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года

У 2014 годзе чэмпіянат свету па хакеі ўпершыню прайшоў у Беларусі. Такое рашэнне было прынята ў маі 2009 года на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай (ІІХФ). Па выніках галасавання ў падтрымку Рэспублікі Беларусь было аддадзена 75 галасоў са 105 магчымых.

Міжнародная федэрацыя хакея заўсёды звяртала ўвагу на магчымасці Беларусі пры правядзенні прэстыжных спаборніцтваў. Толькі ў 2004 годзе ў Беларусі праходзілі дзве буйныя падзеі – Суперфінал Кантынентальнага кубка і Чэмпіянат свету ІІХФ сярод юніёраў. З таго часу Беларусь неаднаразова прымала хакейныя турніры.

78-ы Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай прайшоў у Мінску з 9 па 25 мая 2014 года. У ім прынялі ўдзел 16 нацыянальных каманд. Афіцыйным талісманам чэмпіянату свету па хакеі з шайбай-2014 стаў зубр па імені Волат.

На час турніру Беларусь устанавіла бязвізавы парадак уезду ў перыяд з 25 красавіка па 31 мая 2014 года для афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі і замежных турыстаў. Адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Падставай для бязвізавага ўезду ў Беларусь для афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату было ўключэнне іх у спісы афіцыйнай акрэдытацыйнай сістэмы чэмпіянату Міжнароднай федэрацыі хакея, а для турыстаў – наяўнасць арыгінальнага або электроннага білета на матчы чэмпіянату.

Беларускія спартсмены на Алімпіядах

Беларускія спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях з 1952 года. Спартыўныя подзвігі трохразовага пераможцы Алімпійскіх гульняў барца Аляксандра Мядзведзя, чатырохразовых уладальнікаў алімпійскага золата гімнасткі Вольгі Корбут і фехтавальшчыцы Алены Бяловай, пяціразовай алімпійскай чэмпіёнкі Нэлі Кім, шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы і многіх іншых праслаўленых беларускіх спартсменаў залатымі літарамі ўпісаны ў алімпійскую гісторыю.

Самастойнай камандай беларускія спартсмены пачалі выступаць на Гульнях з 1994 года. З гэтага часу алімпійскімі чэмпіёнамі і прызёрамі сталі 92 чалавекі. Яны заваявалі 87 алімпійскіх медалёў: 13 залатых, 29 сярэбраных і 45 бронзавых. Алімпійскае золата ў Беларусь прывезлі Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае, 1996, 2000), Эліна Зверава (лёгкая атлетыка, дыск, 2000), Яніна Карольчык (лёгкая атлетыка, ядро, 2000), Ігар Макараў (дзюдо, 2004), Юлія Несцярэнка (лёгкая атлетыка, 100 м, 2004), Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў і Раман Петрушэнка (веславанне на байдарцы, чацвёрка, 2008), Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка, 2008), Аляксандр і Андрэй Багдановічы (веславанне на каноэ, двойка, 2008), Аксана Мянькова (лёгкая атлетыка, молат, 2008), Вікторыя Азаранка і Максім Мірны (тэніс, мікст, 2012), Сяргей Мартынаў (стральба кулявая, 2012), Аляксей Грышын (фрыстайл, 2010).

Асабліва памятна беларусам першае алімпійскае золата, якое заваявала для суверэннай краіны Кацярына Карстэн, золата Аляксея Грышына – першага ў гісторыі беларускага спорту чэмпіёна зімовых Алімпійскіх гульняў, сенсацыйная перамога на стаметроўцы бягунні з Брэста Юліі Несцярэнка, перамога Сяргея Мартынава, які ўстанавіў на Алімпіядзе новы сусветны рэкорд.

Зімовыя Алімпійскія гульні-2014 у Сочы сталі самымі паспяховымі ў гісторыі беларускага спорту. Нашы спартсмены заваявалі 5 залатых медалёў (Дар'я Домрачава - 3, па адной узнагародзе ў Алы Цупер і Антона Кушніра) і адзін бронзавы (Надзея Скардзіна). Трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы Дар'і Домрачавай прысвоена званне Героя Беларусі.

На летніх Алімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларускія спартсмены заваявалі 9 медалёў: 1 залаты медаль (Уладзіслаў Ганчароў), 4 сярэбраныя медалі (Дар'я Навумава, Вадзім Стральцоў, Марыя Мамашук, Іван Ціхан), 4 бронзавыя медалі (Аляксандра Герасіменя, Ібрагім Саідаў, Джавід Гамзатаў, жаночая нацыянальная каманда па веславанні на байдарках і каноэ - Маргарыта Махнёва, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук).

Гонар і павагу выклікаюць высокія вынікі беларускіх паралімпійцаў. На Гульнях-2010 у Ванкуверы беларусы заваявалі 9 медалёў - 2 залатыя і 7 бронзавых. На летняй Паралімпіядзе-2012 у Лондане Беларусь заваявала 10 медалёў (5 залатых, 2 сярэбраныя, 3 бронзавыя) і размясцілася на 25-м месцы падагульняючага заліку. Беларускі плывец Ігар Бокій выйграў пяць залатых медалёў Паралімпіяды, прычым на дыстанцыі 200 м комплексам ён устанавіў новы сусветны рэкорд. На XV летніх Паралімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларуская зборная заваявала 10 медалёў: 8 залатых (Ігар Бокій - 6, Андрэй Праневіч - 1, Уладзімір Ізотаў - 1), 2 бронзавыя (Аляксандр Трыпуць, Ігар Бокій). Ігар Бокій заваяваў на гэтых гульнях свой шосты тытул чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў.

У Рэспубліцы Беларусь культывуецца больш як 130 відаў спорту. У кожнага віду спорту ёсць прыхільнікі, свае слаўныя моманты гісторыі і яркія імёны, каб пералічыць іх спатрэбяцца сотні старонак.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь