Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Аляксандр Лукашэнка ўручае спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва загадчыцы кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Альбіне Пякуцька, 9 студзеня 2013 года
Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва заснаваны ў 1998 годзе.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь уручае 10 спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва.
Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва прысуджаецца штогод за выдатныя дасягненні ў галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога мастацтва, архітэктуры, дызайну, кінавідэамастацтва, літаратуры, журналістыкі, тэлебачання і радыёвяшчання, крытыкі і мастацтвазнаўства, а таксама народнай і аматарскай мастацкай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне.
На саісканне спецыяльнай прэміі могуць вылучацца дзеячы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры, сродкаў масавай інфармацыі, аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы работнікаў, дасягненні якіх за перыяд з 1 кастрычніка года, што папярэднічае году, за які прысуджаецца спецыяльная прэмія, да 1 кастрычніка года, за які прысуджаецца спецыяльная прэмія, адпавядаюць патрабаванням, прад'яўляемым да саіскальнікаў прэміі.
Прэміі прысуджаюцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважанай iм службовай асобай.
Лаўрэату спецыяльнай прэміі ўручаецца Дыплом лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.