Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Грамадства

Грамадства

Тэрмін "беларус" як саманазва выхадцаў з сучаснай этнічнай тэрыторыі Беларусі ўпершыню пачаў ужывацца ў канцы ХVI стагоддзя. Да канца XIX стагоддзя гэты тэрмін поўнасцю замацаваўся за насельніцтвам сучаснай тэрыторыі Беларусі.
Гродна сустракае ўдзельнікаў і гасцей VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, 4 чэрвеня 2010 года
Гродна сустракае ўдзельнікаў і гасцей VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, 4 чэрвеня 2010 года
Тэрмін "беларус" як сама назва выхадцаў з сучаснай этнічнай тэрыторыі Беларусі ўпершыню пачаў ужывацца ў канцы ХVI стагоддзя. Да канца XIX стагоддзя гэты тэрмін поўнасцю замацаваўся за насельніцтвам сучаснай тэрыторыі Беларусі. Да XVIII стагоддзя разам з азначэннем "беларусы" найбольш часта ўжываліся саманазвы "русіны" і "літвіны".

Беларусы складаюць больш як 80% насельніцтва. У выніку гістарычнага мінулага ў краіне пражываюць рускія, палякі, украінцы, яўрэі, літоўцы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Грамадзянская супольнасць

У Рэспубліцы Беларусь на 1 студзеня 2013 года было зарэгістравана 15 палітычных партый і 1021 партыйная арганізацыя, 2477 грамадскіх аб'яднанняў, з іх 229 міжнародных, 688 рэспубліканскіх і 1560 мясцовых. Зарэгістравана таксама 37 прафсаюзаў, 31 саюз (асацыяцыя), 139 фондаў.

Партыйная сістэма Беларусі прадстаўлена Ліберальна-дэмакратычнай партыяй, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыяй, Беларускай партыяй "Зялёныя", Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай Згоды, Беларускай аграрнай партыяй, Рэспубліканскай партыяй, Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыяй – БНФ, Партыяй БНФ, Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці, Беларускай партыяй левых "Справядлівы свет", Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай патрыятычнай партыяй, Партыяй "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Камуністычнай партыяй Беларусі.

Даволі разнастайная структура грамадскіх арганізацый у Беларусі. Яны ствараюцца па інтарэсах, прафесійнай прыкмеце і іншых крытэрыях. На гэты момант у рэспубліцы дзейнічаюць больш як 2400 такіх арганізацый.

Самае масавае аб'яднанне – Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) – адзіны нацыянальны прафсаюзны цэнтр, рэспубліканскае добраахвотнае незалежнае аб'яднанне галіновых прафсаюзаў, куды ўваходзяць больш як 4 млн. чалавек.

Адным з масавых аб'яднанняў з'яўляецца Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь". Сёння ў аб'яднанне ўваходзяць 6 абласных, гарадскія, раённыя і раённыя ў буйных гарадах арганізацыі. У радах "Белай Русі" больш як 132 тыс. чалавек. Колькасць пярвічных арганізацый – 7 тыс. 175.

У Беларусі працуюць амаль 400 дабрачынных арганізацый. Сярод самых аўтарытэтных – Грамадскае аб'яднанне "Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя", якое з'яўляецца членам Міжнароднага фонду міласэрнасці і здароўя, Еўрапейскага саюза таварыстваў міласэрнасці.

У Беларусі актыўна развіваецца маладзёжны рух. Буйнейшыя і найбольш уплывовыя з арганізацый – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. БРСМ аб'ядноўвае звыш 480 тыс. юнакоў і дзяўчат, у радах піянерскай арганізацыі знаходзяцца больш як 580 тыс. дзяцей і падлеткаў.

Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны прымаюць ветэранскія і экалагічныя арганізацыі. Больш як 100 арганізацый аб'ядноўваюць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей.

У Беларусі дзейнасць палітычных партый, грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь "Аб палітычных партыях", Законам Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях", Законам Рэспублікі Беларусь "Аб прафесійных саюзах".

Адметная асаблівасць навейшай палітычнай гісторыі Беларусі – выкарыстанне ўстаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі 1996 года форм непасрэднай дэмакратыі, сярод якіх трэба асабліва адзначыць рэферэндум, выбары і усебеларускія сходы.

Сацыяльная палітыка

Для сучаснай Беларусі характэрны высокі ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва, якая забяспечваецца дзяржавай. Кожны жыхар краіны мае права на якасную бясплатную ахову здароўя і адукацыю.

Шматдзетныя сем'і атрымліваюць ільготнае жыллё ад дзяржавы, маці выдзяляюцца розныя дапамогі і магчымасць знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, які аплачваецца на працягу трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці.

Асаблівая падтрымка аказваецца сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва – пенсіянерам, інвалідам, моладзі, жыхарам тэрыторый, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і г.д.

Галоўная мэта беларускай сацыяльнай палітыкі – прадастаўленне кожнаму працаздольнаму чалавеку магчымасці сваёй працай і прадпрымальнасцю стварыць свой сямейны дабрабыт, а непрацаздольным і маючым патрэбу грамадзянам – забяспечыць надзейную сацыяльную абарону. Пры гэтым падтрымка павінна быць выключна адраснай і накіраванай на канкрэтныя, самыя неабароненыя групы і слаі насельніцтва.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 2011 года № 136 зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады. Асноўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады з'яўляецца рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове ўдасканалення сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.

Сацыяльныя гарантыі ў рамках беларускай мадэлі развіцця выяўляюцца:

Важную ролю ў рэалізацыі планамернага курсу на забеспячэнне дабрабыту людзей адыгрывае выкананне ў сацыяльнай сферы мінімальных дзяржаўных стандартаў, якія прадугледжваюць забеспячэнне грамадзян прадуктамі харчавання, цяплом, камунікацыямі, транспартам, бытавымі паслугамі, нармальную работу ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры.

У сістэме матэрыяльнай дапамогі сем'ям з дзецьмі дзяржава выкарыстоўвае льготы па падаткаабкладанні, аплаце за харчаванне дзяцей у дзіцячых дашкольных установах, аплаце за падручнікі і навучальныя дапаможнікі. Значную дапамогу шматдзетным і няпоўным сем'ям аказваюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Планамернасць дзяржаўнага курсу заключаецца і ў падтрымцы таленавітай моладзі, студэнтаў. Створаны не маючы аналагаў на тэрыторыі СНД Спецыяльны Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў рэспубліцы жыхарам сельскай мясцовасці, якія найбольш востра адчуваюць жыццёвыя цяжкасці: неразвітасць сацыяльнай інфраструктуры, транспартных паслуг, бытавога абслугоўвання.

Пастаўлена задача праводзіць работу па ўвядзенні дзяржаўных сацыяльных стандартаў па ўсёй краіне з абавязковым улікам рэгіянальных асаблівасцей. Увядзенне сацыяльных стандартаў накіравана на тое, каб узровень сацыяльнай абароны гарантавана паляпшаўся.

Дэмаграфія

Беларуская дзяржава паслядоўна і мэтанакіравана праводзіць дэмаграфічную палітыку ў краіне. Адна з галоўных мэт палітыкі – змяніць негатыўныя тэндэнцыі дэпапуляцыі.

Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2016 года склала 9 млн 498,4 тыс. чалавек. У параўнанні з 1 студзеня 2015 года жыхароў краіны стала больш на 17,5 тыс. чалавек.

У 2002 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дэмаграфічнай бяспецы". Намаганні дзяржавы накіраваны на павелічэнне нараджальнасці, сярэдняй працягласці жыцця, зніжэнне смяротнасці, правядзенне ўзважанай міграцыйнай палітыкі ў інтарэсах краіны.

Чарговая Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2011–2015 гады ставіць сваёй мэтай стабілізацыю колькасці насельніцтва ў 2015 годзе на ўзроўні 9,44–9,45 млн. чалавек і забеспячэнне пераходу да дэмаграфічнага росту.

Царква і рэлігія

Асаблівасцю Беларусі з'яўляецца поліканфесійны ўклад яе рэлігійнага жыцця.

На тэрыторыі краіны не было рэлігійных войнаў, тут стагоддзямі побач жылі і вызнавалі сваю рэлігію праваслаўныя і католікі, іўдзеі і прыхільнікі ісламу, пратэстанты і ўніяты.

У Рэспубліцы Беларусь створаны спрыяльныя прававыя ўмовы для дзейнасці рэлігійных арганізацый, забеспячэння правоў грамадзян на свабоду веравызнання, захавання міжканфесійнага міру і згоды ў грамадстве, развіцця міжрэлігійнага дыялогу.

Свабода веравызнання ў Беларусі гарантавана Канстытуцыяй краіны. Правы і свабоды вернікаў замацаваны таксама ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях".

Дзяржава падтрымлівае канструктыўныя ініцыятывы прадстаўнікоў розных рэлігій. У той жа час праводзіцца работа па прадухіленні дзейнасці дэструктыўных рэлігійных сект.

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць больш як 3300 рэлігійных арганізацый 25 канфесій і напрамкаў. Сярод іх праваслаўныя абшчыны, рымска-каталіцкія, пяцідзясятніцкія (хрысціяне веры евангельскай), баптысцкія, адвентыстаў сёмага дня, лютэранскія, іўдзейскія, мусульманскія.

Вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны займае Беларуская праваслаўная царква. Яна складае аснову канфесійнай стабільнасці ў рэспубліцы. Сёння БПЦ рэалізуе шэраг праграм узаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання.

Умацоўваюцца пазіцыі Рымска-каталіцкай царквы. Каталіцтва адносіцца да традыцыйных рэлігій Беларусі. Католікі складаюць 14,5% насельніцтва Беларусі (звыш 1,4 млн. чал.). На 1 студзеня 2012 года ў Беларусі налічвалася 479 каталіцкіх прыходаў.

Пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі налічваюць больш як 1 тыс. рэлігійных абшчын, 21 аб'яднанне, 22 місіі.

Гістарычна традыцыйным на тэрыторыі рэспублікі з'яўляецца лютэранства, якое налічвае 27 абшчын.

Найбольш шматлікія сярод пратэстанцкіх напрамкаў – аб'яднанні хрысціян веры евангельскай, евангельскіх хрысціян баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня. Пратэстанцкія абшчыны, як правіла, нешматлікія (20–25 чалавек), выключэнні складаюць абшчыны ў буйных населеных пунктах.

Сёння ў Беларусі шырока прадстаўлены іўдзейскія рэлігійныя аб'яднанні. Паслядоўнікі іўдзейскай веры былі вядомы ў Беларусі яшчэ ў IX–XIII стагоддзях. На гэты дзень у рэспубліцы існуюць больш як 50 іўдзейскіх абшчын, якія маюць 7 культавых будынкаў.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць 25 мусульманскіх рэлігійных абшчын. Найбольшая колькасць зарэгістравана ў Гродзенскай вобласці – 8 абшчын. У краіне дзейнічаюць 6 мячэцей.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка асабіста ўдзяляе пільную ўвагу пытанням дзейнасці рэлігійных арганізацый. Традыцыйнымі сталі сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы і кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы дзяржаўнага кіравання ўзаемадзейнічаюць з рэлігійнымі арганізацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў, прымаюць меры па прадухіленні парушэнняў дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыйнае грамадства

У Беларусі апошнія гады імкліва развіваецца рынак тэлекамунікацый і сувязі, што звязана з глабальнай тэндэнцыяй пераходу ад індустрыяльнага да інфармацыйнага грамадства.

Па індэксе развіцця ІКТ сярод краін свету Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на 36-м месцы са значэннем індэкса 7,18.

У 2015 годзе ў Беларусі да Інтэрнэту было падключана 59,1% дамашніх гаспадарак (сярэдняе значэнне гэтага паказчыка ў свеце - амаль 49%).

На сённяшні дзень у Беларусі паслугамі Інтэрнэту карыстаюцца больш як 62% насельніцтва ва ўзросце 6 гадоў і старэйшым, 67% з іх - штодзень.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь