Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Навука і адукацыя   /  Школьная і дашкольная адукацыя

Школьная і дашкольная адукацыя


У Рэспубліцы Беларусь функцыянуе развітая сістэма агульнай сярэдняй адукацыі. Сучасная мадэль агульнаадукацыйнай школы ўключае пачатковую адукацыю (I–IV класы); базавую адукацыю (V–IX класы); сярэднюю адукацыю (X–XI класы). Школьная адукацыя пачынаецца з 6 гадоў. Агульная базавая адукацыя (I-IX класы) абавязковая.

У 2002 годзе ў Беларусі была ўведзена 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў ва ўстановах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, узамен 5-бальнай сістэмы.

Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Жадаючыя могуць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю ў школе. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з'яўляецца асноўным дакументам, які дае права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову.

Агульная сярэдняя адукацыя - узровень асноўнай адукацыі, накіраваны на духоўна-маральнае і фізічнае развіццё асобы вучня, падрыхтоўку яго да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, авалоданне навучэнцам асновамі навук, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь, навыкамі разумовай і фізічнай працы, фарміраванне маральных перакананняў, культуры паводзін, эстэтычнага густу і здаровага ладу жыцця, гатоўнасці да самастойнага жыццёвага выбару, пачатку працоўнай дзейнасці і прадаўжэння адукацыі.

Агульная сярэдняя адукацыя ўключае тры ступені:

I ступень - пачатковая адукацыя (I - IV класы);

II ступень - базавая адукацыя (V - IX класы);

III ступень - сярэдняя адукацыя (X - XI класы).

I і II ступені агульнай сярэдняй адукацыі складаюць агульную базавую адукацыю.

I, II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі складаюць агульную сярэднюю адукацыю.

На пачатак 2016/2017 навучальнага года ў рэспубліцы налічвалася 3155 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў у іх больш як 982 тыс. чалавек, што на 13 тыс. (на 1,4%) больш, чым на пачатак папярэдняга навучальнага года.

У адпаведнасці з дэмаграфічнай сітуацыяй і патрэбнасцю рэгіёнаў ідзе аптымізацыя і рацыяналізацыя сеткі агульнаадукацыйных устаноў. Пры гэтым улічваюцца як сацыяльныя, эканамічныя, так і дэмаграфічныя фактары рэгіёна.

Адукацыйны працэс у агульнадукацыйных установах арганізаваны ў рэжыме шасцідзённага школьнага тыдня, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і адзін дзень для правядзення з вучнямі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, іншых выхаваўчых мерапрыемстваў, арганізацыі працоўнага навучання, у тым ліку вучэбных заняткаў на вучэбна-вытворчых аб'ектах.

У агульнаадукацыйных установах абавязковымі для навучання з'яўляюцца дзве дзяржаўныя мовы - беларуская і руская, а таксама адна з замежных моў - англійская, нямецкая, французская, іспанская або кітайская.

Забяспечаны правы грамадзян, якія адносяцца да нацыянальных меншасцей, - яны вывучаюць родную мову, культуру і традыцыі свайго народа (грамадзяне польскай, літоўскай, украінскай і іншых нацыянальнасцей).

У вучэбным плане агульнаадукацыйных устаноў прадугледжаны акрамя абавязковых прадметаў факультатыўныя заняткі. Яны праводзяцца па жаданні навучэнцаў у групах па 3-5 чалавек і фінансуюцца з дзяржбюджэту.

У адоранай і таленавітай школьнай моладзі ёсць магчымасць асвойваць вучэбныя праграмы на павышаным узроўні. Узровень адукацыі, яе канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку адукацыйных паслуг стабільна высокія.

У мэтах павышэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі з 2015/2016 навучальнага года пачаты пераход на адносную завершанасць II ступені і ўведзена профільная адукацыя на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. З 1 верасня 2015 года X профільныя класы адкрыты ў 1118 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Вучэбныя прадметы на павышаным узроўні вывучаюць амаль 29 тыс. навучэнцаў X класаў.

З 2015/2016 навучальнага года адкрыты 103 профільныя класы педагагічнай накіраванасці, у якіх 1220 навучэнцаў вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні.

Распрацаваны новыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах і метадычнае забеспячэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Установы агульнай сярэдняй адукацыі ў планавым парадку забяспечваюцца неабходнай вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратурай, умацоўваецца іх вучэбная база.

Дашкольная адукацыя

У краіне добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі. І хоць яна не з'яўляецца абавязковай, большасць дзяцей, перш чым пайсці ў школу, наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Іх работнікі павінны забяспечваць догляд, выхаванне, навучанне, развіццё, аздараўленне і карэкцыю парушэнняў у развіцці дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 6 гадоў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.

Дашкольная адукацыя ажыццяўляецца на базе ясляў, дзіцячых садоў і дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці. Значную частку расходаў на ўтрыманне малышоў у яслях і дзіцячых садах бярэ на сябе дзяржава.

Акрамя вышэйназваных устаноў дашкольнай адукацыі ў Беларусі таксама развіваецца сістэма адкрытай дашкольнай адукацыі, якая падразумявае непасрэдны ўдзел бацькоў у працэсе навучання дзяцей, дзе бацькі выконваюць функцыі памочнікаў выхавальнікаў, кіраўнікоў гурткоў, секцый і студый.

Развіццё сеткі дашкольных устаноў Беларусі характарызуецца ўстойлівым ростам. Ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей у рэспубліцы з'яўляецца адным з самых высокіх сярод краін СНД: ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў - 39,6% (у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 21,7%), ад 3 да 6 гадоў - 95,2% (у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 67,3%). Забяспечаны роўны доступ хлопчыкаў і дзяўчынак да атрымання дашкольнай адукацыі, 100-працэнтны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы.

На пачатак 2016/2017 навучальнага года ў рэспубліцы працавала 3879 устаноў дашкольнай адукацыі з агульнай колькасцю дзяцей 418,1 тыс. чалавек. У бягучым навучальным годзе ўстановы дашкольнай адукацыі наведваюць 75% дзяцей дашкольнага ўзросту. Падрыхтоўкай да школы ў рэспубліцы ахоплены ўсе дзеці пяцігадовага ўзросту.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі краіны створаны здароўезберагальныя ўмовы, дзякуючы якім назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя змяншэння колькасці дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе за год.

Прымаюцца меры па навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь