Дашкольная і агульная сярэдняя адукацыя

Дашкольная адукацыя

Дашкольная адукацыя

У Беларусі добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі. І хоць яна не з'яўляецца абавязковай, большасць дзяцей, перш чым пайсці ў школу, наведваюць установы дашкольнай адукацыі.

Па стане на 5 верасня 2022 г. у рэспубліцы функцыянавала 3 702 установы дашкольнай адукацыі, у якіх налічвалася 378,2 тыс. выхаванцаў. 

Умацаваны лідзіруючыя пазіцыі сярод дзяржаў - удзельніц СНД па ахопе дзяцей ва ўзросце ад 1 года да 6 гадоў, якія наведваюць установы дашкольнай адукацыі. У 2022 годзе ён склаў 89,2%.

Захоўваецца дасягнуты ў папярэднія гады 100%-ы ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Агульная сярэдняя адукацыя

Агульная сярэдняя адукацыя

Навучанне дзяцей у Беларусі пачынаецца з 6 гадоў. Агульная сярэдняя адукацыя прадугледжвае тры ступені: пачатковую, агульную базавую і сярэднюю. Курс базавай школы разлічаны на 9 гадоў, сярэдняй - на 11 гадоў. Атрымаўшы базавую адукацыю, маладыя людзі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне не толькі ў X-XI класах сваёй школы або гімназіі, але і ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з'яўляецца асноўным дакументам, які дае права на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

На пачатак 2022/2023 навучальнага года ў краіне функцыянавала 2900 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць навучэнцаў у іх складала 1 085,6 тыс. чалавек.

З 2002 года ўкаранёна 10-бальная сістэма ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.

Сярод апошніх тэндэнцый сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі - увядзенне профільнага навучання ў старшай школе.

Функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці, навучэнцы якіх, акрамя прадметаў на павышаным узроўні, абавязкова наведваюць факультатыўныя заняткі па такіх напрамках, як педагагічны ("Увядзенне ў педагагічную прафесію"), аграрны ("Увядзенне ў аграрныя прафесіі"), спартыўна-педагагічны ("Увядзенне ў спартыўна-педагагічныя прафесіі").

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі для навучэнцаў X-XI класаў, якія вывучаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні, уведзены прадмет "Працоўнае навучанне". Ён рэалізуе адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых). Асноўнай мэтай працоўнага навучання вучняў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляецца прадастаўленне ім магчымасці атрымаць прафесійныя ўменні і навыкі, асвоіць пэўную прафесію.

У адукацыйны працэс агульнай сярэдняй адукацыі трывала ўвайшлі сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Ідзе фарміраванне воблачнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, якое змяшчае якасныя рэсурсы і паслугі і грунтуецца на сучасных тэхнічных сродках інфармацыі.

Рэспубліка Беларусь упершыню ўдзельнічала ў тэсціраванні PISA. У даследаванні PISA-2018 у нашай краіне прымалі ўдзел 236 устаноў адукацыі. Выбарка ўстаноў і навучэнцаў, якія прынялі ўдзел у даследаванні, ажыццяўлялася выпадковым чынам арганізацыяй Westat (ЗША). Ацэньваліся веды амаль 6 тыс. 15-гадовых школьнікаў: моўная і камп'ютарная адукаванасць, веданне прыродазнаўчых навук. Сярод 79 краін, якія ўдзельнічалі ў 2018 годзе ў PISA, Рэспубліка Беларусь заняла па чытацкай адукаванасці 36-е месца; па матэматычнай адукаванасці 38-е месца; па прыродазнаўча-навуковай адукаванасці 37-е месца.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь рэалізуецца прынцып роўнага доступу да атрымання адукацыі. Важнай умовай рэалізацыі гэтага прынцыпу з'яўляецца навучанне на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і рускай. Абавязковым для вывучэння з'яўляецца таксама адна з замежных моў - англійская, нямецкая, французская, іспанская або кітайская.

З 2015/2016 навучальнага года ідзе паэтапнае абнаўленне змястоўнай часткі агульнай сярэдняй адукацыі, у сувязі з чым абноўлены вучэбныя стандарты, планы і праграмы, падручнікі і вучэбна-метадычныя дапаможнікі. Па новых вучэбных праграмах у 2019/2020 годзе навучаліся I-IX класы. Пераход на новыя праграмы поўнасцю завершаны ў 2021/2022 навучальным годзе.

У новых дапаможніках актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі: рэалізуецца тэхналогія дадатковай рэальнасці, распрацоўваюцца электронныя дадаткі, якія даюць магчымасць працаваць з навучальным дапаможнікам у інтэрактыўным рэжыме; электронныя версіі новых падручнікаў дапоўнены гіперспасылкамі на электронныя адукацыйныя рэсурсы. Электронныя версіі ўсіх падручнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале.

Адукацыйны працэс ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізуецца ў рэжыме шасцідзённага школьнага тыдня, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і адзін дзень (шосты) для правядзення з навучэнцамі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, іншых выхаваўчых мерапрыемстваў, арганізацыі працоўнага навучання.

Спецыяльная адукацыя

Рэспубліка Беларусь дабілася добрых вынікаў у арганізацыі работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку інвалідамі. Забяспечваецца магчымасць атрымання адукацыі ўсімі дзецьмі, незалежна ад характару і ступені выяўленасці існуючых парушэнняў, ад моманту выяўлення парушэння да атрымання прафесійнай адукацыі і працаўладкавання. Ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай у 2021 годзе склаў 99,9%.

Створана сістэма ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, якая забяспечвае не толькі атрыманне адукацыі, але і сацыяльна-педагагічную падтрымку, сацыяльную рэабілітацыю, аказанне псіхалагічнай і карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, персанальнае суправаджэнне ў адукацыйным працэсе.

Больш як 70% дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання.

Функцыянуюць установы спецыяльнай адукацыі, якія канцэнтруюць матэрыяльныя, інфармацыйныя, метадычныя і іншыя рэсурсы па рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з'яўляюцца базай для павышэння якасці спецыяльнай адукацыі, кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Каардынацыю дзейнасці ў сферы спецыяльнай адукацыі ажыццяўляюць цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.